Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страхаваць транспартныя сродкі будуць толькі дзяржаўныя кампаніі


Ігар Карней, Менск Ад 1 жніўня ў Беларусі будуць дзейнічаць новыя правілы абавязковага страхаваньня грамадзянскай адказнасьці ўладальнікаў транспартных сродкаў. Паводле Ўказу Аляксандра Лукашэнкі, страхаваць аўтамабілі цяпер будуць толькі дзяржаўныя страхавыя арганізацыі або страхавыя арганізацыі, у статутных фондах якіх доля дзяржавы складае болей за 50 адсоткаў.

Цяпер у Беларусі ёсьць пяць дзяржаўных страхавых кампаній, якія, паводле новага Ўказу Лукашэнкі, могуць займацца страхаваньнем аўтамабіляў. Гэта “Белдзяржстрах”, “Белкаапстрах”, “Белэксімгарант”, “Белнафтастрах” і "Стравіта". Ад 1 жніўня яны робяцца манапалістамі ў вельмі прыбытковай справе – паміж імі падзеляць страхаваньне болей як двох мільёнаў транспартных сродкаў, зарэгістраваных у краіне.

Дагэтуль страхавалі аўтатранспарт чатыры дзясяткі фірмаў, на кожную зь якіх, адпаведна, працавалі дзясяткі агентаў. Кіраўнікі недзяржаўных страхавых кампаніяў і эканамісты лічаць, што ніякіх эканамічных падставаў спыняць працу недзяржаўных страхавых кампаній пасьля 5 гадоў працы, не было. На іхную думку, новая рэдакцыя Палажэньня аб страхаваньні аўтатранспарту нічым не аргумэнтавана й будзе людзям толькі шкодзіць.

Ужо ў найбліжшыя дні недзяржаўным кампаніям давядзецца істотна адкарэктаваць сваю дзейнасьць: па-першае, страхаваньне аўтатранспартных сродкаў было для іх асноўным заняткам; па-другое, давядзецца адмовіцца ад паслуг шматлікіх страхавых агентаў.

Кіраўнік страхавой кампаніі "Багач" Пётар Бабарыка ў інтэрвію Радыё Свабода сказаў, што мусіць разьвітацца з дзьвюма сотнямі супрацоўнікаў. Калегі Бабарыкі цьвердзяць, што пераразьмеркаваньне страхавога рынку прывядзе да карупцыі. Эканаміст Барыс Жаліба лічыць, што мэтай новай рэдакцыі Палажэньня аб абавязковым страхаваньні транспартных сродкаў ёсьць скіраваньне немалых прыбыткаў ад страхаваньня ў адно рэчышча – дзяржаўнае.

(Жаліба: ) “Звужэньне кола страхавых арганізацыяў азначае парушэньне элемэнтарнай рынкавай канкурэнцыі. Такі крок з боку ўладаў прывядзе да скарачэньня працоўных месцаў у прыватных страхавальнікаў, да патрэбы ў карэктывах іхнай плянавай стратэгіі. Наагул можна казаць, што чарговы раз лёс прыватных арганізацыяў улады не цікавіць. Галоўнае для іх – распараджацца сродкамі насельніцтва, а менавіта – грашыма ўладальнікаў аўто ў сваіх карысьлівых мэтах. Але тое, што могуць быць чэргі ўладальнікаў прыватнага транспарту ў зьвязку са скарачэньнем пунктаў, дзе можна скарыстацца паслугамі, улады не турбуе. Між іншым, колькасьць уладальнікаў аўтамабіляў увесь час расьце”.

Ад 1 жніўня дзяржаўным кампаніям перадаецца й страхаваньне паводле полісаў міжнароднай сыстэмы “зялёная карта”. І, на думку намесьніка старшыні кампаніі “Багач” Аляксандра Пятрова, гэта дадатковы ўдар па недзяржаўных страхавальніках.

(Пятроў: ) “У нас папросту забіраюць яшчэ адну крыніцу прыбыткаў. Кліент, які падпісваў дамову на страхаваньне дзяржаўнай адказнасьці, паралельна мог застрахавацца на іншыя віды. Гэта яшчэ быў спосаб увогуле прыцягненьня кліента. У Нямеччыне на пытаньне – для чаго патрэбна страхаваньне грамадзянскай адказнасьці – адказваюць: каб чалавек прыйшоў у офіс. Цяпер у нас усё ўскладняецца, бо народ пойдзе туды, дзе можна набыць абавязковы поліс… І вось мы маем Указ прэзыдэнта, і мы вымушаны выконваць законы, што ў рэспубліцы дзейнічаюць”.

Некаторыя кіраўнікі прыватных страхавых фірмаў кажуць, што манапалізацыя аўтастрахаваньня прывядзе да карупцыі, а шэраг кампаній будзе змушаны згарнуць дзейнасьць у Беларусі й перавесьці бізнэс у Расею. Гэтаксама, як некалі раней зрабілі фірмы-грузаперавозчыкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG