Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амаль 1000 даляраў штрафу дастала Тацяна Марчанка за тое, што 17 чэрвеня падтрымала дэпутатаў-галадоўнікаў


Казімер Яноўскі, Гомель Сёньня ўранку ў Цэнтральным судзе Гомеля старшыня гарадзкой арганізацыі свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Тацяна Марчанка атрымала пастанову судзьдзі Яраслава Парэмскага пра адміністрацыйнае пакараньне – штраф у 1 мільён 900 тысячаў рублёў. Пакараньне вынесена нібыта за несанкцыянаваны сход падчас чэрвеньскага страйку ў падтрымку дэпутатаў-галадоўнікаў.

Абвясьціць пастанову ў дачыненьні Тацьцяны Марчанкі судзьдзя Парэмскі зьбіраўся яшчэ ўчора а 17-й гадзіне. Аднак у прызначаны час у судовую залю ён не прыйшоў. Цэлую гадзіну Тацьцяна Марчанка з адвакатам і сьведкамі чакалі на судзьдзю. Урэшце высьветлілася, што спадар Парэмскі даўно пакінуў будынак суду.

Сёньня ўранку сакратарка проста выдала копію пастановы судзьдзі Парэмскага пра амаль 1000-даляравы штраф.

Распавядае Тацяна Марчанка:

(Марчанка: ) “Адзін мільён 900 тысячаў рублёў – я ад такога штрафу ў шоку. У нас няма такіх заробкаў, каб столькі сплаціць. Гэта вар`яцкі штраф для Беларусі. Ніякія доказы з нашага боку ва ўвагу не былі прынятыя. Судзьдзя ўчора наагул зьбег ад нас, не зачытаўшы пастанову. Мяне мэтанакіравана хацелі аштрафаваць і аштрафавалі. Яшчэ нібыта і паблажку зрабілі. Маўляў, паколькі я не прычыніла істотнага ўрону правам і інтарэсам грамадзянаў, то арыштоўваць мяне не абавязкова, а аштрафаваць можна”.

Тацяну Марчанку і Ўладзімера Няпомняшчых міліцыя абвінаваціла не ў арганізацыі страйку, а ў правядзеньні на рынку 17 чэрвеня несанкцыянаванага сходу.

Цікава, што да прыходу на рынак намесьніка начальніка абласной міліцэйскай ўправы Ўладзімера Каршакова ахоўнікі не затрымлівалі страйкоўцаў. Затрыманьні адбыліся пасьля таго, як палкоўнік Каршакоў асабіста пазрываў плякаты супраць трэцяга тэрміну прэзыдэнта і ўціску на дробны бізнэс і пачаў у грубай форме крычаць на Тацяну Марчанку. Прадпрымальнік Уладзімер Няпомняшчых, дарэчы, сам былы афіцэр міліцыі, заступіўся за Тацяну. Інцыдэнт гэты наагул не знайшоў адлюстраваньня ў пастанове судзьдзі Парэмскага.

Гаворыць Уладзімер Няпомняшчых:

(Няпомняшчых: ) “Па вялікім рахунку, я заступіўся за жанчыну. Я хамаў цярпець не магу і стаўлю іх на месца ў аўтобусах, тралейбусах і нават у цёмнай падваротні, нягледзячы на іхнія чыны і рангі. А зараз зь мяне робяць злачынцу. Гэта ва ўладаў мода такая”.

Чакаецца, што рашэньне ў дачыненьні спадара Няпомняшчых судзьдзя Парэмскі абвесьціць сёньня напрыканцы дня.

За судовымі справамі ў дачыненьні прадпрымальнікаў назіраў гомельскі прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Алесь Яўсеенка:

(Яўсеенка: ) “Быў праведзены страйк, які хочацца нашым уладам кваліфікаваць як несанкцыянаваны сход. Супрацоўнікі міліцыі, якія затрымлівалі прадпрымальнікаў, не маглі сфармуляваць паняцьці “страйк” і “сход”. Называлі сход “скоплением людей”. Пад “скопление” можна падвесьці людзей, якія чакаюць на прыпынку тралейбуса. Можна ўсіх іх загрэбсьці і абвінаваціць у несанкцыянаваным сходзе. Ціск гэты зьвязаны з недалёкімі парлямэнцкімі выбарамі, які будуць праходзіць у кастрычніку. Усялякую апазыцыю, іншадумства спыняюць загадзя, не чакаючы выбараў”.

***

Напрыканцы працоўнага дня судзьдзя Парэмскі абвясьціў рашэньне ў дачыненьні прадпрымальніка Ўладзімера Няпомняшчых. Як і Тацяна Марчанка, спадар Няпомняшчых аштрафаваны на 1 мільён 900 тысячаў рублёў. Ён таксама прызнаны вінаватым у правядзеньні несанкцыянаванага сходу на Цэнтральным рынку падчас чэрвеньскага страйку ў падтрымку дэпутатаў-галадоўнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG