Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слонімскія ўлады адабралі ў прыватнай транспартнай фірмы найбольш прыбытковы маршрут


Міхал Стэльмак, Менск Агляд незалежнай прэсы

“Газэта Слонімская” зьвяртаецца да тэмы нядаўняга сьвяткаваньня 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў. Яна задаецца пытаньнямі: ці ўсе былі ўшанаваны? Ці пра ўсіх узгадалі? Пра надзённасьць гэтых пытаньняў сьведчыць, паводле газэты, трагічная гісторыя жыхароў вёскі Лунна, што на Мастоўшчыне. Тут перад вайною жыло паўтары тысячы габрэяў. Яны займаліся рамяством і гандлем. Карэнныя вяскоўцы дагэтуль памятаюць імёны тутэйшых габрэйскіх майстроў: Зымель, Фішэр і Хайка былі краўцамі, Трацяк — аптэкарам. Майдаль трымаў краму, Гаўберг працаваў лекарам. Усе яны – да апошняга чалавека – былі зьнішчаныя. Але ў Лунне дагэтуль няма ніводнага знака ў памяць аб іх, хаця ў пасьляваенны час на беларускай зямлі былі пастаўленыя сотні помнікаў воінам-вызваліцелям. У гэтай сувязі слонімскае выданьне зазначае, што шанаваньне памяці ў Беларусі нейкае фільтраванае, выбарачнае.

Тэму 60-х угодкаў вызваленьня Беларусі ўздымае на сваіх старонках і слуцкая газэта “Інфа-Кур’ер”. Яна паведамляе пра ініцыятыву мясцовых прадпрымальнікаў, якія наладзілі сьвяточную імпрэзу для трыццаці слуцкіх вэтэранаў. Бізнэсоўцы, дзейнасьць якіх не атрымала належнага прызнаньня ў структурах улады, уручылі вэтэранам падарункі на 100 тысяч рублёў. Падчас імпрэзы прадпрымальнікі паінфармавалі ўдзельнікаў вайны пра свае праблемы, выкліканыя неспрыяльнымі ўмовамі працы ў недзяржаўным сэктары эканомікі Беларусі. Шляхам нефармальнага дыялёгу слуцкія бізнэсоўцы, як паведамляе “Інфа-кур’ер”, разьлічваюць абвергнуць стэрэатыпы, што склаліся вакол іх, і ўсталяваць давер у дачыненьнях з прадстаўнікамі старэйшага пакаленьня.

Дарэчы, пра заганную палітыку нэгатыўнага стаўленьня да недзяржаўных гаспадарчых структураў з боку органаў улады распавядае і згаданая ўжо “Газэта Слонімская”. Дыскрымінацыю, паводле яе, адчувае на сабе прыватная фірма “Албікус”, якая займаецца ў Слоніме аказаньнем жыхарам горада транспартных паслугаў. Фірме забаранілі вазіць пасажыраў па адным з гарадзкіх маршрутаў. Як паінфармаваў ейнага кіраўніка старшыня выканкаму Мечыслаў Касьцюк, гэты маршрут прыносіць найбольшы прыбытак, таму на ім будзе працаваць толькі аўтатранспарт дзяржаўнага прадпрыемства. Паводле выданьня, уладамі парушаецца прынцып здаровай канкурэнцыі паміж суб’ектамі гаспадараньня рознай формы ўласнасьці.

Газэта “Камсамольская праўда ў Беларусі” інфармуе пра дзіцячы конкурс песьні “Эўрабачаньне-2004”, які пройдзе 20 лістапада ў Нарвэгіі. Як вынікае з публікацыі, удзел у ім каштуе 26 тысяч даляраў. Такі ўнёсак мусіць зрабіць краіна, якая заявіць на конкурс свайго прадстаўніка. Беларусь, як высьветліла “Камсамольская праўда ў Беларусі”, прыняла станоўчае рашэньне на гэты конт і прадставіць свайго юнага ўдзельніка, чый узрост не павінен перавышаць 15 гадоў. Больш таго, выданьне называе і імя найбольш верагоднага кандыдата на паездку ў Нарвэгію, хаця нацыянальны конкурс прэтэндэнтаў на ўдзел у “Эўрабачаньні-2004” яшчэ наперадзе.
XS
SM
MD
LG