Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі беларускіх спартоўцаў паедзе на Алімпіяду?


Уладзімер Глод, Менск Пакуль дакладна невядома, колькі беларускіх спартоўцаў паедзе на алімпійскійя гульні ў Афіны: лічба гэтая час ад часу зьмяняецца. Напрыклад, на мінулым тыдні казалі, што алімпійцаў-спартоўцаў будзе 149. Цяпер узьніклі новыя дадзеныя – 152. Менавіта гэтую лічбу называе генэральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэту Анатоль Іваноў.

Сьпіс, куды акрамя спартоўцаў уключаныя трэнэры, лекары ды іншыя афіцыйныя асобы, перададзены на разгляд прэзыдэнту Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аляксандру Лукашэнку. Падобна, што дакладны склад беларускай дэлегацыі стане вядомым не раней за 22 ліпеня, калі пройдзе сумесная калегія Міністэрства спорту і турызму і Нацыянальнага алімпійскага камітэту. А пакуль вядома, што прадстаўнікі Беларусі маюць алімпійскія ліцэнзіі ў 23 спартовых дысцыплінах: ад боксу да фэхтаваньня.

Ужо неаднаразова казалася пра тое, што Аляксандр Лукашэнка патрабуе, каб беларускія алімпійцы прывезьлі са сталіцы Грэцыі ня менш за 25 мэдалёў. А колькі ўзнагарод мелі спартоўцы Беларусі на іншых Алімпійскіх гульнях?

Упершыню як самастойная краіна Беларусь на вышэйшым спартовым форуме была прадстаўленая ў лютым 1994 году, калі ў Нарвэгіі адбываліся зімовыя алімпійскія гульні. Вось колькасьць узнагародаў, якія беларускія спартоўцы здабылі менавіта на летніх Алімпіядах. 1996 год – Атлянта (ЗША) – 15 мэдалёў: 1 залаты Кацярыны Хадатовіч, 6 – сярэбраных, 8 бронзавых, зь якіх 4 на рахунку Віталя Шчэрбы. 2000 год – Сіднэй (Аўстралія) – 17 мэдалёў: 3 залатых – Кацярыны Карстэн-Хадатовіч, Яніны Карольчык і Эліны Зьверавай, 3 – сярэбраных і 11 – бронзавых. Нельга не заўважыць, што залатыя мэдалі атрымлівае пакуль выключна жаночая частка алімпійскай каманды Беларусі.
XS
SM
MD
LG