Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разгляд пазову аб ліквідацыі Беларускай партыі працы перанесены на 30 ліпеня


Альгерд Невяроўскі, Менск У Вярхоўным судзе Беларусі пачаўся разгляд пазову Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Партыі працы. Чыноўнікі зьвінавачваюць гэтую апазыцыйную партыю за грубыя парушэньні заканадаўства. Старшыня Партыі працы Аляксандар Бухвостаў гаворыць, што ніякіх сур’ёзных парушэньняў закону партыя не дапускала, а зьліквідаваць яе хочуць з палітычных прычын.

У судовым пазове Міністэрства юстыцыі гаворыцца, што Беларуская партыя працы несвоечасова зьмяніла свой юрыдычны адрас, не належным чынам аформіла рэгістрацыю рэгіянальных структураў і дапусьціла іншыя “грубыя парушэньні заканадаўства”. Але 12 ліпеня ў Вярхоўным судзе да разгляду пазову па-сутнасьці справа не дайшла.

Лідэр Партыі працы Аляксандар Бухвостаў заявіў два хадайніцтвы. Першае – аб недаверы судзьдзі Ганьне Сакалаўскай. (У 1999 годзе гэтая судзьдзя падтрымала рашэньне Мінюсту адмовіць у рэгістрацыі Асацыяцыі прафсаюзаў прамысловасьці, многія сябры якой ёсьць актывістамі Партыі працы.) Спадар Бухвостаў прапанаваў таксама перанесьці разгляд справы на больш позьні тэрмін, каб мець магчымасьць падрыхтавацца да працэсу. Першае хадайніцтва судзьдзя адхіліла, другое задаволіла й прызначыла наступнае паседжаньне на 30 ліпеня.

Аляксандар Бухвостаў і ягоныя паплечнікі называюць гэтую справу палітычнай і ініцыяванай напярэдадні выбараў кіраўніцтвам Фэдэрацыі прафсаюзаў ды Адміністрацыяй прэзыдэнта. Занепакоенасьць спробай ліквідацыі Партыі працы выказала амбасада ЗША ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG