Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея дасьць Беларусі 175 мільёнаў даляраў


Юлія Шарова, Менск Беларусь і Расея ўзгаднілі ўмовы крэдыту, прызначанага для аплаты паставак прыроднага газу. Аналітыкі мяркуюць, што такім чынам Расея імкнецца пазьбегнуць праблем з экспартам газу на Захад і дамагчыся таго, каб паміж “Газпрамам” і “Белтрансгазам” ня ўзьнікала фінансавых рознагалосьсяў.

Расейскі крэдыт сягае 175 мільёнаў даляраў і разьлічаны на 6 гадоў. З гэтых грошай 150 мільёнаў пойдуць непасрэдна на аплату даставак газу, а 25 – на падтрыманьне збалянсаванага тавараабарачэньня паміж дзьвюма краінамі. Раней меркавалася, што крэдыт будзе большым – 200 мільёнаў, але потым расейцы зьменшылі суму, бо сёлета Беларусь набывае паліва ў Газпраму не за 50 даляраў, а прыблізна за 47.

Аналітык расейскай кампаніі “Тройка-дыялёг” Валер Несьцераў лічыць, што гэты крэдыт дапаможа Беларусі адаптавацца да больш высокіх коштаў на газ. Летась тысяча кубамэтраў каштавала 30 даляраў, цяпер – у паўтара раза болей. Да таго ж, Расеі палітычна важна захаваць добрыя стасункі з заходняй суседкай.

(Несьцераў: ) Адносіны зь Беларусьсю стратэгічна важныя. У тым ліку мае значэньне й тое, што Беларусь зьяўляецца краінай-транзытэрам, празь ейную тэрыторыю транспартуецца каля 15 адсоткаў расейскага газу, дастаўлянага ў Эўропу. Таму, падтрымліваючы беларускіх спажыўцоў, Газпрам у некаторай ступені падтрымлівае стабільнасьць расейскага экспарту ў Эўропу, што яшчэ больш важна.

175 мільёнаў даляраў на “газавы” крэдыт не закладаліся ў расейскі бюджэт-2004. Спадар Несьцераў мяркуе, аднак, што сёлета паступленьні будуць добрыя, і таму Расея страт не пацерпіць. Прадстаўнікі расейскага Мінфіну пры гэтым заяўлялі пра насьпеласьць перагляду выдаткаў на гэты год. Варта заўважыць, што грошы фактычна ня сыдуць з Расеі: іх будуць пераводзіць непасрэдна ў Газпрам, які цяпер дастаўляе ў Беларусь газ.

Аглядальнік штотыднёвіка “Белорусский рынок” Тацяна Манёнак называе крэдыт спрыяльным і ня бачыць прычын для таго, каб яго ня браць. Нельга казаць і пра тое, што Беларусь трапіць у нейкую пастку й потым з боку Расеі будзе ціск. Крэдытная дамоўленасьць, аднак, можа прыўнесьці зьмены ва ўзаемадачыненьні краінаў.

(Манёнак: ) Яна будзе абавязваць беларускі бок сапраўды займацца тымі праектамі, якія цікавяць насамрэч Газпрам, і прыватызаваць “Белтрансгаз”. Ад гэтага нікуды не падзецца. Канечне, цяпер крыху лягчэй: спрыяе кан’юнктура, спрыяе рост попыту на беларускія тавары на расейскім рынку й нават на ўсясьветных рынках. Але ж трэба разумець, што беларуская эканоміка – гэта самаедзкая эканоміка, і гэтыя рэсурсы вычарпальныя, і ўрэшце створыцца такая сытуацыя, якая вымусіць беларускі бок пайсьці на саступкі Газпраму, і тады будуць перагледжаны ўмовы крэдыту – ня выключана.

Што да коштаў на газ у будучыні, то тут – кажа спадарыня Манёнак – усё будзе залежаць ад гатовасьці Беларусі ісьці на саступкі Газпраму.
XS
SM
MD
LG