Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь бязь містыкі


Сяргей Дубавец, Вільня Новая перадача сэрыі “Вострая Брама”. Беларускую сытуацыю ў сёньняшняй перадачы аналізуюць спэцыялісты “незямных” тлумачэньняў: варажбітка на картах, прадказальніца і астроляг.

Спачатку пра тое, чаму паўстала менавіта такое пытаньне – пра містыку. За мінулыя дзесяць гадоў уся ўлада ў Беларусі апынулася ў руках аднаго чалавека. Гэта значыць, дзесяць мільёнаў людзей воляй-няволяй, але цалкам залежаць не ад законаў, не ад пэўных прадстаўнікоў сваіх інтарэсаў і нават не ад сябе самых, а ад яго. Інакш кажучы, паўнамоцтвы ўсявышняга на гэтай зямлі выконвае ўсенародна абраны прэзыдэнт. Гэта ўжо містыка.

Толькі зайшоўшы на пасад, ён абвясьціў, што кіраваць будзе 12 гадоў, што за цывілізаваным сьветам свой народ не павядзе і што гітлераўская Нямеччына адпавядае ягоным уяўленьням пра прэзыдэнцкую рэспубліку. Удзячны электарат праглынуў гэтыя словы бязь ценю сумневу. Гэта таксама містыка. Не аднойчы даводзілася назіраць, як людзі, што захоплена адгукаліся пра чарговы даклад прэзыдэнта, не маглі прыпомніць, пра што ж гаварыў дакладчык. Бо слухалі інтанацыю, а ня словы. Ізноў містыка.

Ніхто ня ведае, як нараджаюцца і чым прадыктаваныя ягоныя рашэньні. Ніхто ня можа іх аспрэчыць або нейкім чынам паўплываць. Таму, натуральна, ніхто ня ведае, што будзе заўтра і чым усё гэта скончыцца. Мы быццам едзем у аўтобусе з наглуха закрытымі вокнамі, які ад таго моцна нагадвае аўтазак. Пры гэтым мы нават ня ведаем, ці бачыць дарогу ён, якія сядзіць за стырном. Мы толькі верым, што бачыць. Але ніхто з нас ня можа сказаць, што будзе з намі і з краінай праз год, месяц ці нават праз тыдзень. Ніхто ня зьдзівіцца, калі нас раптам далучаць да РФ, як ня зьдзівіцца і таму, што Беларусь уступіла ў NATO.

Цікава, што ў суседняй Літве, якая зусім нядаўна перажыла сваю, падобную да нашай прэзыдэнцкую сытуацыю, калі ўсенароднаабраны памкнуўся стаць па-над законам, пайсьці шляхам Лукашэнкі, дык вось там у працэсе імпічмэнту адной зь яркіх постацяў фігуравала асабістая прадказальніца Раландаса Паксаса. І гэта толькі адзін прыклад, калі кіраўнік, надзелены нечалавечымі паўнамоцтвамі, карыстаецца дапамогаю містычных сілаў.

У папулярнага ў народзе выразу “А хто калі ня ён” ёсьць зусім простае тлумачэньне. На месца містычнага лідэра можа прыйсьці толькі такі самы. Бо само гэта месца такое – містычнае. Як у той сумнай казцы, калі народны герой перамагае цмока, займае ягоны замак і – сам ператвараецца ў цмока.

У такой сытуацыі рацыянальна прагназаваць – што будзе з краінай і намі ў будучыні – немагчыма. Зьвярніце ўвагу, як гаворкі палітолягаў пра магчымы рэфэрэндум, зьмену канстытуцыйнага ладу, чарговы ці нават пажыцьцёвы тэрмін Аляксандра Лукашэнкі нагадваюць варажбу на картах. Насамрэч ніхто нічога ня ведае. Але ў дэмакратычнай краіне так не бывае. Такога маштабу перамены там абмяркоўваюцца задоўга да прыняцьця рашэньня, бо мусяць быць прадыктаваныя мэтазгоднасьцю, а не чыімсьці жаданьнем ці нежаданьнем. У нашым жа выпадку пра гэта не гаворыцца. Чалавек, які заўтра прыгаломшыць усіх сваім рашэньнем, быццам гуляецца з публікай, маўляў, вы ж разумееце, што буду я далей кіраваць ці ня буду – гэта толькі мая асабістая справа. Вы тут і ні пры чым.

