Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія інтэлектуалы спадзяюцца супольнымі сіламі “Разбурыць Парыж”


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня ў пушкінскай бібліятэцы Менску адбудзецца прэзэнтацыя кнігі вядомага літаратара, філёзафа й культуроляга Валянціна Акудовіча, якая называецца “Разбурыць Парыж”. Кніга выйшла ў недзяржаўным выдавецтве “Логвінаў” у сэрыі “Другі фронт мастацтваў” і ацэненая крытыкамі як неардынарная зьява ў сучаснай літаратуры.

Кнігу складаюць эсэ, напісаныя аўтарам ад пачатку 90-х гадоў, многія зь якія прысьвечаныя вядомым у краіне літаратарам: Уладзімеру Арлову, Валянціне Аксак, Адаму Глёбусу, Сяргею Дубаўцу, Славаміру Адамовічу й іншым. Некаторыя з гэтых эсэ друкаваліся асобнымі часткамі ў айчынным і замежным друку й былі высока ацэненыя крытыкамі. У прыватнасьці, адмыслоўцы кажуць, што кніга ёсьць ня толькі літаратурнай, але й культуралягічнай зьявай, што гэта філязофскі й нестандартны погляд на сучаснасьць. Сам аўтар называе яе “інтэлектоўнай гісторыяй пэрыяду сучаснага Адраджэньня Беларусі”. Прапаную паслухаць што пра “Разбурэньне Парыжу” кажа каардынатар праекту выдавецтва “Логвінаў”, вядомы паэт-пэрформэр Зьміцер Вішнёў.

(Вішнёў:) “Акудовіч – адзін зь нямногіх інтэлектуальных аўтараў, якія працуюць у эўрапейскім дыскурсе. Гэта ў першую чаргу – асэнсаваньне рэчаіснасьці, у якой жывем мы. На мой погляд, кніга сапраўды будзе мець рэзананс у грамадзтве, бо шмат хто задаволены, што гэтая кніга нарэшце выйшла. Цяжка казаць пра літаратуру філязофскую й інтэлектуальную, якую піша Акудовіч. Найлепш гэта прачытаць і, магчыма, зразумець”.

“Разбурэньне Парыжу” можна будзе набыць у часе сёньняшняй прэзэнтацыі, а неўзабаве – у крамах Менску. Што да “агрэсіўнай” назвы кнігі, то спадар Акудовіч кажа, што зь ёю зьвязаныя нават анэкдатычныя выпадкі, якія здараліся за мяжой. Да прыкладу, падчас адной зь дыскусіяў, якая адбывалася ў Нямеччыне, была ўзгаданая назва гэтай кнігі. Які там усчаўся вэрхал! – кажа спадар Акудовіч. Маўляў – увесь сьвет змагаецца з тэрарызмам, а тут – “Разбурыць Парыж”. Але падтэкст гэтай назвы, натуральна ж, іншы. І вось як яго тлумачыць сам аўтар.

(Акудовіч: ) “Зразумела, што гэта мэтафара, якая ідзе ад вядомага “Карфаген мусіць быць разбураны.” Гаворка вядзецца пра бурэньне старых трухлявых сьценаў, якія могуць абваліцца й прыдушыць новае жывое. Ізноў жа – мэтафарай тлумачу мэтафару. Гэта ў пэўным сэнсе – падсумаваньне вялікай эпохі буры й націску ад пачатку перабудовы й да нашага часу. Гэта інтэлектоўная гісторыя эпохі вялікіх пераменаў. Менавіта – інтэлектоўная гісторыя”.

Кніга не выпадкова будзе прэзэнтавацца менавіта сёньня, 14 ліпеня, бо гэта дзень зруйнаваньня Бастыліі – кажа вялікі аматар пэрформансаў спадар Вішнёў. Менавіта ён, а таксама такі вядомы літаратар як Андрэй Хадановіч будуць вядучымі ў часе прэзэнтацыі. Удзельнікамі вечарыны таксама стануць ўсе галоўныя героі кнігі.

Нагадаю, што прэзэнтацыя кнігі Валянціна Акудовіча “Разбурыць Парыж” адбудзецца сёньня ў менскай бібліятэцы імя Пушкіна а 17-й гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG