Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі грошай скралі ў дзяржавы Ягор Рыбакоў і Галіна Жураўкова?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Зьвесткі пра памер хабару, атрыманага былым старшынём Белтэлерадыёкампаніі Ягорам Рыбаковым, істотна розьняцца. Ад 100 да 500 тысяч даляраў – паводле афіцыйных дадзеных. А вось колькі павінна дзяржаве былая кіраўніца справаў прэзыдэнта Галіна Жураўкова, і наагул дагэтуль не паведамляюць. Чаму ўлады замоўчваюць альбо падаюць няпоўную й няпэўную інфармацыю наконт правінаў былых найбліжэйшых паплечнікаў кіраўніка дзяржавы?

Завершана крымінальная справа былых адказных супрацоўнікаў Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, якія падпарадкоўваліся непасрэдна Галіне Жураўковай. У паведамленьні прэсавай службы пракуратуры сьцьвярджаецца, што ўсе фігуранты гэтай справы вярнулі дзяржаве скрадзеныя грошы й цяпер знаёмяцца з матэрыяламі, сабранымі на іх сьледчымі. Колькі ж грошай яны вярнулі? І колькі вярнула непасрэдна былая кіраўніца справаў прэзыдэнта Галіна Жураўкова, супраць якой таксама заведзена крымінальная справа?

Зьвесткі пра прэтэнзіі органаў кантролю да ведамства Галіны Жураўковай зьявіліся ў незалежным беларускім друку яшчэ летась увосень. Тады стала вядома, што фірма “Белая Русь” пры Кіраўніцтве справаў, якой кіраваў сп-р Мурашка, акрамя паставак харчоў, займалася й нафтавым бізнэсам. Нібыта гэтая фірма прадала за мяжу нафты больш як на 2 мільёны даляраў, але на рахунак Кіраўніцтва справаў гэтыя грошы не патрапілі. Крыніцы не выключалі, што частка гэтых мільёнаў магла асесьці ў кішэні Галіны Жураўковай.

Таксама шмат пісалася пра тое, што падначаленыя Жураўковай фірмы фактычна маніпалізавалі рынак некаторых прадуктаў і мелі звышпрыбыткі, частка якіх не трапляла ў бюджэт. Ёсьць меркаваньне, што махінатары маглі дзяліцца з Галінай Жураўковай і гэтымі грашыма. Але асноўнае, што фігуруе ў ейнай крымінальнай справе, гэта апэрацыі з канфіскаванымі таварамі.

Менавіта Кіраўніцтва справаў займаецца рэалізацыяй канфіскату ў Беларусі. Кіраўнік дасьледнага цэнтру імя Мізэса, эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць гэты від бізнэсу найбольш карумпаваным. Паводле Раманчука, штогод у ім абарочваецца 250 мільёнаў даляраў, і зь іх значная частка застаецца ў тых, у чыіх руках знаходзіцца сам працэс рэалізацыі.

(Яраслаў Раманчук: ) “Папросту ідзе спэкуляцыя. Ты купляеш у краме канфіскат, нейкі тавар за адну цану, бо маеш на яго, так бы мовіць, права першай ночы, а потым прадаеш сваім знаёмым са зьніжкам 30-40%”.

Яраслаў Раманчук перанаканы, што ўсе чыноўнікі, дачынныя да разьмеркаваньня канфіскату па крамах, маюць ад гэтага добрыя грошы, і Галіна Жураўкова не была выключэньнем. Аднак жа колькі дакладна зарабіла спадарыня Жураўкова, застаецца таямніцай. Пракуратура не паведамляе ніякіх лічбаў у ейнай справе. Гэтак, мае сёньняшнія спробы ўдакладніць лічбу страт праз пракуратуру ня мелі посьпеху. “У мяне гэтых лічбаў няма”, – адказала Антаніна Літвінчук з прэсавай службы пракуратуры.

Варта дадаць, што месяц таму Галіна Жураўкова была вызвалена з ізалятару КГБ пад падпіску аб нявыезьдзе. За кратамі яна правяла паўгоду. Затым пракуратура заявіла, што Галіна Жураўкова кампэнсавала ўчыненыя ёю дзяржаве страты.

У тым жа ізалятары “амэрыканка” застаецца сядзець другі фігурант гучнай справы – былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў. Фінансавы бок ягонай справы таксама вельмі цьмяны. Калі яго арыштавалі напачатку году, афіцыйна паведамлялася пра прыблізна 100 тысяч даляраў знойдзенага хабару. Цяпер пракуратура цьвердзіць, што ў Ягора Рыбакова знайшлі 500 тысяч даляраў.

А між тым, паводле неафіцыйных крыніц, хабары, атрыманыя былым кіраўніком першага каналу, значна большыя. Некалькімі мільёнамі даляраў ацэньвае ценявы рэклямны бюджэт на беларускім тэлебачаньні былы беларускі тэлежурналіст, цяпер супрацоўнік расейскага каналу ОРТ Павал Шарамет. Зь меркаваньня Паўла Шарамета, гэтыя грошы дзеляць ўсяго некалькі чалавек.

(Шарамет: )”У гэтых людзей ёсьць сур’ёзнае прыкрыцьцё наверсе. Таму што некалькі разоў ува ўрадзе ўзьнімалася пытаньне пра тое, каб правесьці рэвізію прыбыткаў ад рэклямы. Але кожны раз паварочвалі гэтак, што да рэвізіі справа не дайшла”.

Паводле зьвестак, якімі падзяліўся Павал Шарамет, Ягор Рыбакоў актыўна супрацоўнічае зь сьледзтвам і дае паказаньні шмат на каго з былых калег. Але Павал Шарамет не выключае, што галоўныя суўдзельнікі спадара Рыбакова застануцца не пакаранымі.
XS
SM
MD
LG