Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

13 ліпеня нарадзіліся пісьменьнікі Бабель і Шоінка, сьпявак Ціхановіч і багаслоў Малышэўскі


Ул. інф. Каляндар Свабоды. Што адбылося ў Беларусі і ў сьвеце 13 ліпеня.

13 ліпеня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваюцца 12 апосталаў, між якіх былі Сымон і Юда. А нашыя продкі акурат у гэты час пачыналі баранаваць папар. Вось з чаго нарадзілася прыказка “На Сымона і Юды конь баіцца груды”.

13 ліпеня 1943 году нямецкія карнікі расстралялі каля вёскі Навумавічы пад Горадняй 50 мірных жыхароў. Гэта была адплата за сьмерць аднаго немца, забітага партызанамі. Сярод расстраляных была Марыя Бярнацкая, якая добраахвотна пайшла на сьмерць замест цяжарнай жонкі свайго сына. Марыя Бярнацкая прылічаная да каталіцкіх сьвятых Беларусі.

Сёньня спаўняецца пяць гадоў з моманту арышту рэктара Гомельскага мэдычнага інстытуту Юрыя Бандажэўскага. Доктар Бандажэўскі дагэтуль застаецца ў зьняволеньні за тое, што браў хабар – так гучыць афіцыйная фармулёўка. Аднак калегі Бандажэўскага сьцьвярджаюць, што насамрэч пасадзілі яго за тое, што ён дасьледаваў узьдзеяньне радыяцыі на арганізм чалавека і даказваў, што жыць у Чарнобыльскай зоне немагчыма. А гэта супярэчыла афіцыйнай палітыцы, якая адмаўляе шкоднасьць малых дозаў радыяцыі.

13 ліпеня 1828 году прыйшоў на сьвет беларускі асьветнік Іван Малышэўскі. Ён нарадзіўся ў Нягневічах на Наваградчыне, атрымаў грунтоўную багаслоўскую адукацыю ў Жыровіцах, Менску і Кіеве, напісаў шмат кніг, у тым ліку пра Кірылу Тураўскага і сьвятых Кірыла і Мяфодзія. Зьвяртае на сябе ўвагу энцыкляпэдычная характарыстыка поглядаў Івана Малышэўскага, цытую: “Прыхільнік агульнаславянскага культурнага адзінства, аднак схільнасьцяў да расейскага панславізму не выказваў”.

Сярод знакамітых юбіляраў 13 ліпеня згадаем Джона Астора, ад прозьвішча якога паходзіць вядомая ва ўсім сьвеце гатэльная назва “Асторыя”. Першы гатэль з такой назвай Джон Астор, ад нараджэньня якога сёньня пройдзе роўна 140 гадоў, адкрыў у Нью-Ёрку. Неўзабаве бацька “Асторыі” загінуў у катастрофе стагодзьдзя – на караблі “Тытанік”.

Сёньня спаўняецца 110 гадоў зь дня нараджэньня расейскага пісьменьніка Ісака Бабеля і 70 – нігерыйцу Волу Шоінку, ляўрэату Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры.

13 ліпеня 1952 году прыйшоў на сьвет беларускі эстрадны сьпявак Аляксандар Ціхановіч, які пачынаў сваю кар’еру ў папулярным гурце “Верасы”.
XS
SM
MD
LG