Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уступныя іспыты ў ВНУ: ажыятаж, апэляцыі й таямнічасьць


Іна Студзінская, Менск Cёньня завяршаюцца экзамэны ў дзесятку вядучых ВНУ Беларусі, якія першымі праводзяць уступную кампанію. На сем з паловаю бюджэтных месцаў прэтэндуе каля 30 тысяч абітурыентаў. Самы вялікі конкурс – у Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце: каля шасьці чалавек на месца, а на асобныя спэцыяльнасьці на месца прэтэндуе ажно 27 чалавек! Не адстае ад “наргасу” і Беларускі дзяржаўны унівэрсытэт, дзе сярэдні конкурс – пяць з паловай чалавек на месца, і куды загадам рэктара без экзамэнаў ужо залічана 246 чалавек – амаль шостая частка ад агульнага набору. Дарэчы, заўтра, 10 ліпеня, адбудзецца публічнае залічэньне першакурсьнікаў першага патоку на бюджэтнае аддзяленьне.

Такіх “шалёных” конкурсаў у ВНУ не было ўжо гадоў 20. Тлумачыцца гэта дэмаграфічным усплёскам сярэдзіны 80-х, так званым “бэбі-бумам”. На некаторыя спэцыялізацыі конкурс пераваліў за два дзесяткі прэтэндэнтаў на месца. На факультэце міжнародных адносінаў БДУ склалася наагул анэкдатычная сытуацыя, калі на саму спэцыялізацыю “міжнародныя адносіны” на мінус адно месца прэтэндавала спачатку 337 чалавек, потым засталося 267. Набіраюць туды ўсяго 20 чалавек. 8 студэнтаў ужо залічана – гэта прызёры алімпіядаў. 11 ідуць па-за конкурсам, 2 чалавекі – асобны мэтавы набор. Такім чынам, атрымліваецца ўжо 21.

Ад 16 да 25 чалавек на месца хочуць вывучаць псыхалёгію, ангельскую філялёгію, міжнароднае права, лінгвакраіназнаўства. На 7 спэцыялізацыяў міжнароднага факультэту будзе залічана 165 студэнтаў (на бюджэтнае аддзяленьне) плюс яшчэ 225 жадаючых будуць вучыцца на платнай аснове. Такім чынам, праз чатыры гады краіна атрымае яшчэ амаль чатыры сотні дыплямаваных міжнароднікаў і дыпляматаў!

Дарэчы, год навучаньня ў БДУ каштуе ад семісот пяцідзесяці даляраў на фізфаку й матфаку да тысячы пяцісот даляраў – на гуманітарных факультэтах. Але амаль усе абітурыенты кажуць, што калі не паступяць на бюджэтнае навучаньне, дык гатовыя ісьці на платнае, толькі б узялі.

(Дзяўчына: ) “Мы паступалі на гістфак”.

(Карэспандэнтка: ) “А якое ўражаньне ад іспытаў – сапраўды гэта было справядліва, без пытаньняў?”

(Дзяўчына: ) “Я лічу, што ўсё было справядліва”.

(Карэспандэнтка: ) “А які конкурс?”

(Дзяўчына: ) “4 чалавекі на месца”.

(Хлопец: ) “Я паступаў на фізычны факультэт. Да прыёмнай камісіі ў мяне ніякіх прэтэнзій няма, толькі да сябе. Мог бы і лепш”.

(Дзяўчына: ) “Я паступала на спэцыялізацыю кіраваньне і сацыяльныя тэхналёгіі, факультэт дызайну”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць у вас заўвагі, прэтэнзіі да камісіі?”

(Дзяўчына: ) “Да камісіі ў мяне няма прэтэнзіяў, толькі да Міністэрства адукацыі. Мяняюць экзамэны за некалькі месяцаў і не папярэджваюць абітурыентаў. Так, да прыкладу, на дызайн нямецкую мову памянялі на “Чалавек і грамадзтва”. Я 4 гады рыхтавалася да нямецкай мовы, а атрымалася, што за паўгады я павінна была вывучыць “Чалавек і грамадзтва” – адзін з самых складаных прадметаў”.

