Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слоік як архетып беларускай жанчыны


Юлія Шарова, Менск Летам для беларускіх гаспадыняў надыходзіць час займацца нарыхтоўкамі прадуктаў – іншымі словамі, закручваць слоікі на зіму. Не патрабуе доказаў тое, што закансэрваваныя садавіна й гародніна ня надта карысныя для здароўя, і што закруткі адбіраюць шмат сіл ды грошай. Для чаго ў такім разе беларускі ўсіх узростаў прысьвячаюць гэтаму занятку столькі часу?

Адказ на гэтае пытаньне я выправілася шукаць на Камароўскі рынак. З усіх жанчын, зь якімі я пагутарыла, толькі дзьве не займаюцца закруткамі наагул – адна ня мае дзе захоўваць слоікі з хатнімі нарыхтоўкамі, а другой здароўе не дазваляе ўжываць такія прадукты. Астатнія кабеты з задавальненьнем расказвалі пра тое, як танна можна набыць памідоры для кансэрваваньня, як шмат вітамінаў у смародзінавым сочыве, ці пра тое, як зімой любяць піць кампоты іхныя дзеці. Вось зь якіх прычынаў кабеты шмат гадзінаў трацяць на закруткі:

(Спадарыня: ) “Напэўна любяць. Любяць зямлю нашую”.

(Дзяўчына: ) “Усе маюць дзяцей, усе студэнты, і ўсім трэба”.

(Пэнсіянэрка: ) “Каб потым нечым паласавацца. Не, ня тое каб гэта цікава, а папросту так спрадвеку было, каб смачненькае нешта зьесьці”.

(Спадарыня: ) “Напэўна, так прынята. Бабулі нарыхтоўвалі й мы нарыхтоўваем. Можа, таму, што ў Беларусі працавіты народ? У Расеі гэтым не займаюцца, наколькі я ведаю”.

Разам з тым некаторыя мае суразмоўцы заўважаюць, што для сучаснай жанчыны закруткі сталі нечым падобным да рыбалкі для мужчын. Занятак даволі бессэнсоўны, але ж усё адно жанчыны штогод да яго вяртаюцца.

(Спадарыня: ) “Некаторыя нават спаборнічаюць: я пяцьдзесят слоікаў кампотаў, я сто слоікаў… Ёсьць такое ў некаторых, а некаторыя і так”.

(Іншая спадарыня: ) “Калі пачынаеш гэта рабіць, ёсьць спартовы інтарэс. Хочацца гэта рабіць, а потым пачынаеш: ах, ну трэба яшчэ, яшчэ й яшчэ. У гэтым сапраўды ёсьць нейкі імпэт”.

А вось адна жанчына, зь якой я гутарыла на менскай Камароўцы, сказала, што кабеты займаюцца закруткамі пераважна тады, калі ня маюць іншага занятку, каб папросту запоўніць час. У такім разе складваецца ўражаньне, што пераважнай большасьці беларусак няма чым заняцца, бо яны днямі соляць на кухні агуркі й закручваюць кампоты? Ці можна знайсьці нейкае тлумачэньне гэтай любові да слоікаў?

Псыхоляг Вольга Андрэева называе слоік архетыпам беларускай жанчыны. І ў гэтай мэтафары, на жаль, зашмат праўды. На ейную думку, закруткамі-нарыхтоўкамі займаюцца пераважна тыя людзі, якія ня маюць нічога больш цікавага ў жыцьці. Таксама такі занятак важны для людзей стэрэатыпных, якія баяцца парушаць парадак, заведзены продкамі: калі так рабіла мама, то я таксама мушу закручваць слоікі. Аматары хатніх закрутак баяцца быць не такімі, як усе. Як тлумачыць спадарыня Андрэева, ня менш важная рэч – спаборніцтва за тытул “Найлепшая гаспадыня”. Грамадзтва патрабуе ад кабеты дасканаласьці, і кабета ў сваю чаргу гэтую дасканаласьць даводзіць.

(Андрэева: ) “Жаночы пэрфэкцыянізм выхаваны культурай. У жанчыны, калі яна не дацягвае да поўнай дасканаласьці, лёгка сфармаваць пачуцьцё віны, папракаючы, што ў суседкі на тры слоікі нечага болей. І жанчына, якая падзяляе гэтыя каштоўнасьці наконт жаночай дасканаласьці, устрывожыцца ды яшчэ закруціць”.

Закруткі – занятак для людзей бедных, альбо для тых, хто баіцца беднасьці, кажа псыхоляг. Беларусы па-ранейшаму баяцца эканамічных крызысаў, вайны й галечы, таму інстынктыўна назапашваюць прадукты. А беларускім жанчынам патрэбныя нейкія дасягненьні для пацьверджаньня ўласнай значнасьці. На жаль, пакуль беларускі больш самасьцьвярджаюцца на кухні.
XS
SM
MD
LG