Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы дзяржаўную мяжу перасякаюць


Севярын Квяткоўскі, Менск Чарговая перадача сэрыі “Чытальная заля”.

Беларусь, дзякуй Богу, ня востраў. Пагатоў, ня "востраў Свабоды", зь якога штогод імкнуцца ўцячы тысячы кубінцаў. Плывуць морам на плытах, хаваюцца ў фюзэляжах самалётаў. І гінуць, гінуць тысячамі. А ў нас: сеў у цягнік, машыну ці аўтобус і перасёк сабе дзяржаўную мяжу.

Асабіста я перасякаў дзяржаўную мяжу і пешкі, і на ровары, і нават на байдарцы. Вядома, на падобную атракцыю мне пашанцавала на новых дзяржаўных межах: на поўначы й на ўсходзе Беларусі, дзе памежны кантроль альбо ня надта пільны, альбо адсутнічае ўвогуле. Што да заходняй мяжы, то цяпер да яе можна ўжываць слова “рубеж”. Рубеж – гэта і ўмацаваная лінія, і край, за якім ужо нічога няма.

Для савецкіх беларусаў за Бугам сапраўды нічога не было: нейкая фантастычная тэрыторыя, пра якую ведалі адно легенды з праграмы “Время” ды пачутыя ад рэдкіх шчасьліўцаў, якія пабывалі ў “гнілым капіталізьме” й нават далей. А звычайны чалавек ня меў надзеі перасекчы Буг і пабачыць новыя краіны: да вывучэньня замежных моваў ставіліся, як да непатрэбнай пакуты. А таму замежжа існавала ў сьвядомасьці, нібы тое залюстэр’е: як суцэльная ірэальнасьць. Ну хіба суседзі па сацлягеры ўспрымаліся не як прывіды – іх-такі бачылі з акна турыстычнага аўтобусу ці праз калючы дрот у часе службы ў Заходняй групоўцы савецкіх войскаў. “А Прага! Мой бацька быў там аднойчы – у 1968 годзе”, – жартавалі мае аднагодкі.

Цяперашнія маладыя беларусы ставяцца да дзяржаўнай мяжы без эмоцыяў: сеў ды паехаў. Але фармулёўка “сеў ды паехаў” была дзейсная для ўсіх без вынятку толькі на пачатку 1990-х. Да 1995 году. Палітыкі Зянон Пазьняк і Сямён Шарэцкі кожны ў свой час выяжджалі з краіны ў машынах з дыпляматычнымі нумарамі, на якія памежнікі ня маюць права дагляду. А вось паэт Славамір Адамовіч спрабаваў перасекчы кардон пешшу, пад выглядам грыбніка. Чаму б ім было ня ўзяць квіткоў на аўтобус альбо цягнік?

Пытаньне, на якое мы можам адшукаць адказ у 19 стагодзьдзі. Больш як сто гадоў таму царскія памежныя службы не пільнавалі наркотыкаў, атрутных рэчываў, антыкварыяту ды рэдкіх відаў расьлін і жывёл. Сярод звыклай эканамічнай кантрабанды шукалі больш небясьпечную – літаратуру. А таксама тых людзей, што пісалі й прадукавалі памянёную літаратуру: газэты, лістоўкі, брашуркі й нават паэтычныя зборнікі.

Чаму Францішак Багушэвіч выдаў сваю “Дудку беларускую” на тэрыторыі Аўстра-Вугоршчыны? А чаму першы нумар адноўленае газэты “Свабода” друкавалі ў Латвіі за часамі перабудовы?..