Аднак калі палітолягі пачынаюць нагадваць варажбітоў, калі ўсё пастаўлена з ног на галаву, можа быць, варажбіты ў нас здолеюць рабіць рэальныя паліталягічныя прагнозы? Калі мы маем справу з магіяй, дык і гаварыць пра яе мусяць магі, а не рацыянальныя аналітыкі. Апытаньне спэцыялістаў “незямных” тлумачэньняў адмыслова для “Вострай Брамы” зрабіў Зьміцер Бартосік.

(Бартосік: ) “У маленькай вёсачцы пад Вільняй нечакана і непрагназавана папсаваўся мой аўтамабіль. У пошуку электрычнасьці я натрапіў на старую, крыху кульгавую кабету з добрымі вачыма. І, як у добрай казцы, старая аказалася вядзьмаркай. Ну, не зусім вядзьмаркай, катлоў са зьмеямі ды сушаных пацукоў у яе не было. Проста старая Аўгуста слыве ў навакольлі найлепшай варажбіткаю на картах. Ці ж мог здарожаны добры моладзец не зазірнуць у свой заўтрашні дзень?

Напаіўшы мяне зёлкавай гарбатай, старая Аўгуста дастала карты. І столькі ўсяго цікавага я пра сябе даведаўся. Як зь мінулага, так і з будучыні. І малявалася ў той будучыні аўтакатастрофа. Страшная. Ледзь не сьмяротная. Падбадзёрыўшыся такім чынам на няблізкі шлях, я спытаўся ў старой: а ці можа яна паваражыць на іншага чалавека? Сябрука майго задушэўнага. Каравокага прыгажуна-мужчыну, народжанага ў 54-м годзе, у жніўні месяцы. Што там яму сьвеціць бліжэйшым часам?

Карты леглі на абрус, уключыўся дыктафон...”

(Варажбітка: ) “Зь дзяржаўнымі людзьмі была ў яго непрыемнасьць. Але гэта ўжо мінавала.

Справы. Справы. Дзяржаўныя справы будзе весьці. Але вельмі добра ўсё атрымаецца. Хаця зь цяжкасьцю, але вельмі добра. З жонкай у яго ня вельмі ідзе. Лёс… Усе ягоныя мары зьдзяйсьняюцца. Ён жонку падманвае. Падманвае жонку... Прыхварэе. Прыхварэе ён. У яго была хвароба невялікая. Зноў прыхварэе… Чакаюць яго дзьве дарогі. Адна недалёкая дарога. Добрая. Далейшая дарога – непрыемная вельмі. Клапатлівая. Грошыкі, пра якія ня думае, атрымае. Але не палучка. У доме непрыемнасьці адны. Непрыемнасьці з жонкай. І ён думае, што яна аддаліцца. Ён пра другую думае. Так яно і будзе…”

(Бартосік: ) “Я не паказваў старой Аўгусьціне фота таго, на каго варажылася. Ніякім намёкам ня выдаў ягонага імя. І калі зь першых картаў яна вымавіла “дзяржаўныя справы”, у мяне дрыжыкі прабеглі па скуры”.

(Варажбітка: ) “Лёс яго на дарозе. На двух дарогах… А ў яго дзеці таксама ёсьць. Двое. Вось штосьці зь дзецьмі будзе. Вялікая непрыемнасьць зь дзецьмі… У сям’і ў яго так ня ладзіцца, так ня ладзіцца! З працай усё добра. На рабоце вельмі добра… Во колькі жэншчын, во колькі жэншчын! Пры п’янцы часта бывае. І жэншчыны пры п’янцы. Асабліва пры п’янцы жэншчыны гэтыя… А зь дзецьмі будзе непрыемнасьць... Сільна абманшчык ён. Усё няпраўду гаворыць жане.

– А можа ня толькі “жане”?

– Можа і так. Ён наогул абманшчык. На рабоце ў яго ўсё харашо. Так усё харашо ідзе. Жэншчыны акружаюць. А ў сям’і можа і да разводу дойдзе. Але яго жонка таксама не саступае. Пастаіць за сябе. А тут іншая ўжо знаходзіцца.

– А на рабоце ў яго доўга будзе “ўсё харашо”?

– На рабоце так.Усё благапалучна.

– Яшчэ гадоў на пяць усё ў яго будзе добра?..

– Так. Так. Усё будзе харашо. Але абманшчык... Можа і сяброў падманваць”.

(Бартосік: ) “Надоўга я запомню тую дарогу дадому. У аўтакатастрофу я, дзякуй Богу, не патрапіў. Але ехаў сярод ночы з хуткасьцю раварыста. Бо ў машыне разам перагарэлі ўсе фары.

* * *

Тэлефон прадказальніцы мне расшукала калега-журналістка. У прадказальніцы выявіўся вельмі мілы, жаноцкі галасок. Такім добра ўшчуваць малых дзетак, а не зазіраць за смугу гадоў. Але далейшая прыгода была яшчэ цікавейшай. Бо ідучы на сэанс прадбачаньня, я гатовы быў апынуцца ў якой-небудзь загадкавай кватэры на Верхнім горадзе. І каб чорныя фіранкі не прапускалі сонечнага сьвятла, і каб палымок сьвечкі адбіваўся ў шкляным шары, і каб прадказальніца ўглядалася ў той шар глыбокімі вачыма, палячы адну за адной доўгія дамскія цыгарэты…

Я быў гатовы апынуцца, у горшым выпадку, нават у банальнай хрушчобе. Але толькі не ў сур’ёзнай дзяржаўнай установе, ідэалягічнай канторы зь міліцыянтам на ўваходзе. Толькі не ў афіцыйным кабінэце, дзе замест шклянога шару на мяне з партрэту строга пазіраў той, дзеля каго я і прыйшоў. Я нават адчуваў пэўную няёмкасьць перад уладаром з партрэту. Нясьцерпна хацелася павесіць яго тварам да сьцяны. І першыя фразы прадказальніцы выклікалі сум. Настолькі яны былі прадказальнымі ў такім антуражы”.

(Прадказальніца: ) “Мне здаецца, што Беларусь усё ж такі прытуліцца да Расіі. Такі цікавы сымбіёз будзе. Хоць супраць яго даволі моцныя сілы. Ім ня хочацца, каб мы былі разам. Але гэта будзе абавязкова. Таму што мы адзін без другога ня можам існаваць. Потым, тыя, хто рабілі стаўку на тое, што ўсё рухне, мы будзем у заняпадзе, у нас будзе мала грошай, мы пазбавімся работы, яны памыліліся. Таму, што Лукашэнка чалавек цікавы і вельмі растучы. Бо я ведала Аляксандра Рыгоравіча, калі ён быў простым дырэктарам саўгаса, гэта быў адзін чалавек, а зараз зусім другі”.

(Бартосік: ) “Я ветліва сядзеў і з усіх сілаў выдаваў не абы якую цікавасьць да гэткага прадбачаньня. Хоць і сам здагадваўся, ня будучы празорцам, што чалавек на партрэце мог за мінулыя дзесяць гадоў крыху памяняцца. Але далей прадказальніца выдала адзін сакрэт. Аказваецца, нашаму ўладару дапамагаюць продкі”.

(Прадказальніца: ) “Няма ніводнага чалавека, якому б продкі, якіх ужо даўно няма, не дапамагалі. Проста людзі ня ведаюць аб гэтым. Не разумеюць, не цікавяцца. Таму і Аляксандру Рыгоравічу дапамагаюць продкі. Але калі-нікалі адчуваеш, што яму дапамагаюць сілы сьветлыя, а бывае, што сілы цёмныя. Ён пакуль што, можа, і не разьбіраецца ў гэтым. Але вось чалавеку ўдалося. І ён стаіць у руля краіны. Можа, калі-небудзь ён памыляецца наконт людзей некаторых. Паглядзіце на яго зьнешнасьць. У яго рукі, як лапаты. Яны такія здаровыя. Вялікія. Працавітага чалавека. Вельмі акруглыя пальчыкі. Гэта чалавек, які любіць акуратызм. Можа, ён сам і нешта раскідвае, але ад іншых патрабуе, каб усё было па палічках. Рукі ў яго сьветлага колеру. Не карычневыя. Гэта яскравае сьведчаньне, што ён не бярэ таго, што яму не належыць. Што ён можа выйсьці зь сябе, але можа лёгка назад туды і зайсьці. У яго шырокі-шырокі крок. Гэта гаворыць, што ён чалавек вельмі ў сабе ўпэўнены. А потым Аляксандар Рыгоравіч нарадзіўся ў жніўні. Такі зямны знак. Гэта чалавек, якому наогул уласьцівы кансэрватызм у лепшым сэнсе гэтага слова”.

(Бартосік: ) “Вочы чалавека на партрэце ўжо не глядзелі на мяне з былой строгасьцю. Пад цурчаньне галаску прадказальніцы, ягоны позірк напаўняўся мудрасьцю і памяркоўнасьцю. А пасьля наступных словаў і зусім памякчэў”.

(Прадказальніца: ) “У мяне такі быў выпадак, калі ён яшчэ быў проста дэпутатам… Ну, усе ведаюць, што я магу ўпраўляць пазванкі, сьпіну. І ён там зьбіраўся... Была вялікая праблема з абуткам. Тады ўсё па талёнах было. І ён сеў за руль “рафіка”, і яму скруціла сьпіну. А трэба было аж да Гродна, да фабрыкі… Ён сваім старым, усім калгасьнікам ён мерыўся набыць абутак. Каб без талёнаў. І скруціла, і ня можа. І прыйшлося яму дапамагаць. Гэта таксама характарызуе. Ён мог і ў вуха даць. Калі хто такі нягеглы, дык у вуха як дасьць, дык доўга, добра зьвініць. І такое было. А мог паехаць за абуткам для старых. Гэта мяне так зьдзівіла…”

(Бартосік: ) “Ну як пасьля такой гісторыі не прасякнуцца павагаю да мудрага правіцеля? Ці варта казаць, што з кабінэту прадказальніцы я выйшаў асьцярожна, бачком. Не падымаючы вачэй. Каб не сустрэцца з дакорлівым позіркам з партрэту.

* * *

Карты і магчымасьць убачыць, як Беларусь прытуліцца да Расіі – гэта ўсё, канечне, фантастыка. Але ж ёсьць больш моцныя законы. Законы зорак і плянэт. З астролягам Канстанцінам Сяльчонкам я сустрэўся каля Палацу Рэспублікі. Неба тут больш чым дастаткова. Зорак – ня менш, чым міліцыянтаў”.

(Сяльчонак: ) “Яшчэ прыкладна тры гады будзе даволі складаны пэрыяд, зьвязаны з тым, што Ўран праходзіць па знаку Беларусі, па Рыбах, і хутчэй за ўсё спакой будзе падманлівы. Справа ў тым, што Ўран – гэта плянэта рэвалюцыяў, але калі гэтая плянэта трапляе ў водны знак, яна ўсё вытварае ў глыбіні. Гэты пэрыяд працягнецца тры – тры з паловай гады, недзе да канца 2007-га году. Затым, магчыма, пачнецца нешта канструктыўнае, калі мы канчаткова да гэтага часу не застынем... Сатурн уваходзіць у шосты дом для нашай краіны. Гэты дом адказвае за цяжкую працу, за скарачэньне энтузіязму і людзі будуць занятыя ў асноўным сабой і сваімі. Адбудзецца падзел паміж жыцьцём асобных грамадзянаў і жыцьцём кіраўніцтва. У нашай сытуацыі гэта дастаткова трывожна. Аб нейкім росквіце тут марыць не прыходзіцца. Гэта зьвязана з аб’ектыўнымі глябальнымі працэсамі”.

(Бартосік: ) “Слухаючы чарговы прагноз нябёсаў, я хваляваўся. Ну чаму ніхто з празорцаў ня бачыць, як Беларусь пад спрадвечным сьцягам неўзабаве ўваходзіць у Эўразьвзяз. Няўжо гэтага ніколі ня будзе?”

(Сяльчонак: ) “Наколькі я разумею сытуацыю, ні ў бок Расеі, ні ў бок Эўропы Беларусь зрушана ня будзе. Проста будзе ісьці працэс эўрапейскай інтэграцыі. І чым далей ён будзе заходзіць на ўсход, тым хутчэй з карысьцю для Беларусі гэта будзе рашацца ў пляне цывілізацыйнага працэсу, пабудовы грамадзянскай супольнасьці і гэтак далей. Мы апынуліся ў вельмі цікавым становішчы геапалітычным, у тым пляне, што ня мы вырашаем наш лёс.”

(Бартосік: ) “Становішча сапраўды – цікавей ня выдумаеш. І зноў гаворка зайшла пра вярхоўнага вайскаводцу”.

(Сяльчонак: ) “Тое, што ў яго вельмі моцны гараскоп нараджэньня – гэта безумоўна. Тое, што гэты чалавек, на шчасьце, ці на жаль, народжаны для палітычнай дзейнасьці – гэта безумоўна. Ёсьць шэраг астралягічных указаньняў на яго “неўміручасьць”. У мяне такое адчуваньне, што гэта буйны іспыт для самога этнасу, для самога народу. Выстаяць. Нават у гэтых умовах захаваць свой твар, самапавагу, калі заўгодна. Па гэтых мішэнях і ідзе сёньня стральба”.

