Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ААН: СНІД імкліва пашыраецца ў Азіі й краінах Усходняй Эўропы


Кастусь Бандарук, Прага; Галіна Абакунчык, Менск Справаздача UNAAIDS рыхтуецца кожныя два гады напярэдадні вялікіх міжнародных канфэрэнцыяў, прысьвечаных барацьбе са СНІДам. Сёлета праводзіцца ўжо 15-я па ліку канфэрэнцыя: яна мае адкрыцца ў нядзелю 11 ліпеня ў Бангкоку.

Высновы апошняй справаздачы UNAIDS (ведамства ААН у справе барацьбы са СНІДам) даволі змрочныя. Нягледзячы на значныя сродкі, падтрымку з боку палітыкаў і кіраўнікоў дзяржаваў, працу сотняў няўрадавых арганізацыяў эпідэмія не запавольваецца.

Цягам апошніх дзесяці гадоў колькасьць хворых няўмольна расьце. Нават у Злучаных Штатах за мінулы год колькасьць хворых павялічылася на 50 тысячаў і дасягнула лічбы 950 тысячаў. Агульным лікам у сьвеце жывуць 38 мільёнаў людзей, хворых на СНІД, зь іх 25 мільёнаў – у Афрыцы.

Толькі летась колькасьць хворых павялічылася амаль на 5 мільёнаў. З 1981 году памерлі 20 мільёнаў чалавек, зь іх 2,6 мільёна ў мінулым, 2003 годзе.

Не зважаючы на наяўнасьць лекаў, якія падаўжаюць жыцьцё хворым на СНІД, 9 зь 10-ці хворых не атрымліваюць аніякай дапамогі, а паўнавартасным лячэньнем карыстаюцца ўсяго 7% хворых. Толькі кожны пяты карыстаецца засьцерагальнымі сродкамі. Людзі адмаўляюцца ад прэзэрватываў нават у краінах з такім узроўнем мэдыцыны і мэдычнай адукацыі, як Злучаныя Штаты – адзначаецца ў справаздачы ААН.

Спэцыялістаў асабліва непакоіць сытуацыя ў Азіі і Ўсходняй Эўропе, куды эпідэмія прыйшла адносна позна, аднак цяпер яна пашыраецца там найбольш хутка. У краінах Усходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі яшчэ 8 гадоў таму колькасьць хворых на СНІД складала ўсяго 160 тысяч. Цяпер жа гэтая лічба дасягнула 1 мільёна 300 тысяч чалавек.

Паводле справаздачы, летась у краінах Усходняй Эўропы на СНІД захварэлі 230 тысяч чалавек. Экспэрты прадказваюць, што сёлета колькасьць выпадкаў захворваньня ўзрасьце да 360 тысяч. Гэта азначае, што прырост складзе 50% ранейшай лічбы. Дынаміка росту захворваньняў найвышэйшая ў Эстоніі, Латвіі, Расеі й ва Ўкраіне, аднак СНІД пашыраецца таксама ў Казахстане, у Малдове і ў Беларусі.

За першыя 6 месяцаў гэтага года ў Беларусі афіцыйна зарэгістравана 408 хворых на ВІЧ-інфэкцыю. Усяго вірусаносьбітамі ёсьць 5893 чалавекі – гэта 59 хворых на 100 тысячаў жыхароў краіны. Аднак адмыслоўцы заяўляюць, што ў сапраўднасьці колькасьць ВІЧ-інфікаваных большая ў некалькі разоў. Сумнае лідэрства па-ранейшаму трымае Гомельшчына, другое й трэцяе месца падзяляюць Менск і Менская вобласьць.

Ахвярамі ВІЧ-інфэкцыі ёсьць ня толькі дарослыя, але й дзеці: так, за 16 гадоў ад інфікаваных мацярок ў Беларусі нарадзіліся 465 дзяцей. Аднак у пераважнай бальшыні – да 80% – носьбітамі вірусу ёсьць моладзь у веку 15-29 гадоў. Вось як гэта тлумачыць кіраўніца Цэнту прафіляктыкі СНІД Лілія Мялешка:

(Мялешка:) “Маладыя людзі яшчэ ня вельмі ацанілі для сябе магчымасьць заражэньнем ВІЧ-інфэкцыяй. Яны яшчэ не задумваюцца пра свой лад жыцьця, паколькі ёсьць вялікая колькасьць выпадкаў, калі ВІЧ-інфэкцыя перадаецца праз наркотыкі.”

Паводле спадарыні Мялешкі, апошнімі гадамі захворваньне імкліва распаўсюджваецца таксама й праз гэтэрасэксуальныя кантакты. Праз гэта ВІЧ-інфэкцыя становіцца асабліва небясьпечнай для самых разнастайных сацыяльных групаў маладых людзей.

Яшчэ адна асаблівасьць ВІЧ-інфэкцыі ў Беларусі – гэта стыгматызацыя й дыскрымінацыя хворых з боку грамадзтва. Так адбываецца з прычыны неахайнага стаўленьня да гэтае праблемы з боку ўладаў і асобных людзей, перакананая сябра грамадзкай арганізацыі “Пазытыўны рух” Тата Краўцова.

(Краўцова:) “Ёсьць, канечне, стэрэатыпы, асабліва ў дарослага пакаленьня. Гэтыя людзі ўяўляюць праблему так, як гэта было напачатку, калі малявалі чарапы й косткі й пісалі, што СНІД – гэта чума 20-га стагодзьдзя, што на СНІД хварэюць толькі геі, наркаманы й прастытуткі, то бок – выключна маргінальныя групы. А насамрэч хвароба не выбірае ні нацыянальнасьць, ні ўзрост, ні сацыяльны статус – чалавек нават можа пра гэта ня ведаць. І калі Расея і Ўкраіна прызналі гэтую праблему, то мы не прызнаем: усе думаюць, што СНІД – гэта недзе ў Афрыцы, а насамрэч – гэта побач. І калі ў Беларусі на дзяржаўным ўзроўні ня будуць прынятыя глябальныя захады, то гэта можа здарыцца з кожным”.

Гаварыла Тата Краўцова – сябра грамадзкай арганізацыі “Пазытыўны рух”. Паводле адмыслоўцаў, па колькасьці носьбітаў вірусу СНІДу Беларусь займае трэцяе месца сярод краінаў былога СССР – пасьля Расеі і Ўкраіны. Адначасова айчынныя мэдыкі прагназуюць, што колькасьць носьбітаў ВІЧ-інфэкцыі ў Беларусі ў бліжэйшыя гады будзе павялічвацца.

Што тычыцца суседак Беларусі, Расеі і Ўкраіны, дык колькасьць ВІЧ-інфікаваных павялічылася там за апошні год на 40%. Ацэньваецца, што ў Расеі 3 мільёны наркаманаў, якія ўжываюць наркотыкі пераважна праз ін’екцыі, а колькасьць хворых на СНІД складае амаль 900 тысячаў чалавек. Аб сувязі СНІДу з наркотыкамі сьведчыць, напрыклад, той факт, што 80% носьбітаў вірусу не дасягнулі 30 гадоў, тым часам як у Заходняй Эўропе толькі 30% хворых маладзейшыя за 30 гадоў.

Што да тэмпаў пашырэньня СНІДу, дык тут, паводле справаздачы ААН, Усходняя Эўропа выйшла на першае месца і апярэдзіла Афрыку. Экспэрты ААН лічаць, што рост захворваньняў у гэтым рэгіёне сьвету тлумачыцца ня нізкім узроўнем усьведамленьня (як, напрыклад, у Азіі), а бязьдзейнасьцю уладаў і нястачай сродкаў.

Што тычыцца Азіі, дзе жывуць 60% усяго насельніцтва сьвету, у мінулым годзе колькасьць ВІЧ-інфікаваных узрасла на 7,5 мільёнаў. Гэта значыць, што кожны чацьвёрты з новазаражаных у мінулым годзе зьяўляецца жыхаром Азіі. Яшчэ тры гады таму з Азіі паходзіў кожны пяты.

У Індыі звыш 5 мільёнаў ВІЧ-інфікаваных, што азначае, што цяпер Індыя апярэдзіла Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку. Спэцыялісты лічаць, што сытуацыя становіцца небясьпечнай, калі на СНІД хварэе больш як 1% насельніцтва. У Азіі гэты паказчык толькі набліжаецца да гэтай адзнакі, тым часам як у 7 афрыканскіх краінах – Батсване, Свазілэндзе, Лесота, Паўдзённай Афрыцы, Намібіі й Замбіі – на СНІД хварэюць болей як 15% насельніцтва, прычым 60% зь іхняга ліку ствараюць жанчыны.

Экспэрты адзначаюць вельмі нізкі ўзровень усьведамленьня рызыкі СНІДу сярод насельніцтва азіяцкіх краінаў. Зь ліку 85 тысяч апытаных індусаў тры чвэрці ня мелі элемэнтарнага паняцьця пра гэтую хваробу. Спэцыялісты тлумачаць імклівае пашырэньне СНІДу ў Азіі таксама культурнымі чыньнікамі й становішчам жанчыны ў грамадзтве. “Каб зьменшыць колькасьць захворваньняў сярод жанчын, трэба адукоўваць мужчынаў. Неабходна зьмяніць нормы паводзінаў у грамадзтве”, адзначыў выканаўчы дырэктар UNAIDS Пітэр Піёт.

