Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Андрэй Мельнікаў


Андрэй Мельнікаў, Гомель Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя запісы аднаго дня зь мінулага тыдня прадстаўляе знаны беларускі бард Андрэй Мельнікаў з Гомелю.

4 ліпеня, нядзеля

У цётачкі Стасі

Скрозь дрыманьне чую, як устае Саша, праходзіць у кухню, і адтуль даносіцца яго кашаль палільшчыка. Неўзабаве праходзіць туды ж цётачка. Мне таксама варта ўставаць, і каб пасьпець на Балку, і каб не затрымліваць цётку — хто яго ведае, мо тут у царкве служба пачынаецца таксама а палове на сёмую. Паляжаўшы колькі хвілін для прыліку, падымаюся, апранаюся, абуваюся і выходжу ў кухню. Цётачка крыху зьдзіўленая: Саша, кажа, ужо зьехаў на ровары за сорак кілямэтраў на Днепр — мо там якую рыбу і зловіць. Брат, як учора даведаўся, што мясцовы дзеяч з аховы прыроды палавіў у “яго месцы” электравудай, вырашыў ехаць падалей, хай і настрою на рыбалку пасьля такой весткі няма. Цётачка распавядае, што былая жонка папаліла ўсе братавы дакумэнты, вось яму цяпер толькі й застаецца: на рыбу езьдзіць ды на сядзібе корпацца, бо няма ў чалавека “аўсвайсаў”.

П’ю гарбату з сочывам і лімонам, зьядаю сасіску. Котка Марта назірае за працэсам, але досыць абыякава. Цётачка посьціць ды і па-за постам прытрымліваецца строгай дыеты. Дзеліцца трывогай, што Саша выпальвае ажно па два пачкі на дзень, і ніяк у яго меней не атрымліваецца, кажа пра дом дзядзькі Грышы ў Крыўску, які ўжо прапаноўваюць купіць на дровы за 200 тысяч, а дом добры. Згадвае, як даглядала бабку Пелагею. За пару дзён да сьмерці бабка пачала бачыць памерлых сваякоў, затым арганізм пачаў “чысьціцца” (згадваю, што мамін тэж, але ж каб тады ведаць, да чаго гэты знак!). Баба Пелагея Фядосаўна пайшла на той сьвет заспакоеная і са сьвечкай у руках. Мама ж памірала ў пакутах. Цётачка кажа, Люба дазнавалася па сваіх каналах — гэта ўсё ж была анкалёгія. А братава ня верыла той самаўпэўненай лекарцы, лічыла — усё даўно вядома і дасьледавана.

Цэрквы і пачатак аўтастопу

Маю маці цётачка праводзіла на сорак дзён крыху раней у Доўскай царкве — усё зрабіла, як належыць. Распавядаю, як у аршанскай Міхайлаўскай аплаціў паніхіду, стаю, слухаю, а матчына імя ня згадваецца. Пайшоў да “матушкі”, а тая, як гандлярка на базары, якую выкрылі, раздражнёна і рэзка: “Мужчина, не может такого быть! Слушайте внимательней!” Настойваю, што не памыліўся. Сьвятар побач, запытвае, колькі я плаціў. Урэшце служка, падобны да Анатоля Сыса часу яго велічы, знаходзіць дзесь ды прыносіць патрэбную паперку да паніхіднага стала. Сьвятар, што служыць, ставіць на ёй нейкі знак і надалей імя маці згадвае, ды без дадатку “новапрастаўленая”, і згадвае толькі яе, без астатняга дзясятку імёнаў з маёй паперкі. Паніхіда перарываецца, калі нейкі буйнагабарытны фацэт ззаду абдымае сьвятара за талію і штось ціха кажа яму на вуха. Сьвятар ціха адказвае. Крыху перамаўляюцца, затым паніхіда працягваецца. Балюча за гэткі рытуал, ды мо варта было яго пабачыць, каб не захапляцца…

Зь цётачкай разьвітваемся ля весьнічак. Ісьці на “кальцо” неахвота, рушу ў бок Ямнага. З расчыненых дзьвярэй нейкай хаты нясецца гімн РБ.

Іду, галасую папутным аўто, ды зь іх прыпыняцца ня хоча ніхто… Так даходжу да Ямнага. Тут зьвяртаю ўвагу на бусьлянку ажно з чатырма бусламі. Усе стаяць і глядзяць у розныя бакі, як пазіруюць. Адзін, праўда, усё ж гнецца ды штось вышуквае ў бусьлянцы, парушаючы сымэтрыю. Ля самога насыпу пасьвіцца гнядая кабылка, а па версе гарцуе ейнае жарабя — кабылка тэж. Калі набліжаюся, страху не выказвае, але дарогу саступае…

На прыпынку сярод хмызоў кідаю рэчы на лаўку, іду з трафарэткай галасаваць да дарогі. Трафарэтку падымаю амаль выключна для “дальнабойшчыкаў”, астатнім проста руку. Зь дзясятак няспыненых аўто лічу, пасьля зьбіваюся і падліку не ўзнаўляю.

З кармянскай шашы выяжджае маршрутка, тармозіць ля прыпынку. Паказваю, што грошай няма, маршрутка каціць далей. Неўзабаве на мае заляцаньні спыняецца сьціплы “Фальксваген”. Маіх год дзядзька і юнак. Запытваю пра “безвазмездны” праезд, дзядзька бурчыць, што трэба акупляць салярку… Выбачаюся, разводжу рукамі ў стылі Сяргея Харэўскаса. Ад’яжджаюць. Няма ні грошай, ні касэтаў. Яшчэ і патануў сусед…

Чаканьне і паездка

Зь Ямнага каціць на фурманцы зь бідонамі цётачка ў акулярах. Вітаюся, пытаю, ці не на Крыўск. Не, яна ў канец “дзярэўні”, аказваецца за гэтымі хмызамі Ямнае шчэ крыху цягнецца. На далейшае галасаваньне аўтакіроўцы доўга не рэагуюць. Спыняюцца выключна маршруткі. А я ім не галасую і паказваю, што грошай няма. Як ужо шматразова ў жыцьці, пры наяўнасьці шматлікіх беларусаў навокал на дапамогу прыходзіць рускі. Падбірае мяне цёмна-сіняя “Аўды” з крутым расейскім нумарам. Гладка паголены чарнявы фацат з прамым носам прадстаўляецца як Васілій. Ён з падмаскоўнага Падольску, едзе на ўкраінскі Оўруч, а празь Беларусь — таму што тут дарогі добрыя. Старэйшы за мяне на тры гады. Заднія сядушкі забітыя ўсялякім “барахлом”, туды ж, з прапановы Васілія, стаўлю сваю кайстру. Размаўляем увесь час. Вельмі зьдзіўляецца, даведаўшыся, што мяне тут не падабралі за тры гадзіны з хвосьцікам, а другое зьдзіўленьне зыходзіць зь яго, калі чуе, што я рыхтую сюжэты для штотыднёвай абласной радыёперадачы за так.

Зьдзіўляецца не таму, што рыхтую, а таму, што ня плацяць. Мне ж патлумачылі, што каб атрымліваць грошы, трэба адпрацаваць сорак гадзін у жывым радыёэфіры (а я ўсё запісваю да перадачы), пасьля заключаць дамову, а ўжо па ёй здолееш атрымліваць “пяць рублёў”, як няштатнік…

Васіль за язык ня цягне і пытаньняў амаль не задае. Але, пачуўшы, як стрыечнага брата, што ехаў на сорак дзён да сваёй цёткі, маёй маці, з атрыманым на радзіме (пад Пензай) заробкам, дзесь між Масквой і Смаленскам мянты высадзілі зь цягніка “Масква–Горадня” ды адпусьцілі ўжо без заробку, цікавіцца канкрэтным местам.

Пад’яжджаем да гомельскай аб’язной. Абіраю для высадкі перакрыжаваньне ля былога Сталіна, цяпер — Калініна. Васіль адмаўляецца ад любых падарункаў. Проста паціскаем рукі ды разьвітваемся.

Па прасёлку рушу ў вёску, даведваюся ў цётачкі з поўнымі вёдрамі, калі дызэль на Гомель і як патрапіць да станцыі, радуюся, што квіткоў “на калінінскім” не прадаюць, дапамагаю данесьці вёдры і шпару да чыгункі. Пасадачны пункт сустракае поўнай адсутнасьцю людзей. Радуюся, што хутка зьяўляецца дызэль, ды той праносіцца, нават не тармозячы. Пралятае мой сёньняшні гандаль!

Заключны этап дабіраньня дахаты

Павольна крочу па плятформе. З-за кустоўя — галасы. Рушу туды — па сьцежцы ідуць цётачка з клункамі й пара разнаполага юнацтва. Вітаюся, запытваю пра дызэль. Аказваецца, гэта хуткі пранёсься, а на 10.18 шчэ будзе. Цётачка знаходзіць на пуцях раздаўленага ката і распавядае юным спадарожнікам пра катоў-самагубцаў, якія старыя ды саслаблыя сыходзяць з хатаў і самі кідаюцца пад цягнікі.

Пакуль чакаем, людзей падвальвае пад пару дзясяткаў. Дызэль спазьняецца хвілін на тузін. Сунуўшыся ва ўпадабаны вагон, адразу трапляю на кандуктарак. Вітаюся, крочу праз вагоны — у апошні, яны за мной. У тамбуры апошняга на запыт адказваю: “Нечам плаціць. Есьлі можаце — прасьціце”. Кандуктарка запытвае, дакуль я еду і сыходзіць у салён. Побач з салёну праходзяць далей па цягніку дзьве чыгуначныя постаці зь белым верхам. Праходжу ў салён. Саджуся недалёк ад дзьвярэй. Паступова супакойваюся, у думках пляную, што на Балку ўсё ж паеду, хоць з гадзінку, але пагандляваць пасьпею.

