Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міністар юстыцыі пагражае санкцыямі за ўдзел у кааліцыі “5 плюс”


Любоў Лунёва, Менск Міністар юстыцыі Віктар Галаванаў паведаміў, што да кааліцыі "5 плюс", калі яна тэрмінова не зарэгіструецца як грамадзкае аб''яднаньне, будуць зроблены захады пакараньня як да парушальнікаў заканадаўства. У часе прэсавай канфэрэнцыі ён запэўніў журналістаў, што ніякіх перашкод для рэгістрацыі няма.

Міністар юстыцыі Віктар Галаванаў папярэджваў палітычныя партыі пра патрэбу рэгістрацыі кааліцыі "5 плюс" як грамадзкага аб''яднаньня. Але лідэры апазыцыйных партыяў спаслаліся на тое, што ў кааліцыю ўваходзяць асобныя прадстаўнікі партыяў і нават у пратаколах паседжаньняў няма зьвестак аб тым, ці прыняла пэўная партыя рашэньне ўдзельнічаць у кааліцыі. На пытаньне: "Якім чынам Міністэрства юстыцыі будзе вызначаць, што партыя ўдзельнічае ў кааліцыі?", сп. Галаванаў адказаў:

(Галаванаў: ) "У нас ёсьць фотаздымак, надрукаваны ў газэтах, якім практычна ўзаконьваецца гэтая кааліцыя. На першым пляне сядзяць вядомыя палітыкі. Гэта, па-першае; а па-другое, ёсьць выказваньні асобных кіраўнікоў палітычных партыяў наконт уваходжаньня ў гэтую кааліцыю. А тое, што яны не правялі гэтага рашэньня адпаведным чынам і не разгледзелі яго ў сваіх кіроўных органах, ёсьць сьведчаньнем парушэньня дзейнага заканадаўства. Але справа ня ў гэтым, а ў тым, што яна (кааліцыя) мусіць быць узаконена, як таго патрабуе заканадаўства".

Міністар юстыцыі паведаміў, што да сярэдзіны жніўня пытаньне з рэгістрацыяй мусіць быць вырашана.

(Галаванаў: ) "Мы далі палітычным партыям тэрміны, цалкам рэальныя, каб яны ў вызначаным парадку правялі свае канфэрэнцыі, з''езды, рады й вызначыліся наконт удзелу ў гэтай кааліцыі "5 плюс". Мы нават далі тэрмін ня месяц, а болей... Недзе да сярэдзіны жніўня. Калі яны гэтага ня выканаюць, то іхныя паводзіны будуць расцэньвацца як парушэньне дзейнага заканадаўства. Якія будуць ужыты санкцыі? Цяпер пра гэта цяжка казаць. Падумаем".

Адмыслоўцы даволі высока ацэньваюць дзейны Крымінальны кодэкс Беларусі, адзначаючы ягоны дастаткова лібэральны характар.

Але ў дакумэнт неаднаразова прыўносіліся зьмены й дадаткі, у выніку чаго Кодэкс стаў нагадваць ранейшы, які дзейнічаў з 1969 году. На пытаньне, з чыёй ініцыятывы й навошта робяцца гэтыя зьмены, міністар Галаванаў адказаў:

(Галаванаў: ) "Там было шмат новаўвядзеньняў, якія ў значнай ступені былі даволі дэмакратычныя й абаранялі правы грамадзян – у тым ліку й тых, хто знаходзіўся ў месцах пазбаўленьня волі. Што тычыцца цяперашніх зьмен, то тут ініцыятарам былі ня столькі Міністэрства юстыцыі, колькі Вярхоўны суд і пракуратура. Палохацца ўчыненьня зьмен у дзейным заканадаўстве ня трэба".

Кіраўнік упраўленьня Міністэрства ў арганізацыі працы судоў Аляксандар Сіманаў дадаў:

(Сіманаў: ) "Зьмяняюцца грамадзкія зносіны, зьмяняецца й закон. Зьмяніліся, так бы мовіць, абставіны – мы прынялі рашэньне, зыходзячы з практыкі, сьледчай і судовай, прыўнесьці зьмены й у закон. Ніякіх страхаў не павінна быць, што нібыта будуць парушаць правы грамадзян, альбо што гэтая сытуацыя робіцца дзеля аднаго з бакоў".
XS
SM
MD
LG