Як удакладніла ягоная намесьніца Кэтлін Кравэроў, азіяцкія жанчыны і дзяўчаты, паводле тамтэйшых традыцыяў, часта ня могуць адмовіцца ад палавых зносінаў, нават калі не жадаюць у іх уступаць – дарэчы, тая ж самая сытуацыя і ў Афрыцы. Жанчыны ня могуць прымусіць сваіх мужоў і партнэраў карыстацца прэзэрватывам, а тыя вельмі часта маюць пазашлюбныя кантакты.

У Кітаі адсотак заражаных усё яшчэ адносна невялікі, паколькі ў краіне 1 мільярд 300 мільёнаў насельніцтва, аднак калі ўрад сур’ёзна ня зоймецца гэтай праблемай, дык да канца гэтага дзесяцігодзьдзя колькасьць хворых у Кітаі павялічыцца на 10 мільёнаў – перасьцерагаюць экспэрты ААН.

Трэба адзначыць, што ў барацьбе са СНІДам ёсьць таксама некаторыя посьпехі. У шэрагу краінаў, у прыватнасьці, у Бразыліі, Угандзе, Эфіёпіі, Кеніі і Тайляндзе, эпідэмія СНІДу запаволіла тэмпы. Асноўная прычына гэтага ў тым, што дзякуючы ўрадавым датацыям і замежнай дапамозе рэзка патаньнелі лекі. Другая прычына палягае ў шырокай кампаніі прапагандаваньня палавой стрыманасьці і засьцерагальных сродкаў.

Паводле экспэртаў ААН, да 2007 году дзеля барацьбы са СНІДам спатрэбіцца 20 мільярдаў даляраў у год – у 4 разы болей, чым цяпер. Летась было выдаткавана 5 мільярдаў даляраў, сёлета, у наступным годзе сума ўзрасьце да 12 мільярдаў, а яшчэ праз два гады трэба будзе выдзеліць 20 мільярдаў у год. У найбліжэйшыя 5 гадоў 15 мільярдаў даляраў паабяцаў выдзеліць прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, які лічыць, што СНІД пагражае глябальнай бясьпецы.

Нягледзячы на вялікія сродкі, што выдзяляюцца на змаганьне супраць хваробы, выканаўчы дырэктар UNAIDS Пітэр Піёт адзначае: “СНІД, праўдападобна, будзе з намі яшчэ многія, многія гады, а тое, як хутка ён будзе пашырацца і якія спрычыніць шкоды, залежыць ад саміх нас”.

А зараз – мэдычныя парады “Real Age”.

– Магчыма, Вы аддаеце перавагу іншым напоям, але варта ведаць, што адна шклянка малака можа сур’ёзна зьнізіць рызыку захворваньня на рак тоўстай кішкі. Малако зьяўляецца багатай крыніцай кальцыю, які значна зьмяншае рызыку ўзьнікненьня паліпаў, што зь цягам часу могуць ператварыцца ў злаякасныя пухліны. Паводле апошняга буйнамаштабнага дасьледаваньня, калі Вы будзеце выпіваць больш чым адну шклянку малака ў дзень, дык верагоднасьць захварэць на рак зьнізіцца на 15% адсоткаў. Вучоныя ня выявілі такога станоўчага ўплыву ў іншых малочных прадуктаў.

– Калі Вы ўжываеце пераважна жывёльны тлушч, то варта падумаць пра тое, каб дзеля свайго здароўя замяніць яго расьлінным алеем. Расьлінны алей зьяўляецца багатай крыніцай важнага для здароўя вітаміну E. Гэты вітамін ёсьць выдатным антыаксыдантам. Ён зьніжае ўзровень так званага “дрэннага” халестэрыну й засьцерагае ад сэрцава-судзінных хваробаў. Вітамін E ахоўвае тканкі й чырвоныя крывяныя цельцы ад шкоднага ўзьдзеяньня свабодных радыкалаў, і гэткім чынам зьмяншае рызыку захворваньня на рак. Багатымі крыніцамі вітаміну E зьяўляюцца, акрамя расьліннага алею, салата і капуста, а з болей экзатычных прадуктаў – міндальныя арэхі, авакада і манга.
XS
SM
MD
LG