Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларуская Камасутра” дэмаграфічную праблему ня вырашыць


Сьвятлана Курс, Менск Дзяржаўнае выдавецтва “Беларуская энцыкляпэдыя” выдае энцыкляпэдыю па сэксалёгіі. Гэта будзе першае падобнае выданьне, якое выйшла ў Беларусі за апошнія 10 год. Выдаўцы абвясьцілі, што “энцыкляпэдыя дапаможа палепшыць дэмаграфічную сытуацыю ў краіне”.

Беларуская дзяржава вызначаецца досыць пурысцкай палітыкай у сфэры сэксуальнай асьветы. У Беларусі на 10 мільёнаў насельніцтва толькі 12 сэксолягаў і сэксапатолягаў. Апошні раз сэксалягічная энцыкляпэдыя выдавалася 10 год таму і была кампіляцыяй з замежных выданьняў. Найноўшае ж выданьне, якое ўжо ахрысьцілі “Беларускай Камасутрай”, пацягне на 700 старонак, усе матэрыялы напісаныя беларускімі навукоўцамі з улікам, як сьцьвярджаецца, беларускіх рэаліяў.

Натхняльнік праекту, галоўны сэксапатоляг Беларусі Зьміцер Капусьцін абяцае, што ў кнігу увойдуць новыя паняткі зь інтымнага жыцьця, якія зьявіліся ў беларускім грамадзтве за апошнія 10 год. Ажыятаж выклікала й абяцаньне спадара Капусьціна апісаць 75 сэксуальных вычварэньняў.

Дзіўная справа, але ў гарачую летнюю пару, калі людзі па статыстыцы найбольш цікавяцца сэксам, усе 12 беларускіх сэксолягаў сыйшлі да 2 жніўня ў адпачынак. А пакуль аўтары ў адпачынку, у беларускіх СМІ, чатах і форумах працягваецца гарачае абмеркаваньне навіны. Людзі нязгодныя з высновай, што энцыкляпэдыя вырашыць праблемы дэмаграфіі. Вось што кажуць мінакі на вуліцах Менска:

(Малады чалавек: ) “Трэба шукаць нейкія варыянты для больш кардынальнага вырашэньня гэтай праблемы. Сям’я павінна мець добры бюджэт для выхаваньня дзяцей. Зразумела, што ў гэтых умовах зарабіць грошы немагчыма, бо эканоміка цалкам залежыць ад палітыкі”.

(Карэспандэнтка: ) “Што патрэбна вам, каб мець дваіх-траіх дзяцей?”

(Малады чалавек: ) “Па-першае, жонка. Ну і, безумоўна, грошы й праца”.

(Дзяўчына: ) “У нас як народзіш? Ня ведаеш, што цяпер з тым дзіцём рабіць. Няма працы, малыя заробкі. Жахліва, калі шчыра”.

Людзі не адпрэчваюць актуальнасьці энцыкляпэдыі, але кажуць, што маюць і іншы доступ да сэксуальнай адукацыі.

(Хлапцы: ) “З гэтым няма праблем, бо ёсьць інтэрнэт і літаратура на гэты конт. Нашая адукацыя ў гэтым пляне нармалёвая”.

Марыйка Мартысевіч, лідэр аднаго з моладзевых асяродкаў, лічыць, што сучасны чалавек найчасьцей зьдзяйсьняе сэксуальны акт не для зачацьця новых грамадзянаў.

(Мартысевіч:) “Ня ўсе яны заканчваюцца зачацьцем. Так, нашае насельніцтва неабазнанае ў сэксе, але калі штосьці робіцца зьверху, я баюся, гэта скончыцца орўэлаўскім сцэнаром, калі людзі жывуць у шкляных сьценах і для сэксу апускаюць шторкі”.

Навіна аб выданьні энцыкляпэдыі супала па часе з пышным вясельлем Максіма Мірнага, на якое было выдаткавана блізу 75 тысячаў даляраў. Госьці падаравалі Максіму й ягонай жонцы Ксеніі “Камасутру”. Адзін з удзельнікаў інтэрнэт-форуму выказаў думку, што хіба заможная сям’я Мірных і здольная заняцца ўратаваньнем дэмаграфічнага становішча ў краіне.
XS
SM
MD
LG