Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці будзе СНД “саюзам дэмакратый”?


Уладзімер Глод, Менск Камітэт у міжнародных справах расейскай Дзярждумы распрацоўвае стратэгію Расеі адносна краінаў СНД на наступны, 2005 год. Як новая стратэгія можа адбіцца на расейска-беларускіх дачыненьнях? Што прынцыпова новага ў стратэгічных плянах расейцаў?

Дакумэнт накіраваны на ўзнаўленьне расейскага ўплыву на абшарах Садружнасьці Незалежных дзяржаў. І тут, зразумела, нічога дзіўнага няма. Гэты натуральны працяг імпэрскіх памкненьняў Масквы вярнуць сабе тую ролю, якую яна мела ў часы Савецкага Саюзу. Але ёсьць, як мінімум, дзьве рэчы, якімі новая стратэгія прынцыпова адрозьніваецца ад папярэдніх. Перадусім, яе аўтары кажуць, што пазыцыя Захаду будзе зьмякчацца, калі інтэграцыя ў СНД будзе лягічным працягам эўрапейскай інтэграцыі і стане “саюзам дэмакратый”. І, па-другое, старая вэрсія інтэграцыі праз подкуп таннай сыравінай і атрыманьня лаяльнасьці ўладаў прызнаецца памылковай. Вось што думае з гэтай нагоды лідэр Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) “Гэта непасрэдна зьвязана з намерам Пуціна прэзэнтаваць сябе не як чалавека, які мае зьвязанае са спэцслужбамі мінулае, а як чалавека, які носіць гарнітур, што пашыты на заходнеэўрапейскі манэр. Цяпер Эўрапейскі зьвяз у значнай ступені будзе заняты працэсам страваваньня свайго пашырэньня. Адпаведна, ён ня зможа шмат часу і ўвагі аддаваць постсавецкай прасторы. І таму, калі прапанаваць эўрапейскія стандарты, стандарты дэмакратыі, якія могуць легчы ў аснову працы расейскіх дзяржаўных структур, то гэта будзе прыхільна прынята ў Брусэлі ды іншых эўрапейскіх сталіцах. І разам з тым, гэта грунтуецца на тым, што Эўропа вельмі многа крытыкавала стары варыянт стратэгіі, які насамрэч зыходзіць з папулісцкіх мадэляў былога Савецкага Саюза”.

Гэтая стратэгія можа быць прынятай як увасабленьне рэальнай палітыкі Расеі адносна былых рэспублік былога Савецкага Саюзу. Дакумэнт ужо ня ёсьць толькі разважаньнямі асобных дэпутатаў ці экспэртаў. Гэта дакладныя фрагмэнты палітыкі, якая можа быць прынятай Масквой, а можа быць і адрынутай.

(Лябедзька: ) “Насамрэч, калі Расея будзе, хаця б па паўкроку, па паўсантымэтру ісьці да эўрапейскіх каштоўнасьцяў, то гэта шанец для Беларусі. Калі Расея будзе вяртацца назад – да Савецкага Саюза, да імпэрыі – то, натуральна, што наш шанец зьмяншаецца. Пры першай стратэгіі Пуцін і палітычная эліта будуць зацікаўленыя ва ўсталяваньні ў Беларусі дэмакратыі, і гэта азначае, што тут нашыя стратэгіі перасякаюцца. У любым выпадку гэты дакумэнт яшчэ не азначае, што ён будзе выконвацца практычна. Гэта пакуль намер, гэта тыя пункты, якія пазначаны. Але яны вельмі цікавыя”.
XS
SM
MD
LG