Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пераможца конкурсу беларускіх дворнікаў з Магілёву наведала Парыж


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Ці ведаеце вы, што найлепшы беларускі дворнік жыве ў Магілёве і лічыць свой горад больш чыстым за Парыж? Галіна Чарняцова бачыла гэта на свае вочы, таму што перамагла ў конкурсе дворнікаў і атрымала бясплатную вандроўку ў Эўропу. Нядаўна спадарыня Галіна вярнулася з Парыжу –якімі былі ейныя ўражаньні ад гэтага горада?

Галіна Чарняцова пачала працаваць дворнікам у 19 гадоў, і амаль 30 гадоў прыбірае свой участак у 11-м домакіраваньні на вуліцы Сіманава. Калегі спадарыні Галіны спэцыяльна для вандроўкі ў Парыж набылі ёй фотаапарат, каб яна сфатаграфавалася каля Эйфэлевай вежы, а таксама касьцюм з нагавіцамі, каб магілеўчанка прыстойна выглядала ў сталіцы моды.

Так што нашую размову са спадарыняй Галінай, што адбылася на ўчастку лепшага дворніка – дарэчы, там сапраўды чыста – мы якраз пачалі зь ейнага ўражаньня ад таго, як апранаюцца і выглядаюць францужанкі.

(Чарняцова: ) “Як усе, так і парыжане. Аднолькава ходзяць. Апранаюцца як усе – як нашыя людзі, так і парыжане. Толькі што гавораць не на нашай мове”.

Вандроўка ў Эўропу лепшага беларускага дворніка доўжылася тыдзень, хаця сам Парыж яна бачыла толькі адны суткі, і тое болей з вакна аўтобуса. Гэтага хапіла, каб спадарыня Галіна ўпэўнілася: “Горад прыгожы, слоў няма!”

Аднак што тычыцца прафэсійнага, дворніцкага погляду на горад, то тут, лічыць мая суразмоўніца, Парыж прайграе ня толькі зусім стэрыльнай Нямеччыне, якую ўдалося пабачыць у вандроўцы, але і роднаму Магілёву.

(Чарняцова: ) “Не, Парыж – брудны горад. Там бруду вельмі многа. Там, напэўна, дворнікаў няма. Днём не прыбіраюць там, толькі ноччу. Таму што там вялікі рух. Мы раніцай праяжджалі – бруд як быў, так і застаўся на месцы”.

Спадарыня Галіна, канечне, трохі саромецца казаць пра свае ўражаньні. Наколькі я зразумела зь яе расповедаў, то ёй спадабалася Эйфэлева вежа – маўляў, будзе што ўспомніць у жыцьці. А па-другое – францускае віно: яна нават набыла дадому бутэльку чырвонага сухога. Спадарыня Галіна сказала, што яно вельмі кіслае, аднак усё ж смачнае.

Спадарыні Галіне амаль 50 гадоў, і яна за сваё працоўнае жыцьцё ніколі і ў беларускім санаторыі не была, за мяжу паехала ўпершыню. Яна шчыра мне сказала, што жаданьня паехаць туды зноў няма. Па-першае, шматгадзінныя экскурсіі вытрымаць чалавеку ў паважным ўзросьце даволі цяжка, а па-другое – існуе грашовая праблема. Кішэнныя грошы, якія падаравала фірма, былі ня вельмі вялікія. І, каб прывезьці ў сям’ю падарункі, давялося эканоміць.

(Чарняцова: ) “Там кубак вады і марожанае каштуе два эўра! Не харчавалася, таму і зэканоміла: парфуму набыла дачцэ за 18 эўра, сыну – туалетную ваду, унуку – заплечнік. А сабе не засталося”.

Калі казаць шчыра не пра парыскае, а пра беларускае будзённае, то спадарыня Галіна, якой патрэбныя грошы – сын вучыцца, дачка выхоўвае дзіця – прасіла, каб ёй замянілі Парыж на кампэнсацыю, аднак гэта было немагчыма паводле ўмоваў конкурсу. Так што цяпер яна просіць у свайго домакіраваньня замяніць адпачынак на грошы. А яшчэ лепшы дворнік у Беларусі ціха спадзяецца, што арганізатары конкурсу ўспомняць, што акрамя замежнай вандроўкі ёй абяцалі падараваць пральную машыну. І калі я запыталася ў спадарыні Галіны: “А ці памяняла б яна Парыж на “Індэзіт”?”, беларуская жанчына адказала: “Так, натуральна! Пральная машына больш важная за Парыж!”
XS
SM
MD
LG