Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг кадравых прызначэньняў у дзяржаўных органах і КГБ


Ігар Карней, Менск Кадравыя прызначэньні адбыліся ў дзяржаўных органах улады, у тым ліку й у Камітэце дзяржаўнай бясьпекі. Назіральнікі адзначаюць, што КГБ Беларусі робіцца ўсё больш падобным да свайго папярэдніка савецкіх часоў.

У доўгім сьпісе чыноўнікаў, прызначаных Лукашэнкам, – ягоны новы дарадца ў спартовых пытаньнях, кіраўнікі райвыканкамаў, прадпрыемстваў, а таксама асобы, якія будуць займаць высокія пасады ў шэрагу міністэрстваў. Незалежныя назіральнікі перадусім зважылі на кадравыя прызначэньні ў сілавых ведамствах, асабліва – у Камітэце дзяржаўнай бясьпекі.

Цяпер кіраваць упраўленьнем абароны канстытуцыйнага ладу й барацьбы з тэрарызмам будзе палкоўнік Аляксандар Талсташоў, а ўпраўленьнем контравыведкі КГБ – палкоўнік Георг Самсонаў. Абодва – прафэсійныя супрацоўнікі спэцслужбаў. Дагэтуль Талсташоў займаў пасаду другога намесьніка кіраўніка гэтага ж упраўленьня; Самсонаў перайшоў у контравыведку з цэнтральнага апарату КГБ.

Экспэрты зьвязваюць новыя прызначэньні гэтых афіцэраў з уплывам надзвычай энэргічнага генэрал-маёра Сьцяпана Сухарэнкі – першага намесьніка старшыні КГБ й непасрэднага куратара ўпраўленьня абароны канстытуцыйнага ладу. Былы супрацоўнік упраўленьня контравыведкі Валер Костка лічыць гэтыя прызначэньні лягічнымі для кар’ерных апаратчыкаў.

(Костка: ) “Усе гэтыя камітэтчыкі – новыя, такія маладыя, што некаторых я яшчэ дзецьмі памятаю. Але, я вам скажу, калі пачынаюцца вялікія ператрусы, то гэтыя хлопцы самі разумеюць, калі трэба выскокваць з лодкі. Папросту калі час не прыйшоў – яны яшчэ плывуць, а як час падыдзе – яны ўсе сігануць. Хто Мілошавіча абараняў, хто Хусэйна, хто Чаўшэску? Ніхто не абараняў”.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Мячыслаў Грыб канстатуе, што ўлада ўпарта вяртае да жыцьця так званы пяты аддзел КГБ, які пільна кантраляваў усе сфэры палітычнага й грамадзкага жыцьця

(Грыб: ) “Калі мы прымалі “Закон аб Камітэце Дзяржаўнай Бясьпекі” ў Вярхоўным Савеце 12 скліканьня, мы гэты пяты аддзел пры КГБ скасавалі. Гэта аддзел, які займаўся палітычнымі партыямі, грамадзкімі аб’яднаньнямі. Пры Лукашэнку яго зноў аднавілі, ён лічыцца як аддзел аховы канстытуцыйнага ладу, але ж гэта адно й тое ж. І ён набыў такія памеры, якіх нават ня меў пры савецкай уладзе. Цяпер для ўлады ён вельмі важны. Але, на мой погляд, ён не асновы Канстытуцыі абараняе, а некага іншага”.

А чым выкліканы падобныя прызначэньні – тым, што людзі не спраўляюцца з задачай?

(Грыб: ) “У краіне восем арганізацыяў займаюцца апэратыўна-вышуковай дзейнасьцю, і яны паміж сабой канкуруюць. Калі служба бясьпекі прэзыдэнта мае такую структуру, пракуратура, МУС, КГБ, трэба супастаўляць: хто й да чаго здольны. Калі службаў шмат, яны перад кіраўніком краіны “шэпчуць” адзін на другога: нехта ня так зрабіў, мы зрабілі лепш. Таму для ўладаў лепей, каб людзі не заседжваліся, каб яны не пачалі працаваць на іншы бок”.

Незалежны журналіст Раман Якаўлеўскі, які піша пра сілавыя структуры, таксама падкрэсьлівае: раз абноўленае ўпраўленьне аховы канстытуцыйнага ладу стала пераемнікам колішняга пятага аддзелу, то й абавязкі за ім замацаваны тыя ж: сачыць за грамадзкімі рухамі, журналістамі незалежных СМІ й наагул – за настроямі ў грамадзтве. А вынікі гэтай працы – закрыцьцё газэт, партыяў, выгнаньне з краіны журналістаў. Усе прэцэдэнты з дэпартацыяй няўгодных журналістаў – праца менавіта гэтага аддзелу.

(Якаўлеўскі: ) “Кадравыя прызначэньні ў КГБ ў апошнія месяцы адбываюцца пасьля комплекснай праверкі камісіі дзяржсакратара Рады бясьпекі генэрал-лейтэнанта Нявыгласа. А што да ўпраўленьня абароны канстытуцыйнага ладу, то яно спрычынілася да так званай журналісцкай справы Міхаіла Падаляка, грамадзяніна Ўкраіны. Дэпартаваны ён быў з фармулёўкай “за пагрозу нацыянальнай бясьпецы”. Ня памятаю, каб зь Беларусі выганялі з такой фармулёўкай. Усе гэтыя перамены сьведчаць пра тое, што КГБ, як ніякая іншая сілавая структура, рыхтуецца да выбараў і магчымага рэфэрэндуму”.
XS
SM
MD
LG