Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ананімны ліст у "Народную Волю": фізычнае зьнішчэньне Фралова, Лябедзькі і Антончыка заплянаванае на 21 ліпеня


Міхал Стэльмак, Менск Агляд незалежнай прэсы

“Народная воля” друкуе ў сёньняшнім нумары ананімны ліст, у якім гаворыцца пра падрыхтоўку злачынстваў супраць лідэраў апазыцыі. Як паведамляе газэта, ён быў дасланы ў рэдакцыю электроннай поштай асобамі, якія назваліся афіцэрамі спэцслужбы. У лісьце гаворыцца, што пастаўлена задача фізычнага зьнішчэньня вядомых у Беларусі палітыкаў: генэралаў Фралова і Паўлава, Лябедзькі, Антончыка і іншых, усяго – сямёх чалавек. Апроч таго, многія актывісты апазыцыі будуць зьбітыя. На 21 ліпеня рыхтуецца адмысловая апэрацыя. Роля “эскадрону сьмерці”, як паведамляюць аўтары ліста ў “Народнай волі”, ускладзена на спэцпадразьдзяленьне пры Генпракуратуры і на некаторых афіцэраў Службы аховы прэзыдэнта.

Газэта “Вольнае Глыбокае” паведамляе пра адток спэцыялістаў сельскай гаспадаркі, які назіраецца ў рэгіёне. За апошнія тры гады на Пастаўшчыну, напрыклад, прыбылі па разьмеркаваньні 93 выпускнікі сельскагаспадарчых ВНУ і тэхнікумаў, зь якіх 54 чалавекі, нават не адпрацаваўшы прызначаны тэрмін, ужо зьехалі. Таму кадравае становішча тут крытычнае. У гаспадарках адчуваецца востры недахоп галоўных і вядучых спэцыялістаў, а ў 5 старшыняў няма нават вышэйшай адукацыі. Пры гэтым, улады бясконца мяняюць старшыняў, хаця “ляжачых” гаспадарак меней не становіцца. Ня лепшае становішча, паводле выданьня, і ў суседнім Глыбоцкім раёне, дзе сёлета таксама зьмененыя 4 кіраўнікі гаспадарак, а яшчэ 3 сельгаспрадпрыемствы ўвогуле зьліквідаваныя.

Інфармуе “Вольнае Глыбокае” і пра нездавальняючую ў гэтых раёнах крымінагенную сытуацыю. Пастаўскі РАУС фіксуе ўсё большую колькасьць крадзяжоў. Чэрвень, напрыклад, самым “ураджайным” выдаўся на крадзяжы правадоў ліній электраперадач. Амаль 4 кілямэтры алюмініевага дроту скраў адзін з жыхароў тутэйшай вёскі Чорнае. А яшчэ 440 мэтраў дроту каля вёскі Дашкі невядомыя злодзеі скралі нават з высакавольтнай электралініі.

На рост злачыннасьці зьвяртае ўвагу сваіх чытачоў і газэта “Вячэрні Бабруйск”. Гэтае пытаньне стала прадметам абмеркаваньня на апошнім паседжаньні Бабруйскага гарвыканкаму. Паводле выданьня, высьвятленьне прычынаў такой тэндэнцыі справакавала спрэчку мясцовых чыноўнікаў. Яны прыйшлі да высновы, што нават цэнтральную плошчу горада сёньня нельга назваць бясьпечным месцам. У гэтай сувязі, як зазначае “Вячэрні Бабруйск”, мясцовае начальства абвясьціла пра пачатак барацьбы за ўсталяваньне законнасьці ў гэтым горадзе.

І яшчэ пра “Народную волю”, на старонках сёньняшняга нумару якой таксама гучыць тэма законнасьці. Газэта ставіць пытаньне: ці будзе сядзець у турме былы кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў, у якога канфіскавана 500 тысяч даляраў? Сваімі меркаваньнямі на гэты конт дзеляцца з чытачамі вядомыя ў краіне асобы: бард Віктар Шалкевіч, кінарэжысёр Юры Хашчавацкі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Іван Пашкевіч ды іншыя.

Гл. таксама • Як успрынялі ананімныя пагрозы спэцслужбаў апазыцыйныя палітыкі?
XS
SM
MD
LG