Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Весткі з падпольля – новая газэта “Тут і цяпер”


Севярын Квяткоўскі, Менск “Тут і цяпер” – так завецца новая газэта, якая ад бягучага тыдня пачала распаўсюджвацца ў Беларусі. “Тут і цяпер” выходзіць па-беларуску і па-расейску, мае восем чорна-белых палосаў фармату А-4. Газэта скіраваная на грамадзка-палітычную праблематыку, і мае адну асаблівасьць, якая адрозьнівае “Тут і цяпер” ад падобных беларускіх газэт. “Тут і цяпер” – падпольнае выданьне. У Беларусі ня раз зьяўляліся падобныя разавыя праекты, але “Тут і цяпер” дэкляруе свой праект доўгатрывалым.

Адразу зазначу, што я здолеў знайсьці чалавека, спрычыненага да выпуску газэты. Чалавек папрасіў не называць ягонае імя, і паведаміў наступнае. Хаця на апошняй старонцы “Тут і цяпер” наклад пазначаны колькасьцю 299 асобнікаў, выданьне разьлічанае на значна большую аўдыторыю. Найперш – на беларускую правінцыю, куды рэдка даходзяць газэты, якія ўлады клічуць “апазыцыйнымі”.

Паказальна, што галоўным рэдактарам у выходных дадзеных пазначаны хтосьці Мікалай ЧарДынец, што нагадвае імя Мікалая ЧарГінца, дэпутата, вядомага сваёй прыхільнасьцю да палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Адрас рэдакцыі таксама вымысьлены, гэта відавочна хаця б таму, што ў паштовым індэксе лічбаў болей, чым трэба. Тым ня менш, наколькі я ведаю, “Тут і цяпер” – сапраўды ня разавая акцыя, але доўгатэрміновы праект. Вось чаму ёсьць усе падставы называць выданьне падпольнай газэтай, а не бюлетэнем, ці ўлёткай.

“Тут і цяпер” аглядае асноўныя навіны мінулага тыдня: новыя мытныя правілы, вайсковы парад у Менску, зьбіцьцё генэрала Фралова, пляны ўладаў здымаць падаткі за абмен кватэраў ды іншае. Чаму выдаўцы вырашылі рабіць газэту падпольна, можна толькі здагадвацца. Зрэшты, варта прыгадаць, што ў правінцыі вельмі цяжка зарэгістраваць новае выданьне, якое не прытрымліваецца афіцыйнай палітыкі. Пэрыядычна прыходзяць зьвесткі пра прыпыненьне выхаду газэтаў, як было летась з “БДГ” і “Навінкамі”. Альбо прыходзіць інфармацыя пра вялічэзныя штрафы для газэтаў, як было з ужо названымі, а таксама з “Народнай Воляй” і некаторымі рэгіянальнымі газэтамі. Урэшце, газэту могуць проста зачыніць, як гэта здарылася з гарадзенскай “Пагоняй”. Відаць, выдаўцы “Тут і цяпер” вырашылі не даваць уладам шанцаў на перамогу, і тут у Беларусі цяпер працуюць падпольна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG