Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі прымуць удзел у акцыі 21 ліпеня як шэраговыя грамадзяне Беларусі


Галіна Абакунчык, Менск Грамадзкая арганізацыя прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” ня будзе прымаць удзелу у абмеркаваньні вынікаў 10-гадовага прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, якое на 21 ліпеня абвесьцілі дэпутаты парлямэнцкай групы “Рэспубліка”. Лідэр арганізацыі Анатоль Шумчанка заяўляе, што на гэткае рашэньне паўплываў ня страх перасьледу з боку дзяржаўных органаў, а разыходжаньне поглядаў на мэханізм правядзеньня акцыі.

У Гомелі й Менску гэтымі днямі праходзяць судовыя працэсы над прадпрымальнікамі, якія ўдзельнічалі ў аднадзённым страйку на знак салідарнасьці з дэпутатамі групы “Рэспубліка” падчас іхнага галадаваньня. Дачынна да шмат каго з актыўных удзельнікаў акцыі цяпер таксама праводзяцца фінансавыя праверкі. Але актывісты прадпрымальніцкага руху ўспрымаюць гэта як характэрную рэакцыю недэмакратычных уладаў – кажа адзін з арганізатараў страйку, лідэр “Пэрспэктывы” Анатоль Шумачанка.

(Шумчанка: ) “Мы ведаем, на што ідзем – для нас гэта не навіна й ня дзіва. Мы ведаем, у якой краіне жывём, ведаем, што ад гэтай улады чакаць, бо, на жаль, ёсьць прыклады і закрыцьця арганізацыяў, і выкраданьня людзей. Таму я да такіх выпадкаў ставіўся б спакойна: жыцьцё працягваецца”.

Рашэньне “Пэрспэктывы” ня ўдзельнічаць у масавай акцыі 21 ліпеня, прысьвечанай 10-годзьдзю прэзыдэнцтва Лукашэнкі, спадар Шумчанка патлумачыў наступным чынам:

(Шумчанка: ) “Мы падтрымалі гэта ўжо 17-га, але мы хацелі б бачыць, што й іншыя групы насельніцтва падтрымліваюць. Мы хацелі б бачыць, што нашыя дэпутаты й палітыкі працуюць таксама з іншымі групамі насельніцтва – настаўнікамі, лекарамі, працоўнымі – і не замыкаюцца толькі на прадпрымальніках. Таму стратэгічна мы рухаемся ў адным накірунку, а тактычна разыходзімся. Але калі будзе абвешчаны рэфэрэндум пра трэці тэрмін, дык тады будзе ўсё роўна, хто будзе праводзіць, як і чаму. Мы касьцьмі ляжам, каб гэтага не адбылося”.

Паводле спадара Шумчанкі, ён мае намер прыняць удзел у акцыі асабіста як грамадзянін краіны й заклікае сваіх калег-прадпрымальнікаў зрабіць тое самае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG