Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Вялікай Брытаніі ў Беларусі абмеркаваў ў Вільні зь літоўскімі парлямэнтарамі праблемы Беларусі


Тацяна Поклад, Вільня Амбасадар Вялікай Брытаніі ў Беларусі Брайан Бэнэт наведваў Літву і сустрэўся зь літоўскімі парлямэнтарамі, каб абмеркаваць дачыненьні краінаў Эўразьвязу зь Беларусьсю і будучыя парлямэнцкія выбары ў Беларусі.

Падчас візыту у Літву амбасадара Вялікай Брытаніі ў Беларусі Брайана Бэнэта адбылася сустрэча зь літоўскімі парлямэнтарамі, на якой адмыслова абмяркоўваліся пытаньні дачыненьняў зь Беларусьсю.

У сустрэчы бралі удзел дэпутаты Сойму Літвы, якія цікавяцца беларускім пытаньнем – у іх ліку Ёнас Чэкуоліс, старшыня парлямэнцкай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, і Вацлаў Станкевіч, які ачольвае парлямэнцкую камісію ў справах НАТО і дэлегацыю Сойму ў Парлямэнцкай асамблеі краінаў Эўразьвязу і Міжземнамор’я.

Вацлаў Станкевіч распавёў, што цягам сустрэчы літоўскіх парлямэнтароў з амбасадарам Вялікай Брытаніі ў Беларусі Брайанам Бэнэтам абмяркоўваліся беларускія актуаліі:

(Станкевіч: ) “Як ідуць справы ў дачыненьнях Беларусі з Эўропай, як Беларусь ставіцца да Эўрапейскіх структураў. Таксама, вядома, размаўлялі наконт будучых выбараў у Беларусі – гэта вельмі важна як для нас, прадстаўнікоў суседніх краінаў, так і для ўсяе Эўропы, і гэта важна і для Беларусі. Мы паразумеліся са спадаром амбасадарам у тым, што і беларускія улады, і Эўрапейскія структуры павінны прыкладаць ўсе намаганьні, каб наступныя парлямэнцкія выбары былі б такімі, каб яны маглі быць прызнаныя свабоднымі, дэмакратычнымі, справядлівымі. Магчыма, гэта будзе выйсьцем з таго тупіковага, цяжкага палітычнага становішча, у якім цяпер знаходзіцца Беларусь”.

Літоўскі парлямэнтар адзначыў спробы афіцыйнай Беларусі будаваць дачыненьні з эўраатлянтычнымі структурамі, але разам з тым і тое, што цяпер ўся Эўропа чакае канкрэтных праяваў дэмакратызацыі Беларусі.

(Станкевіч: ) “Я прысутнічаў на саміце НАТО ў Стамбуле. Беларуская дэлегацыя там брала удзел у паседжаньнях “Партнэрства дзеля міру”, і беларуская дэлегацыя паабяцала, што будзе канструктыўна супрацоўнічаць з НАТО ў гэтым фармаце і ўзяла на сябе канкрэтныя абавязацельствы дзеля стабільнасьці ў Эўра-Атлянтычным рэгіёне, удзелу ў міжнароднай міратворчай місіі ў Аўганістане, – для Беларусі гэта можа даць магчымасьць выйсьці з самаізаляцыі.

Засталося мала часу да выбараў. Як вядома, вельмі шмат нараканьняў мае Эўропа да Беларусі ў дачыненьні да становішча з правамі чалавека, сродкамі масавай інфармацыі. Каб мець станоўчыя зрухі у гэтым накірунку, беларускія ўлады павінны ня толькі абяцаць, але і нешта рабіць канкрэтнае. Мы чакаем канкрэтнае практычнае працы беларускіх уладаў. Зроблены тэарэтычны крок, але цяпер трэба рабіць практычныя крокі. Калі яны будуць зробленыя – у залежнасьці ад гэтага і выбары будуць ўспрынятыя альбо як дэмакратычныя і справядлівыя, альбо наадварот. На сёньняшні дзень практычных крокаў яшчэ ня зроблена”.

Як можа Літва дапамагчы працэсам дэмакратызацыі Беларусі – апрача таго, што гаварыць пра свае жаданьне, каб Беларусь сталася дэмакратычнай краінай?

(Станкевіч: ) “Літва насамрэч гэтага жадае, гэта ж суседняя краіна, нам вельмі важна, каб Беларусь павярнула на дэмакратычны шлях разьвіцьця. Я кажу адкрыта, – мы дапамагаем апазыцыі, але мы размаўляем і зь беларускімі ўладамі. Нядаўна беларускі віцэ-прэм’ер быў у Літве, і ў маёй роднай Клайпедзе сустракаўся з нашым прэм’ерам... Мы як суседняя краіна імкнёмся і праз эканоміку, ня толькі праз палітыку, спрыяць дэмакратычнаму разьвіцьцю ў Беларусі. Мы вельмі зацікаўленыя ў супрацоўніцтве зь Беларусьсю. Нашыя ўзаемныя дачыненьні зь Беларусьсю карысныя і Літве, і Беларусі”.

На фотаздымку: Вацлаў Станкевіч, дэпутат лістоўскага Сойму, старшыня парлямэнцкую камісію ў справах НАТО, старшыня дэлегацыі Сойму ў Парлямэнцкай асамблеі краінаў Эўразьвязу і Міжземнамор’я.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG