Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выканкам Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі выключыў са складу камітэту Ўладзімера Парфяновіча і яшчэ 6 чалавек


Уладзімер Глод, Менск 8 ліпеня выканкам Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі на сваім паседжаньні выключыў са складу камітэту некалькі ягоных сяброў. Сярод іх – былыя і дзейныя кіраўнікі шэрагу спартовых асацыяцыяў, фэдэрацыяў і саюзаў: Уладзімер Парфяновіч (каноэ), Аляксандр Казулін (фрыстайл), Мікалай Каўбаска (інвалідны спорт) і некаторыя іншыя, усяго 7 асобаў. Такім чынам, падобна на тое, што тая схема так званага калектыўнага выключэньня спрацавала.

Хаця ўзгаданае рашэньне і аформленае адпаведнай пастановай выканкаму, яно яшчэ не канчатковае. Таму, як адзначаецца ў прэсавым рэлізе Нацыянальнага алімпійскага камітэту, пастанова “будзе ўнесеная для зацьверджаньня на чарговым алімпійскім сходзе”. Калі ён адбудзецца, пакуль невядома, хаця ў спартовых колах некаторыя называюць як магчымую дату аўторак 13 ліпеня.

Што тычыцца паседжаньня выканкаму, то яно праходзіла два дні, у чацьвер і пятніцу, за зачыненымі дзьвярыма, таму інфармацыя адтуль мінімальная. Першапачаткова віцэ-сьпікер палаты Ўладзімер Канаплёў і міністр спорту і турызму Юры Сівакоў прапанавалі трохразоваму алімпійскаму чэмпіёну, спартоўцу і палітыку, сябру дэпутацкай групы “Рэспубліка” Ўладзімеру Парфяновічу напісаць заяву пра тое, што ён па ўласным жаданьні выходзіць са складу Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі. Але славуты спартовец катэгарычна ад гэтага адмовіўся.

Не да канца зразумела, чаму ўся гэтая гісторыя ўзьнікла непасрэдна перад Алімпійскімі гульнямі, якія пачынаюцца ўжо літаральна праз месяц. Таму мы зьвярнуліся да спадара Парфяновіча з пытаньнем: “Чаму гэта робіцца, можа Вы нейкі нэгатыўны ўплыў аказваеце на алімпійскую каманду Беларусі?” Як вядома, у прэсавым рэлізе пішацца пра тое, што Уладзімер Парфяновіч сваімі дзеяньнямі “прычыніў маральную шкоду алімпійскаму руху і прынцыпам алімпізму”.

(Парфяновіч: ) “Я ўсё жыцьцё займаўся спортам. Жыў з гэтай працы і жыву зь яе. Гэта маё хобі, жыцьцёвае хобі. Таму я скажу так: гэтыя людзі, якія сёньня прапаноўваюць мне напісаць заяву аб выхадзе з Алімпійскага камітэту, яны дачасьнікі – сёньня прыйшлі, а заўтра іх ужо ня будзе. А я ў спорце быў і застануся ў ім на ўсё жыцьцё. І ніякага нэгатыўнага ўплыву я на алімпійцаў не аказваю. Акрамя таго, што я заўсёды выказваў сваю думку на разьвіцьцё спорту ў Беларусі. Ня ведаю, чаму такая прапанова. Відаць, маё прозьвішча нейкае нязручнае для сёньняшняй беларускай улады”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG