Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шлях да Алімпіяды: “SOS” падае Напор


Віталь Сямашка, Дворышчы Як вядома, Аляксандар Лукашэнка паставіў беларускім алімпійцам задачу заваяваць у Атэнах ня менш за 25 мэдалёў. Пры гэтым найвышэйшыя спартовыя функцыянэры сьцьвярджаюць, што, маўляў, са свайго боку зрабілі дзеля гэтага ўсё неабходнае. З гэтым, аднак, згодныя далёка ня ўсе спартоўцы.

Напор, мабыць – самы славуты сёньня конь у Беларусі. Ён ужо стаў у мінулым годзе на скоках сярод вайскоўцаў чэмпіёнам сьвету і тройчы – чэмпіёнам краіны. Гэта, так бы мовіць, зорка нумар адзін вядомай далёка за межамі краіны Дварышчанскай конна-спартовай школы, што адначасова існуе пры мясцовым унітарным сельскагаспадарчым прадпрыемстве “Ніва” ды рэспубліканскай Фэдэрацыі коннага спорту. Як цьвердзіць дырэктар школы, спадар Уладзімер Юркевіч:

(Юркевіч: ) “Нашая конефэрма, па водгуках спэцыялістаў, у тым ліку і з-за мяжы – найлепшая ў рэспубліцы ў вырошчваньні ды ўтрыманьні коней. У жывёлагадоўлі каняводзтва – самая прыбытковая галіна ў гаспадарцы”.

Сёлета ўлетку тутэйшыя каняводы прадалі за мяжу дзесятак жарабят. І хоць атрыманая сума лічыцца камэрцыйнай таямніцай, вылічыць яе няцяжка. Кіляграм жывой вагі каштуе на аўкцыёнах крыху болей за адзін эўра, а сярэдняя вага коней даходзіць да 450 кіляграмаў. Гэта забясьпечвае толькі мінімальную самаакупнасьць. Базавая ж гаспадарка здольная дапамагаць спартоўцам хіба аўсом ды саляркай.

Але спадар Юркевіч абураецца галоўным чынам не на мясцовых кіраўнікоў. Фэдэрацыю коннага спорту ўзначальвае кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўрал Латыпаў. Якая ж дапамога ідзе зь Менску? Дзякуючы надвор’ю (у часе майго прыезду была залева) я пачуў шмат цікавага пра стасункі са сталіцай. З габінэту дырэктара, дзе шэрагам стаяць 17 кубкаў, заваяваных на міжнародных спаборніцтвах, ідзем на школьны манэж.

(Карэспандэнт: ) “Вось мы цяпер на манэжы — 24 на 60 мэтраў. Чуеце? Так цячэ дах...”

(Юркевіч: ) “Так, трэці год ня можам знайсьці грошай адрамантаваць. Напалову, бачыце, манэж у вадзе... Каб у нас вышэйшае кіраўніцтва надало ўвагі коннаму спорту, мы маглі б сярод краінаў СНД быць “на ўзроўні”. Прывяду прыклад — калі былі ў Чарняхоўску, захварэў конь. Мы папрасілі доктара палекаваць. Калі ён запытаў, якія лекі ёсьць, у нас нічога не было. Ён сказаў: як вы прыяжджаеце на спаборніцтвы?! У Нямеччыне для падтрымкі каня – не для лекаваньня – ідзе 300 даляраў на месяц, а мы 75 тысяч беларускіх рублёў сьпісаць ня можам не на ўтрыманьне — на лекаваньне! А на падтрыманьне ў нас нуль! Спартоўцы нашыя, якія насамрэч любяць коней, самі купляюць падкормкі – той жа Сьцепаненка, чэмпіён сьвету, на свае грошы 10 мяхоў прывёз з Бэльгіі энэргетычнае падкормкі...”

Дарэчы, усе трэнэры тут “працаголікі”, фанатычна аддадзеныя справе. Яны не зважаюць на матэрыяльныя нястачы. Вось што расказала аб’езьніца спартовых канёў Натальля Веранінава:

(Веранінава: ) “Ну, як вы думаеце – калі я кінула горад і сюды прыехала?!. Бо тут коні, спорт, інтарэс, калектыў, самы лепшы трэнэр Беларусі – Юркевіч. Конна-спартовая школа шмат славы прынесла. Петухоў Руслан, Лыскавец Валеры ў Нямеччыне, Галяндыі. Васіль Іваноў, мой сусед – у Чэхіі, на ўсясьветным рэйтынгу выступае”.

На нядаўніх конных спаборніцтвах у Маскве, дзе сярод гледачоў знаходзіліся 10 прэзыдэнтаў СНД, не было ня толькі Аляксандра Лукашэнкі. Зь фінансавых прычынаў ня ўдзельнічаў у скоках і славуты дварышчанскі Напор... Калі разьвітваліся, я зноўку пачуў ягоны голас. Але гэтым разам ён гучаў для мяне як сыгнал “SOS”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG