Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

12 ліпеня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваюць Пятра і Паўла


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 11 і 12 ліпеня

Спачатку – пра памятныя даты ўчорашняе нядзелі. Акурат год назад 11 ліпеня шырака адзначаліся 450-я ўгодкі Рэфармацыі ў Беларусі, бо ў гэты дзень у 1553-м годзе князь Мікалай Радзівіл Чорны заснаваў у Берасьці Першы Эвангелічны рэфармацкі збор.

11 ліпеня 1932 году ў Барысаве нарадзіўся Анатоль Анікейчык, народны мастак Беларусі. Кожны бачыў ягоныя скульптуры ў Купалаўскім сквэры ў Менску. У шырокім сьвеце ведаюць іншую працу Анікейчыка – бюст Янкі Купалы ў Араў-парку ў Нью-Ёрку.

А яшчэ 11 ліпеня 70 гадоў таму нарадзіўся эстрадны сьпявак Віктар Вуячыч. І адбылося гэта ў Харкаве. Дагэтуль у беларускім радыё можна пачуць ягоны адметны барытон і песьню “Полымя ружовых верасоў”. Ня дзіва, што Віктар Вуячыч перамагаў на многіх прэстыжных, у тым ліку і міжнародных конкурсах эстраднай песьні.

Нарэшце, 11 ліпеня 1946 году нарадзіўся беларускі паэт Уладзімер Някляеў. Вырас Някляеў у легендарным Крэве. За савецкім часам многія лічылі яго афіцыёзным камсамольскім паэтам. Дысыдэнтам ён стаў ужо ў часы кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі.

Цяпер – пра сёньняшні каляндар.

12 ліпеня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваюць Пятра і Паўла. Канец пятроўскага посту – самы час нарыхтоўкі сена. “Сьвяты Пётра ў косы звоніць, сьвяты Паўла граблі робіць”, казалі ў народзе.

У такі самы дзень 100 гадоў да Хрыстовага нараджэньня прыйшоў на сьвет Гай Юлі Цэзар, рымскі палкаводзец і дыктатар. А ў 1892 годзе нарадзіўся пісьменьнік Бруна Шульц. Быў ён габрэйскага паходжаньня, на сьвет зьявіўся ва Ўкраіне, але лічыцца польскім пісьменьнікам, бо пісаў па-польску.

Лаўрэнці Абэцэдарскі – славуты зьнішчальнік гістарычнай праўды – таксама нарадзіўся 12 ліпеня, у 1916 годзе. Гісторыю Беларусі ён разглядаў як частку гісторыі Расеі і “падцягваў“ гістарычныя факты пад гэтую сваю канцэпцыю. Абэцэдарскі нават напісаў прапагандысцкую кніжачку “У сьвятле неабвержных фактаў“, дзе даказваў, што беларусы былі заваяваныя літоўцамі, што яны ніколі ня мелі ўласных дзяржаўных утварэньняў і г.д. Кніжачка была досыць папулярнай сярод студэнтаў, якія чыталі яе нібы “наадварот”, і такім чынам дазнаваліся праўдзівую гісторыю сваёй краіны.
XS
SM
MD
LG