Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альгірдас Бразаўскас сустрэўся ў Коўне зь віцэ-прэм’ерам Беларусі Ўладзімерам Сямашкам


Тацяна Поклад, Коўна Прэм’ер-міністар Літвы Альгірдас Бразаўскас сёньня сустрэўся зь віцэ-прэм’ерам Беларусі Ўладзімерам Сямашкам, які цяпер выконвае абавязкі прэм’ера. Прэзыдэнт Літвы ў сваёй прамове ў часе інаўгурацыі выказаў спадзеў, што Беларусь “вернецца на шлях дэмакратыі і злучыць сваю будучыню з эўраатлянтычнымі структурамі”

Асноўнае пытаньне сустрэчы, якая адбылася у Коўне, – павялічэньне аб’ёмаў грузавых перавозак з боку Беларусі праз Клайпедзкі марскі порт.

Доля Беларусі у агульным аб’ёме грузаў, якія перавозяцца праз Клайпедзкі порт, складае каля 22%. Праз Клайпеду пераважна экспартуецца прадукцыя прадпрыемства “Беларуськалій” і Беларускага мэталюргічнага заводу.

Летась беларускія перавозкі зьменшыліся ў параўнаньні з 2002 годам, хаця экспарт зь Беларусі павялічваўся (прынамсі, гэтак сьцьвярджаюць беларускія прадстаўнікі). Літоўскі прэм’ер прапанаваў Беларусі больш актыўна выкарыстоўваць магчымасьці транзыту праз Клайпедзкі порт, балазе там нядаўна зробленая рэканструкцыя глыбакаводных прычалаў.

У адказ на заяву Ўладзімера Сямашкі пра тое, што Беларусь мае намер стварыць свой марскі флёт, літоўскі прэм’ер А.Бразаўскас прапанаваў рэгістраваць яго пры Клайпедзкім порце.

Часова выконваючы абавязкі беларускага прэм’ера У.Сямашка прапанаваў таксама Літве абмяркаваць магчымасьці продажу электраэнэргіі ў Беларусь без пасярэднікаў. Вынікам таго, што Беларусь доўгі час не выплачвала вялізарную запазычанасьць Літве за электраэнэргію, склалася цяперашняя сытуацыя – Беларусь атрымоўвае літоўскую электраэнэргію толькі праз расейскую кампанію “Inter RAO JES”. Тэрмін дамоўленасьці “Літоўскай энэргіі” з гэтай расейскай кампаніяй заканчваецца сёлета, і будзе абвешчаны новы конкурс. На прапанову Беларусі літоўскі прэм’ер адказаў, што ў конкурсе змогуць ўзяць удзел усе жадаючыя кампаніі, у тым ліку і беларускія кампаніі.

Літоўскі прэм’ер А. Бразаўскас узьняў пытаньне дыялёгу Беларусі з Эўразьвязам. Ён падкрэсьліў, што Беларусь мае зрабіць канкрэтныя крокі дзеля паляпшэньня сваіх дачыненьняў з краінамі Эўрапейскага Зьвязу. Паводле літоўскага прэм’ера, Эўразьвяз чакае дэмакратычных крокаў Беларусі. Найперш, паводле А. Бразаўскаса, павінны зьмяніцца дачыненьні з апазыцыяй і сродкамі масавай інфармацыі. Як паведаміла інфармацыйная агенцыя ELTA, кіраўнік літоўскага ўраду таксама выказаў беларускаму боку папрок адносна намераў закрыць Эўрапейскі гуманітарны унівэрсытэт.

Тым часам прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус у сваім выступе у Сойме у часе сёньняшніх урачыстасьцяў інаўгурацыі, адзначыў, што Літва зацікаўленая ў пашырэньні у бок Усходу прасторы бясьпекі й стабільнасьці і ўсталяваньня дэмакратычных каштоўнасьцяў. Адамкус сказаў: “Ня згасае надзея, што Беларусь вернецца на шлях дэмакратыі і злучыць сваю будучыню з эўраатлянтычнымі структурамі”

На фотаздымку: Уладзімер Сямашка.
XS
SM
MD
LG