Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Маркевіч абскарджвае тры судовыя рашэньні


Алеся Кавалёва, Горадня Справа з канфіскацыяй у красавіку накладу газэты “День” атрымала працяг. Галоўны рэдактар газэты Мікола Маркевіч накіраваў скаргу ў Гарадзенскі абласны суд з просьбай скасаваць рашэньне Ленінскага раённага суду Горадні, які прызнаў законнымі дзеяньні адміністратыўнай камісіі.

Нагадаю, што камісія пакарала Маркевіча нібыта за распаўсюджваньне друкаваных выданьняў без выходных зьвестак, а таксама ўзаконіла канфіскацыю газэтнага накладу міліцыянтамі. 4800 асобнікаў газэты сканфіскавалі ў красавіку на трасе Менск-Горадня супрацоўнікі іўеўскага пасту дарожнай міліцыі. У газэце было надрукавана выказваньне Валер’я Леванеўскага — старшыні страйкаму прадпрымальнікаў. Адміністратыўная камісія падтрымала складзены міліцыянтамі пратакол, нязважна на тое, што артыкул Адміністратыўнага кодэксу ў ім быў выкарыстаны неабгрунтавана. Маркевіча пакаралі за распаўсюджваньне друкаваных выданьняў, а газэта зьяўляецца сродкам масавай інфармацыі. Да таго ж, на момант затрыманьня накладу гэты нумар яшчэ не пасьпелі распаўсюдзіць.

Мікола Маркевіч падаў таксама скаргі на рашэньні гаспадарчага суду Гарадзенскай вобласьці, паводле якіх грамадзкае аб’яднаньне “Бацькаўшчына” й гарадзкую арганізацыю Таварыства беларускай мовы маюць выселіць з памяшканьняў. Іх зьвінавацілі за парушэньне дамовы аб арэндзе, бо ў памяшканьнях нібыта працавала рэдакцыя газэты “День”. Кіраўніком гэтых арганізацый зьяўляецца Мікола Маркевіч. Скаргі накіраваны ў касацыйную інстанцыю гаспадарчага суду Гарадзенскай вобласьці.
XS
SM
MD
LG