Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі канал НТВ: ніякай болей “Свободы слова”


Ігар Карней, Менск У расейскім тэлевізійным эфіры адбываюцца істотныя зьмены. На адным з найбольш папулярных расейскіх тэлеканалаў, НТВ, зачыненыя альбо знаходзяцца на мяжы закрыцьця некалькі самых рэйтынгавых праграмаў. Пасьля адмаўленьня ад паслугаў журналіста і вядучага штотыднёвай праграмы “Намедни” Леаніда Парфёнава новае кіраўніцтва каналу ўжо скасоўвае ток-шоў Савіка Шустара “Свабода слова”, а таксама праграму “Личный вклад”. У агляднай пэрспэктыве такі ж лёс чакае штовечаровую інфармацыйную перадачу “Страна и мир” і праграму “Красная стрела”. Супрацоўнікі НТВ не хаваюць, што расейскія каналы паступова робяцца падобнымі адзін да другога, а з гледзішча лаяльнасьці да ўлады ўсё больш набліжаюцца да беларускіх.

Расейскі тэлеканал НТВ таксама вельмі папулярны ў Беларусі, прычым менавіта з-за ягонай дэмакратычнасьці і незалежнасьці ад уладаў. Таму закрыцьцё шэрагу папулярных праграмаў НТВ на тле безаблічнага, падуладнага афіцыёзу беларускага тэлебачаньня выклікае ў жыхароў Беларусі шчырае абурэньне. На інтэрнэт-партале “ТUT.by” з гэтай нагоды распачалася дыскусія. Вось рэакцыя аднаго беларуса: “Мне за краіну крыўдна: паглядзіш на нашыя СМІ і плакаць хочацца – суцэльныя падлізы і папугаі”.

Шэраг супрацоўнікаў самой тэлекампаніі НТВ перакананыя, што закрыцьцё папулярных перадачаў глядацкага рэйтынгу каналу дакладна не дадасьць. Рэжысэр-пастаноўшчык праграмы “Свобода слова” Ігар Зімакоў паставіўся да сытуацыі па-філязофску:

(Зімакоў: ) “Можна драматызаваць сытуацыю, можна не драматызаваць. Але ў дадзеным выпадку яна такая, якая ёсьць. І толькі далейшыя падзеі пакажуць, мелі мы рацыю, альбо – не”.

Я запытаўся ў спадара Зімакова, ці сапраўды палітычнае ток-шоў Савіка Шустара “Свобода слова” выйшла ў мінулую пятніцу на НТВ у апошні раз, і што зьбіраецца рабіць сам Шустар, якому, паводле расейскіх СМІ, ужо прапанаванае месца ў кіраўніцтве каналу?

(Зімакоў: ) “Ну, так, яна была апошняй. Савік пакуль застаецца на канале. Ці доўга – цяжка сказаць, але пакуль так. Зазіраць наперад надоўга і далёка я ня стаў бы. Гэтак жа, як нельга нічога сказаць і датычна ягоных аўтарскіх эфірных праграмаў. Зрэшты, зусім невядомы лёс і шэрагу іншых праграмаў: мяркую, ня будзе і папулярнай вечаровай праграмы “Страна и мир”. Праграмы Аляксандра Герасімава “Личный вклад” ня будзе дакладна. Тэлебачаньне уніфікуецца дарэшты. Што тут хаваць? Яно уніфікуецца, і ў гэтым сэнсе робіцца болей прадказальным, болей сэрвільным, робіцца мяккім у стаўленьні да ўлады. Напэўна, гэта праўда”.

Нібы ў пацьверджаньне гэтага, газэта “Известия” зьмясьціла вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня, якія сьведчаць аб тым, што расейскія тэлегледачы салідарныя ў сваіх высновах: расейскія каналы губляюць незалежнасьць і паводле сваёй залежнасьці ад улады вяртаюцца ў часы СССР.

Беларускія незалежныя журналісты, ацэньваючы зьмены, што адбываюцца апошнім часам на расейскіх тэлеканалах, працягваюць лягічны ланцужок і кажуць пра ўжо відавочнае падабенства паміж расейскімі і беларускімі тэлевізійнымі каналамі, якія цягам апошняга дзесяцігодзьдзя страцілі здольнасьць да плюралізму думак. Паслухаем меркаваньне беларускага журналіста, рэдактара газэты “Салідарнасьць” Аляксандра Старыкевіча:

(Старыкевіч: ) “Выглядае, што сытуацыя ў Расеі разгортваецца па тым жа сцэнары, што і ў нас. Хіба што ў нас ніколі не было сапраўднага дэмакратычнага тэлебачаньня, да якога мелі б доступ самыя розныя палітычныя сілы і дзе выказваліся б самыя розныя думкі. Аднак, тыя тэхналёгіі, якія распрацоўваюцца ў Беларусі і праходзяць тут апрабацыю, досыць часта пераносяцца на расейскую глебу. І зараз мы назіраем гэта на сродках масавай інфармацыі. Расейскія ўлады, як і іх калегі зь Менску, ужо нават не зьвяртаюць увагі на грамадзкую думку – проста ідзе зачыстка інфармацыйнай прасторы”.

Савік Шустар – аўтар перадачы-ізгоя – быў мінулай восеньню ў Менску, дзе зрабіў апошнюю выязную перадачу “Свобода слова”. Тады, калі адміністрацыя Лукашэнкі фільтравала беларускі склад удзельнікаў ягонага шоў, папулярны тэлевядучы быў зьдзіўлены і абураны несвабодай слова ў Беларусі. Наўрад ці ён думаў, што ягоная “свобода слова” сканае ў Расеі так хутка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG