Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гандляры з Задняпроўскага рынку ў Магілёве выйшлі на акцыю пратэсту


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў У Магілёве адбылася акцыя пратэсту прадпрымальнікаў з аднаго з самых буйных рынкаў абласнога цэнтру – Задняпроўскага. Прыватнікі выказалі свой пратэст уладам, якія пакінулі іх без працоўных месцаў.

Учора на цэнтральнай плошчы Магілёва, насупраць дому саветаў сабралося каля дзвюх соцень прадпрымальнікаў. Яны хацелі, каб чыноўнікі пачулі іх патрабаваньне – не адбіраць у іх працу і заробак.

Справа ў тым, што “вэртыкаль” Магілёва дала дазвол прыватнай фірме пабудаваць на месцы Задняпроўскага рынку сучасны гандлёвы цэнтар. Напрыканцы сакавіка з дапамогай падобнай на сёньняшнюю акцыі пратэсту прадпрымальнікі дамагліся ад уладаў абяцаньня перанесьці рынак у іншае, прыстасаванае для гандлю месца. На тэрыторыі былога вайсковага шпіталю на вуліцы Лазарэнка пачалі будаваць Віленскі рынак.

12 ліпеня ж стары рынак зачыніўся, а новы не гатовы. Гэта і стала прычынай новага канфілкту паміж прадпрымальнікамі і ўладамі.

(Спадар: ) “Мы засталіся ні з чым. Задняпроўе зь сёньняшняга дня міліцыя ачапіла, а рынак афіцыйна не прыняты. Таму мы засталіся без працы…”

(Спадарыня: ) “Прымусілі пры гэтым заплаціць падаткі і выкінулі нас”.

(Спадарыня: ) “Людзей проста як жывёлу гоняць”.

(Спадар: ) “Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, кожны чалавек мае права на працу. Нас яго пазбавілі проста так, і ўсё”.

Прадпрымальнікі вінавацяць ўлады ў цяперашняй непрыемнай сытуацыі.

(Спадар: ) “Гарадзкія ўлады – яны нас падманулі”.

(Спадарыня: ) “Увогуле абыякавае стаўленьне да людзей. Нас проста не паважаюць, мы як ізгоі”.

(Спадарыня: ) “Хутчэй за ўсё яны проста не любяць наш народ. Тыя, якіх мы выбіралі. Яны робяць сабе грошы і ўсе…”

(Спадарыня: ) “Чаша цярплівасьці ўжо перапоўненая, разумееце?”

(Спадар: ) “Гэта проста ідзе генацыд народу. Генацыд беларускага народу, і ўсё”.

Пратэстоўцы арганізавалі ініцыятыўную групу, якая сустракалася з кіраўніцтвам Магілёва. Загадчык сэктара развіцьця прадпрымальніцтва гарвыканкаму Юры Манкевіч аб”явіў, што неўзабаве адкрыецца новы рынак.

(Манкевіч: ) “На сёньня ён гатовы на 95 адсоткаў. Яны могуць станавіцца і працаваць. Там толькі не гатовая аўтастаянка – вось і ўсё пытаньне”.

Чыноўнікі, каб пагасіць канфлікт з прадпрымальнікамі, сёньня дазволілі гандлярам часова, на тыдзень вярнуцца на свае працоўныя месцы. На 20 ліпеня прызначанае адкрыцьцё новага Віленскага рынку.
XS
SM
MD
LG