Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства юстыцыі перасьледуе незалежны прафсаюз РЭПАМ


Галіна Абакунчык, Менск Міністэрства юстыцыі Беларусі накіравала афіцыйны запыт на адрас аб’яднанага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці й аўтасельгасмашу з патрабаваньнем пацьвердзіць юрыдычную правамоцнасьць выхаду прафаб’яднаньня са складу Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Лідэры РЭПАМу заяўляюць, што гэта ёсьць умяшальніцтвам уладаў у дзейнасьць незалежнага прафсаюзу з мэтай яго ліквідацыі. Афіцыйныя асобы Мінюсту ад камэнтароў адмаўляюцца.

У міністэрскім запыце таксама гаворыцца пра неабходнасьць афіцыйнага пацьверджаная колькасьці сяброў аб’яднанага прафсаюзу, хоць ад часу ягонай рэгістрацыі мінула каля двух месяцаў. Сустаршыня прафсаюзу Генадзь Фядыніч мяркуе, што гэтае патрабаваньне мае на мэце ліквідацыю РЭПАМУ і вось чаму:

(Фядыніч: ) “Мінюст у нас ужо рабіў праверку: на ўсе ягоныя запыты мы далі адказы, і там сказалі, што больш нічога не патрэбна, і раптам — зноў. Хутчэй за ўсё, рукамі Мінюсту Фэдэрацыя хоча пахаваць РЭПАМ. Прайшло больш як тры месяцы, як мы выйшлі са складу ФПБ, і, паводле статуту, нашая там прысутнасьць мусіць быць ануляваная. Аднак такога рашэньня і па сёньня няма”.

Пракамэнтаваць, чым тлумачацца новыя патрабаваньні да незалежнага прафаб’яднаньня, кіраўнік управы грамадзкіх аб’яднаньняў Мінюсту Міхаіл Сухінін адмовіўся.

(Сухінін: ) “Я на працы ў дзяржаве і без дазволу кіраўніка міністэрства нічога вам сказаць не магу”.

(Карэспандэнтка: ) “Але ж ваш подпіс стаіць пад лістом. Вы ж рашэньне прымаеце — значыць, можаце”.

(Сухінін: ) “Рашэньні прымаю. І вельмі важныя, як кажуць, лёсавызначальныя для аб’яднаньняў, але не магу”.

Чаму былы прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці выйшаў са складу Фэдэрацыі прафсаюзаў фактычна, але па-ранейшаму застаецца чальцом ФПБ фармальна, камэнтуе супрацоўнік Управы арганізацыйная працы Іван Іванцоў:

(Іванцоў: ) “Фэдэрацыя, яна абараняе інтарэсы сваіх сяброў. Калі мы праводзім адзіную палітыку, то я ўвогуле не разумею сэнсу выдзяленьня РЭПу. Не для гэтага мы аб’ядноўваліся, каб потым разьядноўвацца”.

Патрабаваныя Мінюстам дакумэнты аб’яднаны прафсаюз мусіць падрыхтаваць да 12 ліпеня. Таксама 12 ліпеня распачынаецца судовы працэс зьліквідаваньня Беларускай партыі працы, кіруе якой сустаршыня РЭПАМу Аляксандар Бухвостаў. Ініцыявала працэс Міністэрства юстыцыі.
XS
SM
MD
LG