Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрэбны закон, які абароніць беларускіх жанчын ад гвалту ў сям’і


Іна Студзінская, Менск У сталіцы Беларусі прайшла міжнародная канфэрэнцыя па пытаньнях процідзеяньня гвалту ў сям’і. Канфэрэнцыю ладзілі рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне “Прававая ініцыятыва” і офіс АБСЭ ў Менску. Прадстаўнікі дзесятка эўрапейскіх дзяржаваў і краінаў СНД абмяркоўвалі праект і пэрспэктывы прыняцьця беларускага Закону аб прадухіленьні і выкараненьні гвалту ў сям’і, а таксама знаёміліся з досьведам краінаў, дзе адпаведнае заканадаўства ўжо прынятае і дзейнічае.

Паводле меркаваньня адмыслоўцаў, як толькі ўзьнікаюць складанасьці ў грамадзтве, усе праблемы ў сям’і таксама абвастраюцца. Трэба тэрмінова прымаць захады, прадухіляць гвалт, таму што гэта падрывае нацыянальную бясьпеку – лічыць дэпутат Палаты прадстаўнікоў Надзея Цыркун. Калі мы хочам жыць у дэмакратычным, спакойным, ураўнаважаным грамадзтве, нам патрэбныя перш за ўсё згода, лад, мір у сям’і.

Канфэрэнцыю адкрыў кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску Эбэргард Гайкен. “Гвалт у сям’і – гэта парушэньне аднаго з фундамэнтальных правоў чалавека”, падкрэсьліў амбасадар.

Прадстаўнік Міністэрства ўнутраных справаў Андрэй Саладоўнікаў прывёў жудасную статыстыку: на побытавай глебе летась у Беларусі зьдзейсьнена 112 тысяч злачынстваў. 52 тысячы жанчынаў і 4 з паловай тысячы дзяцей сталі ахвярамі гвалту ў сям’і. Амаль 5 з паловаю тысяч злачынстваў зьдзейсьнена мужам ці жонкаю, амаль тысяча – сужыцелямі, 938 – дзецьмі ў дачыненьні да бацькоў, 592 – бацькамі ў дачыненьні да дзяцей. Родныя бацькі забілі 9 дзетак. У 21 выпадку нашчадкі забілі тых, хто даў ім жыцьцё.

Гэта, безумоўна, крайнасьці. А колькі было выклікаў участковых на сямейныя скандалы – нават і падлічыць цяжка. Ня кажучы ўжо пра тое, што ў большасьці выпадкаў “сьмецьце не выносяць з хаты”. Распавядае кіраўніца грамадзкага аб’яднаньня “Прававая ініцыятыва” Галіна Усьцінава:

(Усьцінава: ) “Мы распрацавалі анкету і пабывалі зь ёй у 90 населеных пунктах. Літаральна кожная жанчына гаворыць: так, гвалт у сям’і ёсьць. І літаральна кожная другая жанчына сьцьвярджае, што гвалт быў альбо ў яе сям’і, альбо ў самым блізкім атачэньні – сярод братоў, сясьцёр, сваякоў”.

Але акрамя фізычнага гвалту ёсьць яшчэ й эканамічны, сэксуальны, псыхалягічны ўціск. І ў асноўным ягонымі ахвярамі становяцца жанчыны. Прычым часьцяком – жанчыны пасьпяховыя, якія зрабілі кар’еру, добра зарабляюць, маюць аўтарытэт у грамадзтве. Менавіта яны падвяргаюцца псыхалягічнаму ціску з боку ня вельмі ўдалых мужоў.

Гаворыць дэпутат Палаты прадстаўнікоў, псыхоляг Надзея Цыркун.

(Цыркун: ) “Чаму, прыходзячы дадому, жанчына пачынае “падстройвацца” пад чалавека, які гэтага ня варты па сваіх асабістых і псыхалягічных характарыстыках? Вось жа ў чым гвалт! Калі жанчыне кажуць: схавай свой розум, маўляў, мужчына не павінен здагадацца, што ты разумнейшая за яго. Часьцей людзі ў сям’і альбо маўчаць, альбо “піляць” адзін аднога, альбо зьневажаюць – маўляў, ты гаворыш глупства… Чаму Леў Талстой зышоў з дому? Таму што ягоная жонка, паміраючы, плакала і прасіла прабачэньня ў дачок: “я давяла яго сваімі прыдзіркамі”…

У суседніх краінах падобныя законы ўжо дзейнічаюць. Ва Ўкраіне такі закон распрацоўвалі больш за 7 гадоў, з 1995 да 2002 году, але 2 гады таму (не бязь цяжкасьцяў, безумоўна) ён быў прыняты. У Беларусі праца над дакумэнтам пачалася толькі два гады таму, дый тое толькі дзякуючы настойлівасьці недзяржаўных арганізацыяў. Паводле прызнаньня распрацоўшчыкаў, пасьля ўзгадненьня ў кабінэтах Саўміну ад даволі жорсткага ў дачыненьні гвалтаўнікоў закону мала што засталося. Наагул, мужчыны-чыноўнікі й законатворцы ставяцца да яго скептычна.

(Усьцінава: ) “Пры нашых 12% жанчынаў у парлямэнце ніякі закон не пройдзе. Таму трэба лабіраваньне з усіх бакоў: і ў грамадзтве, і ў СМІ, і, адпаведна, ў парлямэнце. Калі ў парлямэнце 2 гады таму толькі пачалі гаварыць пра гэты законапраект, усе мужчыны камісіі пыталіся: дык што, калі цяпер муж захоча мець сэксуальныя адносіны з жонкаю, а яна не захоча, на падставе закона гэта будзе гвалтам?”

(Карэспандэнтка: ) “І гэта гаварылі дэпутаты, адукаваныя, сур’ёзныя людзі. А што тут казаць пра калгасьніка, трактарыста, які нап’ецца?”

(Усьцінава: ) “Нап’ецца і зьдзейсьніць гвалт са зьбіцьцём ды ўсімі астатнімі наступствамі. І таму гэта вельмі сур’ёзнае пытаньне”.

Хочацца спадзявацца, што і беларускія законатворцы сур’ёзна задумаюцца над гэтай праблемай. Ужо тое, што на міжнародную канфэрэнцыю па праблемах прадухіленьня гвалту ў сям’і прыйшлі дэпутаты-мужчыны, прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі, МУС, Канстытуцыйнага суду краіны – вялікае дасягненьне, лічаць арганізатары міжнароднай канфэрэнцыі.
XS
SM
MD
LG