Я таксама стаміўся слухаць пра хуткі адыход гэтай фігуры з палітычнай сцэны. Па-мойму, пэрспэктыва, наколькі я ведаю ягоны гараскоп, дастаткова даўгая. Ну а што з гэтага атрымаецца…

– Доўгая – гэта гадоў на дзесяць яшчэ?

– Гадоў на дванаццаць... Я думаю, што час гэтай фігуры яшчэ ня хутка скончыцца. Тым больш, што ўсе цудоўна разумеюць, што ніколі не кіруе адзін чалавек, заўжды кіруе нейкае зацікаўленае задзіночаньне. А сыстэма зроблена так, што падставаў спадзявацца на хуткі сыход проста няма. Ды і для сёньняшняй сытуацыі ў Беларусі, можа, гэта было б ня лепшым выйсьцем”.

(Бартосік: ) “Пасьля гэткай карыснай гутаркі я паглядзеў угору. Недзе там, у нябёсах нёсься грозны Ўран. А Сатурн уваходзіў у шосты дом. Які нам, беларусам, нічога добрага не абяцае. А я сам, калі яшчэ крыху пагутару з празорцамі, паеду ў шостую палату. Зь вядомым партрэтам пад пахаю. Таму, пакуль ня позна, трэба ісьці на піва. Любавацца на самых прыгожых у сьвеце беларускіх кабет. І гадоў на дзесяць забыцца на ўсе прагнозы і прадказаньні. Інакш, катастрофы мне не пазьбегнуць”.

(Дубавец: ) Здаецца, Зьмітра Бартосіка прагноз пра новыя 12 гадоў для Аляксандра Лукашэнкі не задаволіў. Сапраўды, дзесяці папярэдніх было дастаткова, каб пераканацца, што палітыка кіраўніка цалкам закрытая для народа, што каштоўнасьці айчыннай гісторыі, мовы і культуры – цалкам закрытыя для кіраўніка, як і шлях цывілізацыйных рэформаў, што наш аўтобус ці аўтазак хутчэй стаіць на месцы, чым куды-небудзь едзе. Так, вядома, спакайней, чым ехаць з закрытымі вокнамі. Але чаму б іх не адкрыць?..

Інакш кажучы, нашы магічныя празорцы прапануюць нам доўгую пэрспэктыву безь перамен. Калі вас асабіста яна не задавальняе, застаюцца тры варыянты паводзінаў. Першы – зьмяніць сваю ўласную сытуацыю. Замест перамяшчэньня ў часе разам са сваёй краінай выбраць перамяшчэньне ў прасторы і безь яе. Другі варыянт – зьмяніць ракурс, пункт гледжаньня, пераставіць месцамі прыярытэты. Ня зьвязваць свой жыцьцёвы посьпех з тым, што адбываецца ў краіне. На думку астроляга, зь якім размаўляў Зьміцер Бартосік, большасьць беларусаў так і зрабіла. Яны проста пакінулі сфэру грамадзкага жыцьця і сваіх грамадзянскіх абавязкаў. Нарэшце, трэці варыянт – змагацца зь містыкай. Гэта ня проста, бо перамагчы яе можна, бадай, толькі ў ейным полі. Інакш яна непераможная. Вашы рацыянальныя аргумэнты гучаць у іншым сьвеце, у іншай прасторы, яны чутныя для вас, але не ўспрымаюцца супернымі сіламі. А каб разумець іхныя аргумэнты, трэба іх ведаць. Прынамсі, лішнімі гэтыя веды ня будуць.

Сіла магіі – у веры тых, хто на яе паддаецца. І вера гэтая выключае веданьне. Беларусы сёньня татальна захопленыя гараскопамі і варажбой. Тыпалягічна яны вераць ва ўсё гэта таксама, як у кіраўніка і ягоныя прамовы, не задумляючыся над словамі.

Нядаўна мне давялося быць сьведкам такога здарэньня, якое надта ж падобнае да таго, што адбываецца ў нас у палітыцы. У маіх менскіх сяброў захварэў сабака. Малады такі сабака баксёрскай пароды. Ляжыць, не ўстае. Ніякія лекі не дапамагаюць. Апошні спадзеў – на шаптуху. Прафэсійная варажбітка робіць нагаворы праз тэлефон. Ад кліентаў няма адбою. І вось уявіце сабе сцэну. Ляжыць сабака, а ля вуха ягонага – тэлефонная слухаўка, празь якую таямнічыя словы шэпча варажбітка.

Тое, што сабаку гэта не дапамагло, мяне асабіста і засмуціла, і абнадзеіла.
XS
SM
MD
LG