Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнік Мікалай Сапега рамантуе Быхаўскі замак, які належаў Льву Сапегу


Марыя Ўсьціновіч, Быхаў Прадпрымальнік Мікалай Сапега ўзяўся за рамонт і аднаўленьне Быхаўскага замку. Гэтым замкам, збудаваным прыканцы 16-га –17-м стагодзьдзі, валодаў Леў Сапега. А цяпер Мікалай Сапега вырашыў упарадкаваць быхаўскую спадчыну знакамітага ўладара Вялікага Княства Літоўскага.

Мікалай Сапега паказвае Быхаўскі замак і распавядае, што ўдалося зрабіць за некалькі месяцаў працы:

(Сапега: ) “Падабаецца, што сьмецьце прыбраў, і ўсё папрыгажэла. Душа радуецца…”

У сёлетнім лютым 45-гадовы прадпрымальнік, які мае фэрмэрскую гаспарадку ў Глускім раёне, арандаваў некалькі замкавых памяшканьняў у Быхаўскага камбінату прамысловых тавараў. За савецкім часам тут была наладжана вытворчасьць мэблі, потым замак стаяў закінуты. Таму найперш адрамантавалі дах, каб старажытны будынак далей не разбураўся.

Замак стаіць пры ўезьдзе ў Быхаў, на ўзвышшы на беразе Дняпра. Захаваліся яшчэ рэшты абарончага рову й вартавыя вежы.

(Сапега: ) “Горад Быхаў некалі Хадкевічам належаў, потым перайшоў да Сапегаў. Асноўная задача замку была – абараняцца ад маскалёў”.

Адны гісторыкі настойваюць на тым, што род Сапегаў вымер, іншыя не выключаюць, што Мікалай сапраўды можа быць далёкім нашчадкам Льва Сапегі.

(Сапега: ) “Дакладна мне вядома, што мае дзед і прадзед нарадзіліся ў той вёсцы, якая Сапегам належала. А якая сувязь таго Сапегі, што перад вамі, з тымі Сапегамі – гэта складана сказаць”.

У замку на чале зь Мікалаем цяпер працуюць зь дзясятак чалавек. Прадпрымальнік займаецца продажам драўніны, і заробленыя грошы выдаткоўвае на рамонт замку. Сапега лічыць гэта ўкладаньнем у будучыню.

(Сапега: ) “Што мяне больш за ўсё “каробіць”, дык тое, што людзі ў пошуках добрага жыцьця бягуць за межы роднай хаты”.

Мікалай Сапега вырашыў будаваць, як ён кажа, “прыгожае жыцьцё на сваёй зямлі”, і цяпер рыхтуецца да працэдуры набыцьця Быхаўскага замку. Тут плянуецца зрабіць залю ўрачыстасьцяў і адкрыць школу для выхаваньня хлопчыкаў-сірот.

(Сапега: ) “Калі зьявяцца рэальныя правы на гэта ўсё, тады я пайду да ўладаў, тады я дамоўлюся зь імі, што тут трэба ўсё ўпарадкаваць такім чынам, каб гэта быў гістарычны цэнтар, прыгожы, і каб служыў Сапегу й людзям”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG