Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганс-Георг Вік: “Я лічу, што ніводны аўтарытарны рэжым ва ўмовах цяперашняй Эўропы ня можа праіснаваць доўга”.


Ул. інф. Такі прагноз адносна далейшых палітычных пэрспэктываў Беларусі робіць былы амбасадар АБСЭ ў Менску доктар Ганс-Георг Вік. У дзень 10-гадовага юбілею з дня кіраваньня краінай Аляксандрам Лукашэнкам гэты даўні палітычны апанэнт беларускага лідэра выказаў меркаваньні, што свабодныя і празрыстыя выбары ў Беларусі, як парлямэнцкія, так і прэзыдэнцкія ёсьць тым шанцам, якія дазволіць грамадзтву зрабіць шлях ад аўтарытарнага рэжыму да сапраўднай эўрапейскай дэмакратыі.

77-гадовы нямецкі дыплямат па-ранейшаму адсочвае сытуацыю ў Беларусі. Што да заключаных днямі пагадненьняў у Эдынбургу паміж працоўнай групай ПА АБСЭ і беларускай дэлегацыяй, то спадар Вік называе гэта дастаткова цікавым палітычным крокам.

(Вік: ) “Тое разьвіцьцё, якое назіралася ў часе апошняй сэсіі ПА АБСЭ азначае, што працоўная група АБСЭ на чале з Утай Цапф выставіла пэўныя патрабаваньні перад беларускай дэлегацыяй: вы хочаце быць прызнанымі, таму вы мусіце палітычна садзейнічаць таму, каб выбары ў Беларусі былі ў адпаведнасьці са стандартам і АБСЭ свабоднымі і празрыстымі і такім чынам ня сталі чарговым інструмэнтам для маніпуляцыяў рэжыму Лукашэнкі.

Гэта дастаткова цікавая спроба апэляваць да сьвядомасьці беларускіх парлямэнтароў, каб яны палітычнымі сродкамі спрабавалі паўплываць на выбарчую кампанію. Дэклярацыя – гэта ня ёсьць нейкі прававы момант, гэта палітычны момант. Трэба ўлічваць тое, што эўраструктуры гатовыя правесьці арганізаванае назіраньне за выбарамі, але ж яны мусяць атрымаць запрашэньне ад Менску. Сыстэмнае незалежнае назіраньне за выбарчай кампаніяй можа мець вялікае значэньне, у тым ліку і для апазыцыі”.

(Карэспандэнт: ) “10 год таму да ўлады ў Беларусі прыйшоў Аляксандар Лукашэнка: чалавек, якому – як ніводнаму лідэру ў цяперашняй Эўропе – удалося падпарадкаваць сабе літаральна ўсе інстытуты ўлады. Таму многія ў Беларусі са скепсісам ставяцца да падобных спадзяваньняў эўрапейцаў. Час ад часу можна пачуць меркаваньні, што з дапамогай такой ускоснай падтрымкі з боку Эўропы Лукашэнка пратрымаецца яшчэ доўга. Ці згодныя Вы такім прагнозам?”

(Вік: ) “Я лічу, што аўтарытарны рэжым ня можа існаваць доўга ва ўмовах цяперашняй Эўропы. Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў выніку справядлівых выбараў. Але потым ён абраў курс на ўсталяваньне нэасавецкага аўтарытарнага рэжыму. Ён умела скарыстаў складаны для грамадзтва пераходны час, калі на тле эканамічнага крызысу сярод насельніцтва назіралася ў тым ліку і вялікая палітычная дэпрэсія – зразумела, ён скарыстаў і пэўную сьвядомую падтрымку маскоўскай намэнклятуры. Лічу, што сьвядомая частка беларускага грамадзтва, якая адрозьніваецца сваёй адукаванасьцю, ангажаванасьцю – дарэчы, гэтая вялікая частка насельніцтва краіны – мусіць усьвядоміць, што менавіта свабодныя выбары ёсьць той умовай, згодна зь якой Беларусь у стане зрабіць шлях ад аўтарытарнага рэжыму у бок да дэмакратычнай эўрапейскай дзяржавы”.
XS
SM
MD
LG