(Юнак: ) “Я паступаў на факультэт міжнародных адносінаў. Адзнакі 8, 8 і 7. Няма ніякіх шанцаў. Я ўжо зразумеў, што не паступлю, таму што прахадны бал – 28, а ў мяне 23. Бюджэтных месцаў – 8, і тыя разьмеркаваныя ўжо для сірот, чарнобыльцаў”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць у вас прэтэнзіі да прыёмнай камісіі?”

(Юнак: ) “Так, у мяне ёсьць прэтэнзіі. Я здаваў “Чалавек і грамадзтва”. І адзнака выстаўляецца зыходзячы з працэнтаў. Але калі адзнака ўжо выстаўленая, ніхто не глядзіць, колькі ты набраў: 85 альбо 75. Гэта адна і тая ж адзнака. Таму я лічу, што неаб’ектыўна выстаўляецца. Мне, да прыкладу, 1% не хапіла да дзевяткі. А хтосьці на 10% менш атрымаў, і яму тая ж самая адзнака”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці спрабавалі вы падаць апэляцыю?”

(Юнак: ) “Так, я падаваў. Я быў нязгодны зь некаторымі пытаньнямі – не зусім карэктна, на мой погляд, яны былі зададзеныя – але яна не была прынятая. І патлумачылі, што ні адна апэляцыя такога кшталту не была задаволеная”.

Апэляцыяў сёлета сапраўды падаецца шмат. І абітурыенты, і асабліва іх бацькі вельмі актыўна пішуць скаргі. Толькі ў БДУ іх пададзена некалькі соцень. Але той юнак, зь якім я размаўляла, мае рацыю: апэляцыі, як правіла, не задавальняюцца. І тлумачыцца гэта тым, што, маўляў, кампутарная сыстэма апрацоўкі вынікаў іспытаў выключае магчымасьць памылкі. Так што скардзіцца, у прынцыпе, нікому не забарона, але амаль бессэнсоўна.

Дарэчы, у сераду кіраўнік дзяржаўнай камісіі па кантролю за правядзеньнем уступных экзамэнаў, старшыня Камітэту дзяржкантролю Анатоль Тозік адхіліў кіраўнікоў адной з прадметных камісіяў ў БДУ. Спадар Тозік папярэдзіў рэктара БДУ Васіля Стражава аб пэрсанальнай адказнасьці за якасьць падбору чальцоў камісій і за іх аб’ектыўную працу.

Цяпер супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў вывучаюць атрыманую інфармацыю. На жаль, больш падрабязна, хто канкрэтна адхілены і за што, высьветліць не ўдалося нават у прэс-сакратара Камітэта дзяржкантролю Якава Аляксейчыка:

(Карэспандэнтка: ) “Ці шмат у вас такіх сур’ёзных выпадкаў, ці шмат парушэньняў?”

(Аляксейчык: ) “Пра ўсе выпадкі паведамляем. Пра тое, што паведамілі, і ёсьць выпадак.”

(Карэспандэнтка: ) “А больш падрабязна: хто адхілены, за што?”

(Аляксейчык: ) “Я быў у ад’езьдзе і сам ня ведаю гэтых падрабязнасьцяў. Безь мяне гэта рабілі.”

(Карэспандэнтка: ) “А наагул, ці шмат такіх выпадкаў?”

(Аляксейчык: ) “Я ж кажу, калі такія выпадкі здараюцца, дык мы паведамляем. Гэта першы раз, калі прыйшлося паведамляць”.

Наагул, трэба адзначыць, што вакол уступных экзамэнаў вельмі шмат сакрэтнасьці. У карпусы БДУ нікога не пускаюць, па нумары тэлефона, які абвешчаны быццам бы для сувязі, зьвязацца немагчыма – аўтаадказьнік пастаянна паведамляе, што сувязь часова адсутнічае. Чальцы камісіяў запалоханыя і баяцца нават слова сказаць – адмахваюцца, маўляў, ніякіх камэнтароў. Маўляў, усе вынікі – на дошцы аб’яваў. Да дошкі гэтай не прабіцца, вакол – шквал эмоцыяў: нехта плача, нехта радуецца. Карацей, жарсьці кіпяць. А заўтра, 10 ліпеня, нагадаю, стане вядома, каму пашчасьціла паступіць. А вось у ВНУ другога патоку ўступныя экзамэны пачнуцца 18 ліпеня.
XS
SM
MD
LG