Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі працягваецца павелічэньне колькасьці хворых на ВІЧ-інфэкцыю


Галіна Абакунчык, Менск За першыя 6 месяцаў гэтага года ў Беларусі афіцыйна зарэгістравана 408 хворых на ВІЧ-інфэкцыю. Усяго вірусаносьбітамі ёсьць 5893 чалавекі – гэта 59 хворых на 100 тысячаў жыхароў краіны. Аднак адмыслоўцы заяўляюць, што ў сапраўднасьці колькасьць ВІЧ-інфікаваных большая ў некалькі разоў. Сумнае лідэрства па-ранейшаму трымае Гомельшчына, другое й трэцяе месца падзяляюць Менск і сталічная вобласьць.

Ахвярамі ВІЧ-інфэкцыі ёсьць ня толькі дарослыя, але й дзеці: так, за 16 гадоў ад інфікаваных мацярок ў Беларусі нарадзіліся 465 дзяцей. Аднак у пераважнай бальшыні – да 80% – носьбітамі вірусу ёсьць моладзь у веку 15-29 гадоў. Вось як гэта тлумачыць кіраўніца Цэнту прафіляктыкі СНІД Лілія Мялешка.

(Мялешка: ) “Маладыя людзі яшчэ ня вельмі ацанілі для сябе магчымасьць заражэньнем ВІЧ-інфэкцыяй. Яны яшчэ не задумваюцца пра свой лад жыцьця, паколькі ёсьць вялікая колькасьць выпадкаў, калі ВІЧ-інфэкцыя перадаецца праз наркотыкі”.

Паводле спадарыні Мялешкі, апошнімі гадамі захворваньне імкліва распаўсюджваецца таксама й праз гетэрасэксуальныя кантакты. Праз гэта ВІЧ-інфэкцыя становіцца асабліва небясьпечнай для самых разнастайных сацыяльных групаў маладых людзей.

Яшчэ адна асаблівасьць ВІЧ-інфэкцыі ў Беларусі – гэта стыгма й дыскрымінацыя хворых з боку грамадзтва. Так адбываецца з прычыны неахайнага стаўленьня да гэтае праблемы з боку ўладаў і асобных людзей – перакананая сябра грамадзкай арганізацыі “Пазытыўны рух” – Тата Краўцова.

(Краўцова: ) “Ёсьць, канечне, стэрэатыпы асабліва ў дарослага пакаленьня. Гэтыя людзі ўяўляюць праблему, як гэта было напачатку – калі малявалі чарапы й косткі й пісалі, што СНІД – гэта чума 20-стагодзьдзя, што на СНІД хварэюць толькі геі, наркаманы й прастытуткі, то бок – выключна маргінальныя групы. А насамрэч, хвароба не выбірае ні нацыянальнасьць, ні ўзрост, ні сацыяльны статус – чалавек нават можа пра гэта ня ведаць. І калі Расея й Украіна прызналі гэтую праблему, то мы ня прызнаем – усе думаюць, што СНІД – гэта недзе ў Афрыцы, а насамрэч – побач. І калі ў Беларусі на дзяржаўным ўзроўні ня будуць прынятыя глябальныя захады, то гэта можа здарыцца з кожным”.

Гаварыла Тата Краўцова – сябра грамадзкай арганізацыі “Пазытыўны рух.” Паводле адмыслоўцаў, па колькасьці вірусаносьбітаў СНІДу, Беларусь займае трэцяе месца сярод краінаў былога СССР – пасьля Расеі й Украіны. Адначасна айчынныя мэдыкі прагназуюць, што колькасьць носьбітаў ВІЧ-інфэкцыі ў Беларусі бліжэйшымі гадамі будзе павялічвацца.
XS
SM
MD
LG