Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд прыме рашэньне наконт магчымай зьмены меры ўтрыманьня Міхаіла Марыніча


Алег Грузьдзіловіч, Менск 12 ліпеня ў Цэнтральным судзе Менску будзе разгледжаная скарга на незаконнае ўтрыманьне пад вартай вядомага палітыка Міхаіла Марыніча. Гэта будзе другая спроба дамагчыся праз суд вызваленьня былога міністра і амбасадара зь ізалятару КГБ.

Міхаіл Марыніч утрымліваецца пад вартай з 26 красавіка, ужо амаль два з паловай месяцы. За гэты час ягоныя адвакаты некалькі разоў апэлявалі да сьледчых, спрабуючы пераканаць іх у тым, што Марыніча ўтрымліваюць у ізалятары незаконна. Не дапамагло. Сьледчыя заяўлялі, што Міхаіл Марыніч можа зьбегчы ад суду, і таму яго нельга вызваляць пад падпіску аб нявыезьдзе. З такім рашэньнем тры тыдні таму ўжо пагадзіўся суд Цэнтральнага раёну Менску – судзьдзя Грабоўская тады стала на бок сьледзтва.

Але адвакаты Міхаіла Марыніча не спыняюць намаганьняў вызваліць яго як мага раней. Чарговую скаргу будзе сёньня разглядаць судзьдзя Леанід Ясіновіч. Адвакат Вера Страмкоўская гэтак абгрунтоўвае сваю заяву ў суд.

(Страмкоўская: ) “Ніякага новага абвінавачваньня яму не прад’яўлена, ніякіх новых доказаў ягонай віны няма, сьледчыя дзеяньні зь ягоным удзелам не вядуцца”.

Акрамя таго, Вера Страмкоўская намерваецца падняць пытаньне пра стан здароўя Міхаіла Марыніча. Яна кажа, што ў яго нездаровая сэрцава-судзінная сыстэма , ён неаднаразова скардзіўся ёй на сэрца ў сьледчым ізалятары. Паводле адваката , у турэмных умовах складана аказваць дапамогу такім хворым, і таму судзьдзя мусіць зьмяніць Міхаілу Марынічу меру ўтрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе.

Якія шанцы, што суд сапраўды прыслухаецца да аргумэнтаў абароны Марыніча? Адвакат Вера Страмкоўская верыць, што ў выніку гэта адбудзецца. Яна перакананая, што шмат залежыць і ад судзьдзі. А вось сын Міхаіла Марыніча Ігар думае , што пакуль шанцаў мала.

(Ігар Марыніч: ) “Рашэньне будзе адно – адмовіць. Калі далі загад трымаць, дык хоць ты з раялем у суд прыйдзі і спой, усё роўна”.

Нагадаем, Міхаіл Мырыніч абвінавачваецца ў незаконных дзеяньнях са зброяй. У яго на лецішчы знайшлі баявы пісталет, але ён сьцьвярджае, што гэта правакацыя з мэтай арыштаваць яго і выключыць з актыўнага палітычнага жыцьця. Дарэчы, Ігар Марыніч лічыць, што бацьку не адпусьцяць да парлямэнцкіх выбараў гэтай восеньню, каб ён ня меў магчымасьці ўзяць у іх удзел.
XS
SM
MD
LG