Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летась у Беларусі спажываньне сьпіртовых напояў на чалавека перавысіла дапушчальную мэдычную норму ў 25 разоў


Міхал Стэльмак, Менск Агляд незалежнай прэсы

“Беларускі рынак” ў сёньняшнім нумары аналізуе падпісаную на мінулым тыдні сумесную заяву Рабочай групы парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і дэлегацыі Нацыянальнага сходу Беларусі. У гэтым дакумэнце беларускі бок узяў на сябе абавязак па дэмакратызацыі восеньскіх парлямэнцкіх выбараў у адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ. У прыватнасьці, гэта тычыцца роўнага і свабоднага доступу прадстаўнікоў апазыцыі да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, прысутнасьці прадстаўнікоў розных палітычных сілаў на ўсіх узроўнях выбарчых камісіяў. Ад імя Нацыянальнага сходу дакумэнт падпісаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў, лідэр прапрэзыдэнцкага моладзевага аб’яднаньня “БРСМ” Міхаіл Орда. Дык вось, паводле “Беларускага рынку”, гэтая заява ёсьць усяго толькі палітычнай дэклярацыяй. Бо спадар Орда, як і іншыя парлямэнтары, ня маюць, як зазначае штотыднёвік, аніякіх паўнамоцтваў рэалізаваць узятыя на сябе абавязкі.

Гарадзенскі штотыднёвік “Біржа інфармацыі” друкуе артыкул дэпутата Палаты прадстаўнікоў Валера Фралова “Сваякі другога гатунку”. Паводле аўтара, апошняе дзесяцігодзьдзе было для беларусаў нешчасьлівым. За гэты тэрмін на паўмільёна скарацілася ў краіне колькасьць дзяцей. Працоўныя праядаюць свае заробкі, пагаршаецца якасьць харчаваньня. У той жа час, улада дбае пра забесьпячэньне маламаёмасных жыхароў краіны гарэлкай. Напрыклад, летась, як зазначае дэпутат Фралоў, спажываньне сьпіртовых напояў у Беларусі склала 52 літры ў разьліку на аднаго чалавека. Гэта ў 25 разоў вышэй дапушчальнай мэдычнай нормы. П’янства, падкрэсьлівае аўтар, разбурае сем’і і робіць сіротамі дзяцей. Як вынік, сёньня ў Беларусі 30 тысяч сацыяльных сіротаў – больш, чым пасьля Другой усясьветнай вайны.

Да праблемы п’янства зьвяртаецца й івацэвіцкая газэта “Для вас”. Яна паведамляе пра пашырэньне маштабу гэтага сацыяльнага бедства ў рэгіёне. Злоўжываньне алькаголем асабліва цяжкімі наступствамі абарочваецца на транспарце. Паводле выданьня, усплёск п’янства назіраўся тут у часе нядаўняга сьвяткаваньня 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Напрыклад, у Івацэвіцкім раёне ў гэтыя дні супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі затрымалі 12 п’яных кіроўцаў. А ў суседнім Бярозаўскім раёне, як зазначае івацэвіцкая газэта, квітнее падпольны гарэлачны бізнэс. Бярозаўскімі міліцыянтамі састаўлена 187 пратаколаў аб прыгатаваньні, захаваньні й набыцьці самагонкі, канфіскавана каля 120 літраў самагонкі і зьнішчана каля 400 літраў брагі.

“Біржа інфармацыі” дасьледуе таксама тэму летняга адпачынку грамадзянаў. 60 адсоткаў гарадзенцаў, як вынікае з гэтага дасьледаваньня, зьбіраюцца правесьці іх на летніках. Прычым на гародах можна сустрэць ня толькі пэнсіянэраў і служачых, але й прадпрымальнікаў. Свой адпачынак на моры плянуе толькі 11 працэнтаў апытаных, альбо кожны дзесяты гарадзенец. Нарэшце, 21 працэнт ці кожны пяты апытаны наогул не зьбіраецца адпачываць гэтым летам. “Трэба працаваць!”, заяўляюць яны. Адзін з галоўных матываў, якімі кіруюцца гарадзенцы – эканомія грашовых сродкаў і магчымасьць палепшыць матэрыяльнае становішча, каб пракарміць сям’ю.
XS
SM
MD
LG