Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэтэраны спорту пратэстуюць супраць выключэньня Ўладзімера Парфяновіча са складу Нацыянальнага алімпійскага камітэту


Уладзімер Глод, Менск Кансультацыйная рада Нацыянальнага алімпійскага камітэту (НАКу) выступіла на абарону трохразовага алімпійскага чэмпіёна, сябра дэпутацкай групы "Рэспубліка" Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Парфяновіча. На адмысловым паседжаньні, якое адбылося ўвечары 12 ліпеня, быў прыняты вусны зварот да алімпійскага сходу. Вэтэраны спорту лічаць рашэньне выканкаму НАКу аб выключэньні славутага спартоўца памылковым.

Ачольвае Кансультацыйную раду знакаміты трэнэр – Аляксандар Фель. Гэта ён выхаваў чатырохразовага чэмпіёна Алімпійскіх гульняў у фэхтаваньні на шаблях Віктара Сідзяка. Дарэчы, у складзе Рады й сам спадар Сідзяк, а таксама алімпійскія чэмпіёны Рамуальд Клім, Уладзімер Камінскі, чэмпіён Эўропы баксэр Эдуард Дубоўскі ды іншыя выдатныя спартоўцы й трэнэры.

Віктар Сідзяк гаворыць, што ён адмоўна ставіцца да акцыі, зініцыяванай, на ягоную думку, чыноўнікамі ад спорту:

(Сідзяк: ) "Выводзіць трохразовага чэмпіёна бяз важкіх падставаў – гэта наагул нонсэнс, я думаю. Таму на паседжаньні Рады практычна аднагалосна ўсе выказаліся за тое, каб гэтага не рабіць. Перадусім, з нагоды гэткага выключэньня мог быць вельмі сур’ёзны рэзананс з боку Міжнароднага алімпійскага камітэту. А па-другое, гэта папросту ідзе валтузьня чыноўнікаў. Справа ў тым, што многія чыноўнікі, якія прыходзяць да ўлады, папросту забываюцца, што алімпійскі чэмпіён – гэта пажыцьцёвае званьне. Чаму чыноўнікі ўлазяць у алімпійскія справы?! Чамусьці ў Беларусі чэмпіёнам у спартовай галіне няма даверу. Наагул нікому. Я не кажу пра сябе. Наагул алімпійскіх чэмпіёнаў не запрашаюць".

Між тым, віцэ-прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту Генадзя Аляксеенку, які за часам адсутнасьці прэзыдэнта НАКу Аляксандра Лукашэнкі праводзіў паседжаньне выканкаму на конт выключэньня Ўладзімера Парфяновіча, кіраўнік дзяржавы прызначыў сваім памочнікам у пытаньнях фізкультуры, спорту й турызму. Спадар Аляксеенка ўпэўнены, што Ўладзімер Парфяновіч блытае палітыку й спорт:

(Аляксеенка:) "Я лічу недапушчальным выкарыстоўваць трыбуну Нацыянальнага алімпійскага камітэту з палітычнымі мэтамі, дзеля задавальненьня ўласных амбіцыяў. Гэта – няправільна. НАК – не палітычная арганізацыя".

Цікава, што Аляксандар Лукашэнка падчас прызначэньня спадара Аляксеенкі на новую пасаду падкрэсьліў, што некаторыя сябры НАКу цалкам ухіліліся ад рашэньня спартовых праблем: "Многія фактычна страцілі сувязі з НАКам, кінуліся ў бізнэс і палітыку. Значыць, патрэбна даць ім магчымасьць працаваць у бізнэсе й спорце. А нам патрэбна прыцягнуць у НАК людзей, якія будуць працаваць на спорт, на спартоўцаў".

Спадар Парфяновіч ня лічыць, што гэтыя словы тычацца яго асабіста:

(Парфяновіч: ) "Гэта, мабыць, ня ў мой гарод. Я не страціў сувязяў з НАКам. Можа, НАК страціў сувязі са спартовымі фэдэрацыямі? Вось гэта – пытаньне. Можа, Лукашэнка меў на увазе тых генэралаў і міністраў, што кіруюць фэдэрацыямі? Можа, яны згубілі сувязь? Сёньня я бізнэсам не займаюся. Займаюся толькі палітыкай у парлямэнце. А ў спорце займаюся толькі спортам".

Тут самы раз дадаць, што на тым самым паседжаньні выканкаму НАКу, калі выключалі Ўладзімера Парфяновіча, у склад Камітэту ўвялі чарговага генэрала – старшыню Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Аляксандра Шпілеўскага.
XS
SM
MD
LG