Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Традыцыйная пілігрымка грэка-каталікоў скончылася ля муроў сьвятой Сафіі


Вінцэсь Мудроў, Полацак 10 ліпеня а сямнаццатай гадзіне скончылася традыцыйная пілігрымка беларускіх грэка-каталікоў зь Віцебску ў Полацак. Ладзілася яна ў памяць пяцёх манахаў-базыльянаў, забітых у Полацку расейскім царом Пятром І ды ягонымі цівунамі.

Сёлетняя пілігрымка – дзясятая па ліку, і ў ёй бралі ўдзел больш як 130 вернікаў практычна з усіх куткоў Беларусі. У асноўным гэта была моладзь. На апошнім этапе да беларускіх пілігрымаў далучыўся таксама гурт адзінаверцаў з Украіны.

Пакутніцкай сьмерць манахаў-базыльянаў надарылася ў 1705 годзе. Тады, падчас Паўночнае вайны, Полацак наведаў расейскі цар Пётар І. Завітаўшы аднойчы ў Сафійскі сабор, усходні валадар убачыў абраз сьвятога Язахвата Кунцэвіча, спытаўся: “Хто такі?”, а дачуўшыся, што гэта пакутнік, якога пазбавілі жыцьця віцебскія схізматыкі, накінуўся з шабляй на манахаў. Цар, разам са сваімі служкамі, забіў непасрэдна ў царкоўных мурах пяцёх манахаў. У памяць аб бязьвінна забітых і ладзяцца штогадовыя пілігрымкі.

Трэба адзначыць, што сёлета, другі год запар, удзельнікі пілігрымкі мелі магчымасьць адправіць кароткае набажэнства непасрэдна ў мурох Сьвятой Сафіі. Пасьля яе сканчэньня ў саборы гучалі духовыя сьпевы ў выкананьні пілігрымаў з Украіны: хора братоў грэка-каталіцкай Сьвята-Усьпенскай ляўры.
XS
SM
MD
LG