Але ўгледзімся ў сучасныя межы Рэспублікі Беларусь. Вунь на расейскай мяжы канфіскуюць сьвежы нумар “Белорусской деловой газеты”. А вунь здымачная група расейскага НТВ робіць сюжэт з польска-беларускай мяжы. Гэта закрытая газэта “Навінкі” выдала спэцвыпуск у Беластоку й дэманструе, як трэба правільна правозіць празь мяжу палітычную друкаваную прадукцыю. А вунь яшчэ адзін груз, ужо на літоўскай мяжы. Гэта цяперашнія кніганошы: вязуць кніжку самага вядомага беларускага пісьменьніка сучаснасьці, чые творы дзяржава адмовілася друкаваць…

Колішні рэдактар газэты “Наша Ніва” Сяргей Харэўскі з сумным сьмехам распавёў гісторыю. Зрабілі чарговы нумар газэты, а тут Харэўскага запрасілі на канфэрэнцыю ў Польшчу. Прыхапіў рэдактар дзясятак сьвежых нумароў – на прэзэнты. А берасьцейскія мытнікі сканфіскавалі: “А раптам?”

“Што “раптам?” – зьдзівіўся знаёмы чэх, у якога сканфіскавалі купу беларускіх газэт і брашур, назьбіраных у менскіх рэдакцыях і офісах грамадзкіх і палітычных арганізацыяў у часе камандыроўкі. Адказ і цяпер там – на берасьцейскай мытні, схаваны ў сакрэтных фармулярах і прыцемках сьвядомасьці мясцовых начальнікаў.

Берасьцейская мытня хіба самая вясёлая. Па-першае, тут ходзіць дызэль “Берасьце-Тэрэспаль”, вядомы пад назвай “сьпіртавоз”, бо ім карыстаюцца кантрабандысты: цёткі-дзядзькі, што нелегальна правозяць сьпірытус і цыгарэты. А па-другое, ідзе цягнік “Менск-Варшава”, вядомы ў народзе як цягнік “Жыве Беларусь!” Бо ці не штодня рэйсам карыстаюцца беларускія грамадзкія дзеячы, мастакі, музыкі, літаратары, навукоўцы, бізнэсмэны, а таксама нелегальныя работнікі ў Польшчы. Хтосьці едзе на канфэрэнцыю, хтосьці на канцэрт, хтосьці на вучобу, а хтосьці на цяжкую фізычную працу будаўніка ці гандляра на варшаўскім стадыёне. І вядома, кантрабандысты, якія мусяць быць вельмі ўдзячныя палітыкам і грамадзкім дзеячам.

Як і за часамі Францішка Багушэвіча, менавіта неляяльныя да ўлады людзі найперш цікавяць памежныя службы. Менавіта спэцыяльныя “чорныя сьпісы” падказваюць мытнікам, каго трэба даглядаць з асаблівай пільнасьцю.

Зрэшты, перасячэньне дзяржаўнае мяжы для беларуса можа ператварыцца й у вясёлы пэрформанс. А беларускія памежнікі могуць падацца ледзь не сябрамі дзяцінства.

Некалькі гадоў таму мне пашчасьціла паехаць разам з гуртамі “Новае Неба” й “Уліс” на гастролі ў Заходняй Украіне. Мы спыніліся на памежным аўтапераходзе ў Берасьцейскім раёне. Лідэр “Новага Неба” Кася Камоцкая хвалявалася. Кася ўзяла разам з сабою непаўнагадовую на той час дачку. Але праблема была ў тым, што Кася-малодшая была ўпісана ў пашпарт з “Пагоняй”, тады ўжо нібыта ня дзейсны. А Кася-старэйшая ехала па старым савецкім замежным, яшчэ дзейсным. Вось так з двума пашпартамі й дваццацідаляравай купюрай Кася Камоцкая рушыла да памежнікаў – дамаўляцца.

Праз паўгадзіны вярнулася шчасьлівая. “Мне кажуць, што пашпарт з “Пагоняй” ня дзейсны”, – распавядае Кася. – А я ім: “Гэта вам Лукашэнка сказаў? Вы што, яго так любіце?” Памежнік сумяўся ды й адказвае: “Што ён, красна-дзевіца, каб яго любіць”. І прапусьціў!

“Малойцы ўкраінцы”, – з уздыхам дадала Кася.

“Дык гэта ж – нашы!”, – хорам адказалі мы.
XS
SM
MD
LG