Аказваецца, дарэмна супакоіўся. Кандуктаркі падымаюцца і праходзяць побач не чапляючы, але замест іх у салён уваходзяць чыгуначніцы зь белым верхам — рэвізоры і мент. Падымаюся, ды насупраць выйсьця стаіць рэвізорка строга-пэдагагічнага выгляду, ласкава пытае “білецік”. Шчыра кажу, што няма ні квітка, ні грошай, і гэтую кабетку прашу, калі яна зможа, дараваць. Рэвізорка канстатуе, што папуткі мяне не бяруць і — “хадзіце пешком тагда!” Адказваю, што ўжо нахадзіўся за суткі. Кабетка запытвае пашпарт, абяцаючы не забіраць. Сапраўды, неўзабаве вяртае, і пранікнёна гледзячы ў вочы, зь мяккай строгасьцю, тонам, як хвораму на галаву, прапаноўвае прайсьці ў самы першы вагон, а пасьля яна дойдзе і там, маўляў, складзе пратакол. Яшчэ раз ласкава кажа: “В самый-самый первый…”

Іду, усьведамляючы, што займеў шанец на высадку без усялякіх пратаколаў. Мінаем Яроміна, даяжджаем да Сьветача. Гэта ўжо Гомель. Вырашаю не спакушаць лёс далей і высаджваюся. Цяпер — тры кілямэтры пешкам. Гандаль на Балцы, канечне, накрываецца, але так спакайней…

У кватэры

Яна сустракае зацьвілеўшай (дарма, што ў лядоўні) рыбай, якую выкідаю і, чамусь, адным падсохлым лімонам — астатнія кветкі буяюць. Паліваю лімон, гляджу на гадзіньнік — на Балцы шчэ гандлююць! Пакую пляцак, пераапранаюся, падымаю сядло ровара, накачваю камэры. Ізноў — на гадзіньнік: нават, калі я па гэтай сьпёцы выкладуся, упатнею, пасьпяваю максымум хвілін на сорак і на адзінкі малаверагодных пакупнікоў. Ці варта? Ня еду. Звоніць Анжэла — трэ знайсьці малым для басэйну тапачкі й шапачкі. Тапачкі знаходжу хутка, а дзеля шапачак раблю амаль “мянтоўскі шмон” з паралельнай чысткай ад дробнага сьмецьця. У выніку знаходжу ня лепшае з таго, што шукаў, але колькасна нам хопіць. Да таго ж ва ўласнай кашулі ў шафе легалізуюцца ажно пяць тысяч. Аўтастопам да Менску, мяркую, хопіць.

У перапынках на ежу (некалькі заходаў на плоў тыднёвай даўніны і скіслыя малакапрадукты са сьвежай аршанскай зелянінай) чытаю салжаніцынскі “Ракавы корпус”. Там адзін фацат не жадае атрымваць інваліднасьць, каб работаць кім хоча, і нагадвае дурасьцю мяне дваццацігадовага, калі замест сваёй інваліднасьці я гадамі даказваў і ўрэшце даказаў здаровасьць. Ну і што? Як казала адна сацыял-дэмакратка: “Я б на месцы тваёй жонкі цябе б за гэта забіла!” У яе мужык — інвалід узброеных сілаў, шмат гадоў пыл у вочы пускаў, што “аўганец”. Мы зь ім — два розныя выбары, і яго — разумнейшы, бо арганізм не падманеш, ён сапраўды пашкоджаны, ды вось ня ежджу я на дызэлях бясплатна і пэнсіі ня маю, а яно прыдалося бы цяпер і мне, і сям’і! А тады — сорамна было за нездаровасьць, бо не ў баях яе атрымаў…

“Корпус” моцна паралеліць зь “Мёртвыя не пацеюць” Уладзімера Арлова. Аўтары абодва праходзілі праз тое, пра што пісалі, сытуацыі падобныя, канец і там, і там аптымістычны, але якая розьніца ў стылі і напаўненьні! Арлоў хапае адразу, ды глыбока ня лезе; рэч ня робіцца ні трагедыяй, ні фарсам, яе можна чытаць і дзецям, і ўражлівым, яна іранічная і камфортная, як той казаў — мажорная. У Салжаніцына пад маскай пэрсанажу зашмат самалюбаваньня, часам занудзтва, але ён не пазьбягае тэмы сьмерці, не падмяняе сур’ёзных развагаў іроніяй — і гэтым мне бліжэй. Патрэба ў “Корпусе” застаецца з апошняга тыдня жыцьця мамы. Чытаю і думаю... Часам сядаю за кампутар.

Такі вось адзін дзень Неівана Недзянісавіча.
XS
SM
MD
LG