Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распаўсюднікі музычных СD адмовіліся ад гандлю “пірацкай” прадукцыяй


Галіна Абакунчык, Менск У Беларусі падвышаны кошты на музычныя кампакт-дыскі айчыннай і замежнай вытворчасьці: калі раней адзін аўдыядыск каштаваў 5 тысяч рублёў, то цяпер ад 8 да 15 тысяч беларускіх рублёў за адзінку. Распаўсюднікі CD-носьбітаў тлумачаць гэта пераходам на гандаль ліцэнзійнай прадукцыяй з улікам захаваньня аўтарскіх правоў. Спажыўцы новымі ўмовамі працы рынку не задаволены й на падвышэньне коштаў адказалі зьніжэньнем пакупніцкага попыту на музычную прадукцыю.

У некаторых музычных крамах па-ранейшаму ідзе гандаль так званымі пірацкімі кампактамі, распачаты яшчэ ў траўні з мэтаю вывядзеньня з продажу неліцэнзійнай прадукцыі. Але бальшыня паліц там ужо заняты фірмовымі й больш дарагімі кампакт-дыскамі, што для некаторых пакупнікоў сталася навіной толькі цяпер. Гутару з колькімі зь іх.

(Пакупнік: ) “Я ўпершыню з новымі коштамі сутыкаюся”.

(Карэспандэнтка: ) “Ну, і як вам новыя кошты?”

(Пакупнік: ) “Дарагавата”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы за што: за ліцэнзійныя больш дарагія, ці за танныя пірацкія?”

(Пакупнік: ) “За пірацкія”.

(Іншы пакупнік: ) “Чуў, што так будзе. Прыйшоў паглядзець – магу купіць ці не”.

(Карэспандэнтка: ) “Дык ці можаце?”

(Пакупнік: ) “Я то магу, але трэба сябе ўжо настройваць па-іншаму”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ведаеце, чаму падаражэлі?”

(Пакупнік: ) “Пэўна, нейкі парадак ладуюць у ліцэнзаваньні. Але ці яны ліцэнзійныя, ці яны пірацкія – паводле якасьці яны мала адрозьніваюцца… Я так лічу. Таму трэба думаць, каб і пакупнікі маглі прыдбаць тую музыку, на якую стае грошай”.

Пераход на гандаль ліцэнзійнай прадукцыяй зьвязаны са зьяўленьнем у Беларусі прадстаўніцтва Міжнароднай фэдэрацыі вытворцаў фанаграм IFPI, якая дапільноўвае аўтарскіх правоў. Менавіта ў зьвязку зь перасьледам музычнага пірацтва ва ўсім сьвеце асобныя распаўсюднікі гандлявалі фірмовай прадукцыяй заўжды, і новыя ўмовы рынку ім ніякай перашкодай ня сталіся – кажа прыватны прадпрымальнік Сяргей Ражкоў, які працуе ў шоў-бізнэсе 8 гадоў.

(Раманоўскі: ) “Рэкорд-кампаніі адмовіліся ад скрадзенай прадукцыі – і ў нас сталі набываць больш. А чалавеку, які прадае якасную прадукцыю, – яму ня сорам перад пакупнікамі. Якая дарагая яна ні была б – яна якасная й сапраўдная. У людзей, магчыма, не хапае грошай. Але гэта ж не азначае, што ўсе павінны красьці”.

Але ў бальшыні буйных кампаніяў пасьля падвышэньня коштаў пакупніцкі попыт заўважна зьнізіўся. Тым ня менш, яны гэтаксама ахвотна адмаўляюцца ад пірацтва. Гаворыць загадчык аддзелу крамы “Містэрыя гуку” Сяргей Шулятнікаў.

(Сяргей: ) “Моладзь – яна, канечне, цяпер пацерпіць крыху. Але ўсё ж-такі лепш купіць адзін добры дыск, чым два дрэнных. Дый людзі, якія запісваюць музыку, яны ж павінны атрымоўваць грошы за сваю працу? Мы ж за сваю працу атрымоўваем. І праблем, канечне ж, менш стане”.

Гэтаксама падвышаюцца кошты й на айчынныя ліцэнзійныя кампакт-дыскі. Паводле кіраўніка кампаніі Беларуская музычная альтэрнатыва Віталя Супрановіча, што займаецца распаўсюдам запісаў беларускіх выканаўцаў, гэткі захад змушае рабіць адлічэньні Рэспубліканскаму ўнітарнаму прадпрыемству інтэлектуальнай уласнасьці, якое кантралюе захаваньне аўтарскіх правоў. Нават калі яны й не парушаюцца.
XS
SM
MD
LG