Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джон Кэры падтрымаў "Акт аб дэмакратыі ў Беларусі"


RFE/RL Кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад дэмакратаў сэнатар Джон Кэры падтрымаў "Акт аб дэмакратыі ў Беларусі", які прадугледжвае абвяшчэньне санкцыяў ЗША супраць Беларусі ў выпадку адмовы беларускіх уладаў спыніць перасьлед апазыцыянэраў і незалежных СМІ, расьсьледаваць выпадкі зьнікненьня палітыкаў.

У выпадку прыняцьця гэтага дакумэнту для шэрагу беларускіх чыноўнікаў будзе забаронены ўезд на тэрыторыю Злучаных Штатаў Амэрыкі, забаронены стратэгічны экспарт у Беларусі й дзяржаўнае інвэставаньне ў краіну, а таксама прынятыя меры што да скарачэньня фінансавай дапамогі Беларусі з боку міжнародных фінансавых інстытутаў. "Акт аб дэмакратыі ў Беларусі" таксама прадугледжвае абнародваньне дадзеных што да экспарту Беларусьсю зброі ў краіны, якія падтрымліваюць тэрарызм.

"Акт аб дэмакратыі ў Беларусі" падтрымалі ўжо многія прадстаўнікі Кангрэсу ЗША. Гэта сэнатары Джордж Вайновіч, Джозэф Байдэн, Джон МакКэйн, Джозэф Лібэрман, Тэд Кокран, Рычард Дурбін, кангрэсмыэны Стэні Гойер, Джозэф Пітс, Луі Макінтош Слотэр, Элсі Гастынгс, Джозэф Гойфэл, Элтан Галеджлі, Раш Голт, Том Лантас, Джозэф Краўлі ды іншыя. І вось жа сёньня яго падтрымаў Джон Кэры.

Нагадаем, што "Акт аб дэмакратыі ў Беларусі" быў унесены на разгляд у Палату прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША кангрэсмэнам Крыстофэрам Сьмітам, а ў Сэнат ЗША – сэнатарам Бэнам Кэмбэлам.
XS
SM
MD
LG