Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле афіцыйных дадзеных сёлета ў Беларусі меней беспрацоўных, чым летась


Юлія Шарова, Менск Сытуацыя на рынку працы ў Беларусі стабілізуецца. Паводле зьвестак Міністэрства працы, павялічылася колькасьць вакансіяў, значна скарацілася беспрацоўе. Адзначаюцца таксама іншыя станоўчыя зьявы, хоць яшчэ год таму дзяржава была заклапочаная ростам беспрацоўя.

Зьніжэньне беспрацоўя ў параўнаньні зь мінулым годам адбылося амаль на адсотак – летась у чэрвені ягоны ўзровень ствараў 3,2 адсотка да эканамічна актыўнага насельніцтва, сёлета – ужо 2,4 адсотка. Для Беларусі гэта сапраўды значнае зьніжэньне. Адначасова ўзрос попыт на працоўную сілу: год таму на адно месца прэтэндавалі чатыры чалавекі, цяпер толькі два. Адпаведна палепшылася й статыстыка працаўладкаваньня: у першым паўгодзьдзі новае месца знайшлі амаль на 19 адсоткаў прэтэндэнтаў болей, чым у той жа пэрыяд мінулага году. 14,5 тысяч чалавек былі накіраваныя на прафэсійнае навучаньне за кошт сродкаў фонду занятасьці.

Як паведаміла загадчык аддзелу народанасельніцтва й рынка працы Міністэрства працы Алена Русаковіч, сёньня грашовую дапамогу па беспрацоўі атрымліваюць больш за 48 тысяч чалавек – гэта амаль палова тых, хто стаіць на ўліку ў службе занятасьці. Сярэдні ж памер дапамогі – 29 тысяч рублёў.

Аднак ці даюць гэтыя статыстычныя зьвесткі падставу для аптымізму? Былы міністар працы, эканаміст Аляксандар Сасноў мяркуе, што сытуацыя на рынку працы ў Беларусі стабілізавалася толькі часова.

(Сасноў: ) “У пачатку лета так адбываецца заўсёды, бо частка беларускага насельніцтва зьяжджае на часовыя працы ці ў Расею, ці кудысьці яшчэ. А вось што адбудзецца ў верасьні, калі тыя, хто сёлета скончыў школу і не паступіў нікуды, пойдзе працаваць… Вось тады ўсё зноў вернецца на кругі свая”.

Да таго ж, кажа экспэрт, афіцыйны ўзровень беспрацоўя па-ранейшаму вельмі далёкі ад рэальнага, бо такі статус атрымліваюць толькі тыя асобы, што рэгіструюцца ў цэнтрах занятасьці. Тыя, хто рэальна не працуе, у сваёй бальшыні на біржу працы не ідуць. Непапулярнасьць цэнтраў занятасьці Аляксандар Сасноў патлумачыў тым, што вакансіі, якія там прапануюць, заўсёды ніжэйшыя за ўзровень патрабаваньняў беспрацоўнага. Лёгка знайсьці толькі працу зь нізкім заробкам. Замест гэтага чалавек пачынае жыць нейкімі разавымі работамі, не атрымліваючы сталага прыбытку.

Таму рэальнае беспрацоўе паводле прыкладных падлікаў можа дасягаць 9 адсоткаў ад эканамічна актыўнага насельніцтва. Дзяржава, аднак, не праводзіць комплексных сацыялягічных дасьледаваньняў гэтай зьявы, бо ёй гэта ня выгадна, лічыць спадар Сасноў. Па-ранейшаму сярод беспрацоўных найбольш жанчын, вельмі маладых людзей ды людзей перадпэнсійнага веку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG