Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ў Севастопалі: “Мы выстаім – і Беларусь, і Ўкраіна”


Ганна Сурмач, Прага Удзельнікі: Ганна Васюніна, Валер Барташ, Андрэй Каранько, Міхась Клімаў

У былым Савецкім Саюзе горад-герой Севастопаль лічыўся адной з прывабных мэтаў для экскурсантаў, якія масава падарожнічалі па месцах баявой славы. Вайсковая слава гораду бярэ пачатак яшчэ ад расейска-турэцкіх войнаў.

Сярод тых , хто вызначыўся сваім гераізмам пад час адной з гэтых войнаў у 1828-29 гг. быў беларус, камандзір карабля Аляксандр Казарскі, родам з Дуброўна. Помнік яму стаіць у цэнтры гораду, на Матроскім бульвары.

Як падчас існаваньня Расейскай імпэрыі, так і ў савецкія часы тыя беларусы, што траплялі ў Севастопаль, былі пераважна маракамі. Горад быў і да сёньня застаецца ваенна-марской базаю, портам, дзе пераважная бальшыня жыхароў непасрэдна альбо праз сваіх блізкіх зьвязаная са службаю на моры.

Беларуска Ганна Васюніна выйшла замуж за марака, які жыў у Крыму і працаваў на кітабойнай флятыліі. Спадарыня Ганна даўно пакінула Беларусь, пра Бацькаўшчыну ў яе засталіся ня толькі сьветлыя ўспаміны.

(Васюніна: ) “Я ў Беларусі жыла ў Барысаве, нарадзілася ў 1935 годзе. У 1937 годзе ў мяне рэпрэсавалі бацьку, а праз два гады памерла маці, і мы засталіся тры сястрычкі-сіроты. Маё дзявочае прозьвішча – Малахоўская. Мой бацька быў са шляхецкага роду. Я выхоўвалася ў дзіцячым доме, потым вучылася у пэдагагічнай вучэльні, потым працавала настаўніцаю”.

Як толькі спадарыня Ганна пачула, што ў Севастопалі гуртуюцца беларусы, адразу ж кінулася шукаць суродзічаў.

(Васюніна: ) “У 1997 годзе ў нас стварылася тут таварыства. На радыё кожны дзень паведамлялі, што зьбіраюцца беларусы. У Севастопалі 5,7 тысячаў беларусаў, паводле апошняга перапісу. Я прыйшла туды, Валер Барташ гэтае таварыства арганізаваў”.

Спадар Валер Барташ – вядомы ў горадзе адвакат, мае ўласную практыку. Ён сын марскога афіцэра. Бацькі ягоныя абодва беларусы. І сам ён нарадзіўся ў Магілёўскай вобласьці. У трохгадовым узросьце, у 1948 годзе, разам з бацькамі пераехаў у Севастопаль.

Як сталася, што спадар Валер прыйшоў да беларускасьці?

(Барташ: ) “Я прыйшоў пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі. Калі б ня гэтая падзея, то я б абмежаваўся толькі тым, што чытаў бы газэты і радаваўся б, што там усё добра. Але калі ён прыйшоў да ўлады і калі я пабачыў усё гэта, я ня мог заставацца ўбаку. Таму я арганізаваў першую ў гісторыю горада беларускую суполку. Яна адпачатку насіла апазыцыйны характар. Паўплывала і тое, што я пазнаёміўся з творчасьцю Максіма Багдановіча. Я пачаў выпісваць газэту “Літаратура і мастацтва” і, вядома, стаў слухаць беларускае Радыё Свабода. Гэта было для мяне адкрыцьцё.

Самае галоўнае ў нашай дзейнасьці тое, што людзі тут ведаюць, што ёсьць іншыя беларусы, якія імкнуцца да незалежнасьці сваёй краіны, у якіх ёсьць пачуцьцё нацыянальнай годнасьці”.

Спадарыня Ганна Васюніна выконвае абавязкі сакратара суполкі. Я запыталася ў яе: наколькі вялікая суполка?

(Васюніна: ) “У нас было напачатку каля 200 чалавек. Было шмат афіцэраў і іх жонак, яны пераважна служаць у расейскім Чарнаморскім флёце. У нас два штабы флётаў – Чарнаморскага флёту Расеі і Ўкраінскіх ваенна-марскіх сілаў. Наша арыентацыя – на незалежнасьць, дык яны ад нас адыйшлі, можа, баяцца. Ёсьць беларускамоўныя, і Беларусь любяць, але да нас перасталі хадзіць. Аднак і ў тую суполку не ходзяць”.

Спадарыня Ганна мае на ўвазе створанае ў Севастопалі альтэрнатыўнае беларускае таварыства, якое пераважна аб’ядноўвае прыхільнікаў сёньняшніх беларускіх уладаў.

(Васюніна: ) “Узначальвае яго дэпутат гарадзкой Рады ад камуністаў Ала Гарэлікава. Яны кланяюцца Лукашэнку, яны так яго любяць. Калі апошні раз мы сьвяткавалі Дзень горада, у іх быў партрэт Лукашэнкі, а побач – партрэт Максіма Багдановіча і Васіля Быкава. Я падыйшла да іх століка і думаю, якая ж можа быць сувязь паміж Лукашэнкам, Багдановічам і Быкавым, апошні вымушаны быў жыць за мяжою з-за такога прэзыдэнта. Калі ў іх спыталі, яны нічога не маглі адказаць”.

Суполку пад кіраўніцтвам спадара Валера Барташа пакінулі, як сказала спадарыня Ганна, пераважна тыя маракі, якія служаць у расейскім флёце. Але ў суполцы ёсьць беларусы, якія служаць Украіне. Капітан 2-га рангу Андрэй Каранько працуе ў Галоўным штабе Ўкраінскіх ваенна-марскіх сілаў. Ён скончыў вучэльню ў Таліне і быў накіраваны на службу ва Ўкраіну, тады яшчэ – савецкую рэспубліку.

(Каранько: ) “У 1992 годзе, калі фармавалася ўкраінскае войска, я прыняў прысягу Ўкраіне й быў залічаны ў шэрагі украінскага войска. У 1997 годзе я прыехаў у Севастопаль, працую ў Галоўным штабе ваенна-марскога флёту Ўкраіны. Пачаў сур’ёзна займацца ўкраінскай гісторыяй, у 2000 годзе паступіў у Нацыянальную акадэмію абароны ў Кіеве, скончыў.

Разумееце, любоў да Ўкраіны, да яе мовы прывяла мяне да Беларусі ізноў, ужо з іншага боку. Гэта гісторыя суседняй дзяржавы, чыя гісторыя падобная да беларускай, на мяне паўплывала. Беларусь мае дэмакратычныя традыцыі, такія як Магдэбургскае права, якога Расея нават блізка не мела: зараз мы атрымліваем нейкія навыкі дэмакратыі з Расеі, гэта сьмешна.

Я лічу сябе беларусам. Мне таксама хочацца бачыць сваю родную Беларусь такою, як Украіна, хаця б на такім этапе, больш дэмакратычнай, якая лепш ставіцца да сваёй мовы, да сваёй гісторыі, каб быў эўрапейскі выбар.

У 1999 годзе я ажаніўся, мая жонка Тацьцяна – філёляг, ведае беларускую і ангельскую мову, яна зь Беларусі, з Баранавіч. Яна мяне зрабіла такім, якім я ёсьць – сучасным чалавекам, які любіць сваю Радзіму.

Вучу беларускую мову. Вельмі перажываю за тое, што робіцца ў Беларусі. Я вельмі спадзяюся, што Беларусь будзе нармальнай, сучаснаю дзяржавай”.

Ёсьць у беларускай суполцы і тыя, чыя праца не зьвязаная з морам, але каго прывабіў сам рамантычны воблік гораду.

Міхась Клімаў жыве тут з 1976 году, вучыўся ў Менску ў тэхнікуме сувязі, а потым прыехаў у Севастопаль, дзе ягоны стрыечны брат працаваў на адным з абаронных прадпрыемстваў.

(Клімаў: ) “Я вельмі хацеў да мора. Мне тут усё спадабалася – і мора , і горад, і людзі. І да гэтай пары я закаханы ў гэты горад, у мора. Па маёй спэцыяльнасьці тут была праца – адразу знайшоў. Але па Беларусі, па роднаму краю сумую. Калі ёсьць магчымасьць, заўсёды еду адведаць бацьку, брата, сястру.

Калі на радыё гучалі беларускія песьні, хлопцы і дзяўчаты, я тады жыў у інтэрнаце, беглі да мяне ў пакой і крычалі: “Міхась, уключай радыё, вашыя сьпяваюць”. Яны ведалі, што я вельмі люблю свой край, нашу мову, нашыя песьні. Калі я прачытаў у гарадзкой газэце аб тым, што праводзіцца пасяджэньне створанага таварыства, я адразу ж пайшоў на гэтую сустрэчу”.

А цяпер, калі б раптам суполка распалася?

(Клімаў: ) “Калі б раптам яе не стала? А я б арганізаваў другую. У мяне ўжо так стаіць пытаньне. Я ведаю, што гэта і іншым людзям патрэбна, гэта вялікая маральная падтрымка і вялікае маральнае задавальненьне сам адчуваю. Цяпер у мяне душа не баліць, я перад сваімі братамі і сёстрамі, сябрамі чысты душою, хаця я і далёка ад іх”.

А як Вашая сям’я – ці далучаецца да беларускага жыцьця?

(Клімаў: ) “Дачка ўдзельнічае, ёй 21 год, яна скончыла унівэрсытэт у гэтым годзе. Хлопчыку 10 гадоў, мы зь ім ходзім на мерапрыемствы нашыя. Сям’я мяне падтрымлівае. Нядаўна з хлопцам чыталі “Сын вады” і “Ў краіне райскай птушкі” Янкі Маўра. Чытаем зараз Адама Міцкевіча – “Крымскія санэты”. Мы чытаем так: жонка чытае па-расейску, яна ў мяне расейка, сын чытае па-ўкраінску, а я – па беларуску. Гэта ўвечары дома. Ёсьць магчымасьць параўнаць: цікава, як гучаць на розных мовах гэтыя санэты”.

Як паведаміла нам спадарыня Ганна Васюніна, беларуская суполка ў Севастопалі мае сваю сядзібу.

(Васюніна: ) “Гэта кватэра Валера Барташа. Там некалі жылі бацькі спадар Валер. Ён ахвяраваў, зрабіў у ёй сядзібу суполкі, там мы праводзім свае мерапрыемствы. Там нашыя сымбалі, партрэт Максіма Багдановіча, ёсьць ікона Еўфрасіньні Полацкай, якую мы асьвяцілі ў Полацку і Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе знаходзіліся парэшткі сьвятой цягам 723 гадоў.

Там беларускі дух. Я калі прыходжу, дык кажу: “І хоць з тысячы рэкаў чужых нап’юся, але да апошняга глытка я прыйду сюды, да Беларусі, да свайго азёрнага кутка”.

У кожнага чалавека свой пачатак роду – у нас, беларусаў, пачатак адзін, мы зь векавечнага беларускага народу.

“Неба чыстае і глыбокае, і бярозавы ціхі гай: Беларусь мая сінявокая, Беларусь мая – родны край”.

Уладзімер Караткевіч”.

Назву сваёй суполкі севастопальскія беларусы абралі невыпадкова. Яны жывуць недалёка ад той мясьціны, дзе знайшоў вечны супачын клясык беларускай літаратуры.

(Васюніна: ) “Наша таварыства носіць імя генія беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Яго трагічны лёс, высокая духоўнасьць і бязьмежная любоў да Радзімы яднаюць нас вакол беларушчыны. І кожны год, 9 сьнежня, у дзень яго нараджэньня, і 25 траўня – дзень ягонай сьмерці, мы наведваем Левадыйскія могілкі, дзе пахаваны паэт. Там Валер Барташ усталяваў “Пагоню”. Заўсёды прыбіраем магілку,чытаем вершы. Там заўсёды гучыць ягоны верш “Разьвітаньне”:

“У краіне сьветлай, дзе я паміраю, У белым доме ля сіняй бухты Я не самотны, я кнігу маю З друкарні пана Марціна Кухты”

Севастопальскае таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча “Пагоня” вызначаецца сваёй актыўнасьцю сярод іншых нацыянальных аб’яднаньняў.

(Васюніна: ) “Адзначаем усе даты ў гісторыі, культуры. Кожны год абавязкова адзначаем галоўнае сьвята беларусаў усяго сьвету – Дзень незалежнасьці, 25 Сакавіка. Незалежнасьць нашай Бацькаўшчыны – гэта , мы лічым, набытак ня толькі сёньняшняга пакаленьня, але і нашых продкаў, і ён належыць нашым нашчадкам. Як пісаў наш паэт: “Нам Богам дадзенае права – Радзімы нашай дзецьмі звацца, і наша даўняя дзяржава – дзяржавай мусіць заставацца”. Гэта мы абавязкова адзначаем. Часта ў цэнтры гораду, на Матроскім бульвары, плякаты ставім. У нас тут ёсьць помнік славутаму беларусу, Аляксандру Казарскаму. Ён служыў Расейскай імпэрыі. Мне заўсёды прыходзяць на памяць словы Максіма Багдановіча:

“Досыць ужо, браты, чужынцам мы служылі, Досыць ужо пашаны ім прыдбалі. Не сваю, чужую долю баранілі, Пад чужымі сьцягамі ўміралі”.

Многія, калі мы ідзем зь бел-чырвона-белым сьцягам і з гербам “Пагоня”, ад нас адварочваюцца. У Севастопалі 75 адсоткаў расейцаў жывуць, і толькі 22 адсоткі ўкраінцаў. Севастопаль – гэта пракамуністычны горад. Улады ўкраінскія, але многа залежыць ад настрою насельніцтва. Украінцы нас больш разумеюць, і некаторыя мерапрыемствы мы ладзім сумесна зь імі”.

Дзякуючы гэтаму беларусам удалося арганізаваць сваю перадачу на гарадзкім радыё.

(Васюніна: ) “Мы маем 25 хвілін на хвалях севастопальскага радыё. У Севастопалі 28 нацыянальных таварыстваў, але толькі 6 зь іх маюць свае радыёпраграмы. Адзін раз у месяц мы выходзім у эфір. У гэтых перадачах мы распавядаем аб працы нашага таварыства, аб нашай Бацькаўшчыне. Толькі на беларускай мове, ні слова на расейскай. Называецца гэта “Водгук Радыё Свабода ў Севастопалі”, так і называецца, таму што матэрыялы для перадачаў бярэм з вашых перадачаў, так што вялікі дзякуй вам”.

Сябры таварыства “Пагоня” не застаюцца ўбаку ад грамадзкага й палітычнага жыцьця Ўкраіны. Кіраўнік суполкі спадар Валер Барташ зьяўляецца намесьнікам старшыні Севастопальскай праваабарончай групы. Сёлета ў чэрвені ён быў запрошаны на грамадзкія слуханьні, якія былі арганізаваныя Камітэтам Вярхоўнай Рады Ўкраіны па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю, па праблеме палітычна матываваных зьнікненьняў людзей ва Ўкраіне, Расеі і Беларусі. Разам з сынам Андрэем, таксама юрыстам па прафэсіі, спадар Барташ уваходзіць у Севастопальскі гарадзкі штаб блёку “Наша Ўкраіна”.

(Барташ: ) “Не магу заставацца ўбаку таму, што Ўкраіна зараз перажывае вельмі адказны час. Украіна мае шанец абраць прэзыдэнта – інтэлектуала, прыстойнага чалавека. Гэтай кандыдатураю зьяўляецца Віктар Юшчанка – лідэр блёку “Наша Ўкраіна”. Наша беларуская суполка падтрымлівае гэтую кандыдатуру і прымае удзел у падрыхтоўцы да выбараў”.

Магчыма, што так вы будзеце ўплываць і на сытуацыю на сваёй Бацькаўшчыне, бо ад лёсу Ўкраіны сёньня ў некаторай ступені залежыць і лёс Беларусі?

(Барташ: ) “Абсалютна правільна, я лічу, што я падтрымліваю такім чынам Беларусь. І безь Беларусі Ўкраіне таксама складана. Я думаю, што мы выстаім – і Беларусь, і Ўкраіна”.

На маё апошняе пытаньне да севастопальскіх беларусаў, якія кантакты мае таварыства з Бацькаўшчынай – Беларусьсю, адказала сп. Ганна Васюніна.

(Васюніна: ) “Зь Беларусьсю, можна сказаць, што ніякіх, я маю на ўвазе – зь дзяржаўнымі структурамі. Але мы маем цесныя сувязі з ТБМ, ЗБС “Бацькаўшчына”. У нас вельмі шмат беларускай літаратуры ў сядзібе, ёсьць новыя кнігі. Нават ужо “Доўгая дарога дадому” Васіля Быкава я ўжо прачытала. Вельмі многа гасьцей бывае ў нас. Калі яны прыяжджаюць, для нас гэта сьвята, пра ўсе падзеі ў Беларусі яны нам распавядаюць. Так што такія сувязі з Радзімаю мы маем.

Вось да нас Ірына Марачкіна прыяжджала, у яе маленькі хлопчык, дашкольнік, і ён нам прачытаў верш:

“Ты ня згасьнеш, ясная зараначка, Ты яшчэ асьвеціш родны край. Беларусь, мая краіна-браначка, Устань, свабодны шлях сабе шукай”.

А потым прыехаў хлопчык 16-ці гадоў зь Менску: мы папрасілі яго што-небудзь прачытаць, але ён сказаў, што нічога ня ведае”.
XS
SM
MD
LG