Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць што рабіць дзіцяці ў беларускім горадзе ўлетку?


Сьвятлана Курс, Менск Сацыёлягі сьведчаць: штогод ад 10 да 20 % гарадзкіх дзяцей нікуды ня выяжджаюць на адпачынак. Чым яны займаюцца ў дварох і на вуліцах, і што ім пагражае?

Спэцыялісты міністэрства ўнутраных справаў кажуць, што бальшыня выпадкаў дзіцячага траўматызму акурат прыпадае на лета, на ліпень-жнівень. Большая частка зь пацярпелых дзяцей – хлопчыкі ва ўзросьце 8-11 гадоў. Чамусьці менавіта гэтую катэгорыю дзяцей бацькі кідаюць без нагляду на цэлы дзень. Я навылёт прайшла хрушчобаўскі мікрараён, і ў кожным двары назірала аднолькавую карціну: дзяўчаткі гуляюць на вачох бабуляў. А хлопчыкамі не займаецца ніхто.

(Дзяніс, 9 год: ) “Люблю пабегаць вакол школы, на чарэшнях палазіць. Гуляем у “суп кіпіць”, хованкі, у кіча гуляем”.

(10-гадовыя Іван і Валерык: ) “Купаемся, катаемся на роварах. У “Дваццаць адзін гуляем”, у “Квадрат”, кідаеш мяч у кола, калі адбіваюць, калі мяч патрапіць у тваю зону, то табе гол”.

(Міша, 11 год: ) “У футбол гуляем, у даганялкі, у бадмінтон і валейбол”.

Хлопчыкі больш рухавыя й рызыкоўныя за дзяўчынак. Яны лазяць па дрэвах, абы-як перабягаюць вуліцу. Гойсаюць на роварах, скутэрах і ролікавых каньках. Дзяўчынкі ж нешта ціха абмяркоўваюць на лавачцы. Ніхто нават ня скача пад скакалку альбо ў клясыкі.

(Дзяўчынка: ) “Я ня вельмі ўмею на скакалцы, але ў мяне ў клясе дзяўчынкі практычна ўсе умеюць…”

(Карэспандэнтка: ) “А ў лялькі ты любіш гуляць?”

(Дзяўчынка: ) “Трошкі”.

Баба Тоня з унучкай ціхмяна кормяць галубоў.

(Баба Тоня: ) “Мае дзеці гадаваліся ў вёсцы. Езьдзілі на конях, буракі палолі, давалі многа сотак, памагалі бабулі. Брудныя былі ўсе, усе займаліся сельскай гаспадаркай. Ня тое, што зараз…”

(Карэспандэнтка: ) “А зараз што?”

(Баба Тоня: ) “А зараз што? Галубоў кормяць…”

(Даша: ) “Я люблю гуляць зь сяброўкай Таняй. Малюем клясыкі на асфальце й гуляем. Ну, бывае, што мы падбіваем бляшаначкі, але бабулі нам гэта забараняюць”.

(Карэспандэнтка: ) “А чаму?”

(Баба Тоня: ) “Ну нельга ж займацца такім. Выхоўваем. Што ж рабіць?”

Дарослыя не ўхваляюць, калі дзяўчынка шуміць, гуляе ў брудныя гульні. Лічыцца, што яна павінна быць сапраўднай паненкай і заўсёды мець чыстае і неірванае адзеньне. Такім чынам, калі хлопчыкаў апякаюць замала, то дзяўчынак апякаюць занадта.

А ці маюць гарадзкія дзеці куды падацца? Бальшыня сэкцыяў, гурткоў, спартовых школ зачыненая на лета – у пэрсанала адпачынак, але штосьці ўсё ж працуе. Ёсьць дзяржаўныя лягеры. Але ў асноўным працуюць прыватныя ўстановы, большасьць зь якіх платная. Да прыкладу, дзіцячыя сэкцыі каратэ й тэквандо. Аднак, на жаль, ня кожная сям’я ў стане выдаткавацца на гэтыя сэкцыі й лягеры.
XS
SM
MD
LG