Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыкі камэнтуюць выключэньне трохразовага алімпійскага чэмпіёна Ўладзімера Парфяновіча са складу НАКу


Уладзімер Глод, Менск І ўлады, і апазыцыя зьвязваюць рашэньне выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі аб выключэньні трохразовага алімпійскага чэмпіёна Ўладзімера Парфяновіча са складу камітэту зь яго палітычнай дзейнасьцю. Хаця адпаведнае рашэньне яшчэ мусіць быць зацьверджана на сходзе Нацыянальнага алімпійскага камітэту, яго ацэньваюць як першы крок у справе адлучэньня славутага спартоўца й цяперашняга палітыка ад непасрэднага ўдзелу ў алімпійскім руху.

Першапачаткова спадару Парфяновічу віцэ-сьпікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў і міністар спорту й турызму Юры Сівакоў прапанавалі напісаць заяву пра сыход са складу Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі з уласнага жаданьня. Але славуты спартовец катэгарычна ад гэтага адмовіўся.

Віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Генадзь Аляксеенка, які з адсутнасьцю прэзыдэнта НАКу Аляксандра Лукашэнкі праводзіў 7 і 8 ліпеня паседжаньні выканкаму, сказаў мне, што афіцыйная пазыцыя выкладзена ў адпаведнай пастанове. Таму ён можа выказаць толькі сваю асабістую думку:

(Аляксеенка: ) "Я лічу недапушчальным выкарыстоўваць трыбуну Нацыянальнага алімпійскага камітэту з палітычнымі мэтамі, дзеля задавальненьня ўласных амбіцый. Гэта — няправільна. НАК — не палітычная арганізацыя. Трэба вызначыцца: хочаш ісьці ў палітыку — ідзі, калі ласка, ня хочаш — дык навошта ты за сабой іншых цягнеш? У нас цяпер зусім іншая задача — годна выступіць на Алімпійскіх гульнях. Вось над чым патрэбна працаваць".

Уладзімер Парфяновіч цьвердзіць, што ён не пераносіць палітыку ў спорт:

(Парфяновіч: ) "Палітыкай я займаюся ў парлямэнце, на вуліцах. А ў спорце я займаюся толькі спортам. І няхай ніхто ня кажа, што я займаюся ў спорце іншай справай, акрамя спорту. Ня лезу я ў спорце ў палітыку. У спорце я лезу ў палітыку толькі тады, калі гэта тычыцца законаў пра спорт, гэта ёсьць, я дакладаў пра адпаведны законапраект у Палаце. Таксама тады, калі я адстойваю інтарэсы спартовых школ, якія не рамантуюць ужо дзясяткамі гадоў... Вось гэта ёсьць маёй сапраўднай палітыкай у спорце".

Кіраўнік дэпутацкай групы "Рэспубліка" Сяргей Скрабец заяўляе, што для яго такое рашэньне выканкаму НАКу ня стала нечаканасьцю:

(Скрабец: ) "Цяпер ідзе новая хваля ціску на сябраў групы "Рэспубліка", мы ўсе чакаем новых распрацовак спэцслужбаў. Гэта адна зь іх, бо ёсьць загад зьверху й яго трэба выконваць. На маю думку, гэта палітычнае, а не спартовае рашэньне. Нічога з таго, што датычыцца спорту, тут няма".

Алімпійскі чэмпіён 1980 году фэхтавальшчык Мікалай Алёхін, сябра Нацыянальнага алімпійскага камітэту, гаворыць, што яму зразумелая пазыцыя спадара Парфяновіча:

(Алёхін: ) "Калі будзе адкрытае галасаваньне, то я буду за тое, каб яго не выводзілі з НАКу. Парфяновіч выказаў сваю грамадзянскую пазыцыю, і нічога надзвычайнага, дарэчы, у ёй няма. Як уладам выгодная сытуацыя, так яна й будзе разыграна. Гэта ўжо мы праходзілі. У спорце, дарэчы, таксама. Кан''юнктуру мы цудоўна разумеем — хто, чаму й як".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG