Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выніку новых мытных правілаў беларусы будуць купляць тавары не айчыннага, а расейскага вырабу


Іна Студзінская, Менск Беларуская прамысловасьць па-ранейшаму працуе “на склад”. Запасы гатовай прадукцыі прадпрыемстваў Беларусі складаюць амаль 60% ад сярэднемесячнага аб’ёму вытворчасьці. І каб прымусіць беларусаў купляць айчынныя тавары, а не завозіць імпартныя з-за мяжы, урад вырашыў змагацца з так званым “шэрым імпартам” і ўвёў новыя мытныя правілы. Цяпер, да прыкладу, за любы электрапрыбор, які ўвозіцца з Польшчы ці Нямеччыны, дадаткова давядзецца заплаціць яшчэ 30% мыты. І ня мае значэньня, вязеш ты адзін прас ці тэлевізар для сябе ці фуру на продаж. Ці прымусяць гэтыя новаўвядзеньні “купляць беларускае”?

Затаваранасьць складоў і базаў стала ўжо хранічнай хваробай беларускай эканомікі. На складах і базах назьбіралася тавараў на 1 трыльён 703 мільярды беларускіх рублёў. Прычым, на “склад” працуюць амаль усе галіны – чорная мэталюргія, хімічная і нафтахімічная прамысловасьць, мэталяапрацоўка, лясная, дрэваапрацоўчая прамысловасьць, вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў. А найбольшую ўдзельную вагу ў агульным аб’ёме запасаў займае прадукцыя машынабудаваньня, харчовай і лёгкай прамысловасьці.

Так, да прыкладу, лядоўняў і маразільнікаў на складах назьбіралася больш за 40 тысяч (у 14 разоў больш), тэлевізараў – амаль 102 тысячы (212%), гадзіньнікаў – 1 мільён 229 тысяч штук. “На склад” працуюць амаль усе абутковыя фабрыкі (за выключэньнем хіба што “Белвэсту”).

Каб народ купляў сваё, беларускае, імпартныя бытавая тэхніка, прадукты, алькагольныя вырабы абкладаюцца падвышанымі мытамі. Урад хоча падтрымаць мясцовых вытворцаў і робіць новыя захады, каб і гандляваць імпартным таварам, і купляць замежнае было невыгадна. Ці прынясуць гэтыя захады плён? Вось меркаваньне экс-прэм’ера Міхаіла Чыгіра:

(Чыгір: ) “Зразумела, што новыя мытныя правілы – гэта абарона айчынных вытворцаў. Але ж яна занадта моцная – калі так іх абараняць, яны ніколі ня змогуць выпускаць такую прадукцыю, якая будзе блізкай па якасьці да замежнай, і блізкай па коштах.

А тое, што тычыцца запасаў на складах, то гэта хвароба, якой наша эканоміка даўно хварэе. Вядома, гэтыя рашэньні зьвязаныя паміж сабой. Сёньня, калі завезьці самае звычайнае – кавамолку, ці што іншае – дадаткова прыйдзецца плаціць на мяжы. Таму частка насельніцтва вымушаная будзе купляць айчыннае. Але ў насельніцтва ёсьць і іншая магчымасьць: яно будзе завозіць тавары з Расеі. А там беларусы ня ў стане кантраляваць мяжу. Я б сказаў так: нічога добрага з гэтага няма”.

Эканамісты мяркуюць, што новыя захады беларускага ўраду па абароне айчыннага вытворцы прывядуць, сярод іншага, да росту цэн. І гэта, натуральна, адаб’ецца на кішэні простага беларуса. Так што прадукты, якіх цяпер можна ўвозіць з-за мяжы толькі 5 кіляграмаў, можа, і будуць купляць айчынныя. Але што да складанай бытавой тэхнікі – наўрад ці. Людзі хочуць мець якасныя тавары, сьцьвярджае мой суразмоўца.

(Спадар: ) “Ёсьць такая старая прымаўка: сквапны плаціць двойчы, дурань – тройчы, а лох – усё жыцьцё. Проста якасьць замежных тавараў, на жаль, значна вышэйшая, чым беларускіх, і надзейнасьць таксама. Вось у маіх бацькоў, напрыклад, тэлевізар айчыннай вытворчасьці. Ён ламаўся адзін раз у пэрыяд гарантыйнага тэрміну, потым яшчэ разоў 5. У мяне імпартны тэлевізар, за 10 гадоў ён зламаўся толькі адзін раз, і тое на 10-м годзе жыцьця”.

(Карэспандэнтка: ) “Зараз кажуць, што “Гарызонты”, “Віцязі” ідуць зь імпартнымі камплектуючымі, акцыі праводзяцца са зьніжэньнем цэнаў, лятарэі з выйгрышам нават кватэры. Гэта ня вабіць?”

(Спадар: ) “У азартныя гульні зь дзяржаваю я не гуляю даўно, зь беларускімі прадпрыемствамі таксама. Што тычыцца нашай зборкі, то яна ўсё ж не такая надзейная, як нямецкая ці нават тайваньская. На жаль, але гэта так. Проста народ ужо развучыўся працаваць. Нават зь імпартнай камплектацыяй так званая “чырвоная зборка” ня вельмі якасная”.

Так што народ пакуль не сьпяшаецца “купляць беларускае”. Нягледзячы на ўсе абмежаваньні, “чаўнакі” шукаюць ужо новыя схемы, як абыйсьці ўсе дадатковыя паборы і мыты, таму што значная частка дробных прадпрымальнікаў жыве за кошт продажу імпартных тавараў з краінаў Эўразьвязу. І пракладае новыя сьцежкі за таварамі ў Расею.
XS
SM
MD
LG