Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КХП БНФ заклікае “прагаласаваць нагамі”


Алесь Дашчынскі, Менск Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ заклікае да байкоту маючых адбыцца выбараў у Палату прадстаўнікоў. Пра гэта заяўлена на ліпеньскім сойме партыі. Сябры КХП заслухалі выступ старшыні Зянона Пазьняка, у якім ён цьвердзіць, што “толькі байкот дае народу шанец на перамогу, магчымасьць адкінуць выбарчую камэдыю й авантуру з рэфэрэндумам. Усялякая ж агітацыя, каб ісьці на загадзя прайгранае галасаваньне (і тым самым спрыяць ворагам Беларусі) ёсьць у дадзеным выпадку дапамогай Маскве й злачынствам супраць самых сябе”.

Сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ зьбіраюцца ўзмацніць і пашырыць інфармацыю пра байкот. Выканаўца абавязкаў старшыні партыі Юры Беленькі разьлічвае на падтрымку вялікай колькасьці беларускага грамадзтва, якое разумее, што сапраўдных выбараў у Беларусі ня будзе.

(Беленькі: ) ”Выбараў няма, у пратаколы запісваюцца тыя вынікі, якія даводзяцца зьверху, няма нават у традыцыйным разуменьні фальшаваньняў, як людзі мяркуюць, праз падкідваньне. Вядома, гэта прысутнічае, але вырашальнае значэньне мае нават не такая форма фальшаваньняў, а папросту брутальны запіс фальшывых, неадпаведных рэчаіснасьці дадзеных пра тое, як быццам бы адбылося гэта галасаваньне. У гэтай сытуацыі ёсьць толькі адзін спосаб змаганьня: калі грамадзтва дэманструе свае адносіны да фарсу, калі грамадзтва не ідзе галасаваць. Галасаваньне нагамі – гэта адзіны спосаб змаганьня ў такой канкрэтнай сытуацыі. Ясна, што рэжым паспрабуе заганяць. Хай ён гэта робіць, хай гэта будзе відочна ўсяму сьвету, што адбываецца брутальны загон выбаршчыкаў на псэўдавыбары”.

Сябры КХП БНФ спасылаюцца на посьпех байкоту 2000-га году, які не дазволіў легітымізаваць Палату прадстаўнікоў і меў велізарнае значэньне для захаваньня незалежнасьці краіны.

Сацыёлягі, аднак, нагадваюць той факт, што большасьць выбарнікаў далі мінулай кампаніі байкоту невысокую ацэнку. А цяпер, паводле апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, амаль 63 адсоткі рэспандэнтаў з рознай ступеняй вызначанасьці заяўляюць пра намер удзельнічаць у маючых адбыцца выбарах. Пазыцыя КХП БНФ пра байкот выбараў знаходзіць падтрымку толькі ў 10-ці адсоткаў выбарнікаў.

А як ставяцца да байкоту сябры “Пяцёркі плюс” і Эўрапейскай кааліцыі? Намесьнік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч адзначае, што ўдзел у выбарах дае магчымасьці для агітацыі людзей. А што да КХП БНФ, то тут мае ўплыў пазыцыя лідэра гэтай партыі Зянона Пазьняка.

(Івашкевіч: )”Ну, калі ўсе вырашылі ісьці на выбары, ім трэба быць супраць іх, супраць усіх гэтых штучных, як яны кажуць, прамаскоўскіх апазыцыяў, нямецкіх і амэрыканскіх агентаў, якія толькі думаюць тут, як прадаць Беларусь. А яны шчырыя, незалежныя. Але на сёньняшні дзень ад іх нічога не залежыць і яны ні ад кога не залежаць. Гэты ізаляцыянізм у гісторыі мае прыклады, калі ад безвыходнасьці людзі гуртуюцца ў сэкты. На сёньняшні дзень гэта такая сэктанцкая пазыцыя”.

Старшыня БСДП (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч

(Статкевіч: ) ”Гэта тупіковы шлях, таму што байкот – гэта адмова ад шанцу на перамогу нават у будучым. Вопыт нашай партыі, якая адмовілася ад байкоту мінулых парлямэнцкіх выбараў, паказаў: калі вы ідзяцё да людзей, то потым людзі ідуць да вас. Потым праз год, на прэзыдэнцкіх выбарах, нашая партыя сабрала за сваіх кандыдатаў, якіх падтрымоўвала, столькі подпісаў, колькі ўся астатняя апазыцыя. Мы вельмі задаволены, што пераважная большасьць тых партый, акрамя КХП БНФ, якія байкатавалі ў 2000 годзе парлямэнцкія выбары, цяпер вырашылі ў іх удзельнічаць. Усясьветны вопыт сьведчыць: байкот аслабляе апазыцыю, удзел у выбарах, нават у самых несумленных, робіць яе больш моцнай.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG