Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 14 ліпеня


Зьміцер Падбярэскі, Менск Што пісала “Беларуская крыніца” ў 1934 годзе? “Советская Белоруссия” ў 1974? “Рэспубліка” ў 1994?

“Беларуская крыніца” ў гэтыя дні 1934 году адкрывае прыхаваную сутнасьць савецкай улады: “Тарашкевіч праехаў праз Менск, не паказаўшыся з цягніка. Ніхто Тарашкевіча не сустрачаў на вакзале, як гэта рабілася бальшавікамі раней, калі прыбывалі да іх цяперашнія ўжо іх палітычныя арыштанты, былыя беларускія паслы ў Польскі Сойм. Тарашкевіча павязьлі проста ў Маскву. Тарашкевіч знаходзіцца пад “апекай” ГПУ, хоць можа крыху і мягчэйшай, як яго ранейшыя таварышы – грамадоўцы. У Менску аб Тарашкевічу нікому “знать не велено”. Былыя паслы ды грамадоўцы – Рак-Міхайлоўскі, Мятла, Бурсевіч, Дварчанін, Гаўрылюк, Валошын – высланыя на Салаўкі на 10 гадоў”.

“Советская Белоруссия”, 1974 год. Падаецца інфармацыя пра так і ня зьдзейсьненыя дагэтуль задумы: “Прынята прапанова Міністэрства культуры БССР, Дзяржбуду рэспублікі, Менскага гарвыканкаму й Саюзу архітэктараў БССР аб правядзеньні адкрытага конкурсу на эскізны праект будынку Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы ў Менску. Арганізацыя й правядзеньне конкурсу ўскладзены на Міністэрства культуры БССР, Дзяржбуд рэспублікі, Менскі гарвыканкам і Саюз архітэктараў Беларусі. Ім даручана зацьвердзіць праграму й умовы конкурсу, а таксама стварыць журы”.

“Рэспубліка”, 1994 год. Надрукавана заява Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь: “10 ліпеня 1994 года народ зрабіў выбар, даверыўшы свой лёс на выбарах першага Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку. Для мяне асабіста гэта не толькі выказваньне народнага даверу, але і надзвычайная адказнасць перад грамадзянамі Беларусі. Дзякую выбаршчыкам і спадзяюся, што сваёй працай я здолею апраўдаць іх выбар. Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь будзе стаяць на варце Канстытуцыі і законаў рэспублікі, выступаць гарантам яе дзяржаўнасьці і бясьпекі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG