Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірацкія жанчыны-паліцыянты кідаюць выклік грамадзтву


Ганна Соусь, Прага Ірацкія жанчыны паступова пачынаюць удзельнічаць у грамадзкім жыцьці краіны. Некалькі жанчынаў працуюць міністрамі, некаторыя займаюць другасныя пасады ў часовым урадзе Іраку. А ёсьць жанчыны, якія абралі больш нетрадыцыйны занятак і сталі паліцыянтамі. У паліцыі Багдаду ўжо служаць каля 300 жанчынаў. З дзьвюма зь пагутарыў карэспандэнт Радыё Свабода ў Іраку Валянцінас Мітэ.

24-гадовая Хаджэр і яе сястра 26-гадовая Сара – ірацкія паліцыянты. Яны кажуць, што хочуць быць ўзорам для другіх ірацкіх жанчынаў, якія прызвычаіліся да сьціплай хатняй працы. Хаджэр і Сара прыбылі ў паліцэйскі пастарунак Аль-Хадры ў паўночным Багдадзе празь пяць дзён па заканчэньні двухмесячнага курсу навучаньня. Яны носяць сінюю ірацкую ўніформу й зброю. Іх твары не закрытыя, аднак у непрацоўны час яны носяць мусульманскія хусткі.

Як распавяла Хаджэр карэспандэнту Радыё Свабода Валянцінасу Мітэ, яе сям’я заўсёды была лібэральнай.

(Хаджэр: ) “Мая сям’я падтрымлівала мяне ў маёй мары стаць афіцэрам паліцыі і быць прыкладам для ірацкіх жанчынаў, як жанчына-паліцыянт. Яны непакояцца за мяне, калі я пакідаю дом і вяртаюся дадому, але мяне навучылі, як абараніць сябе. Я не баюся.”

Сястра Хаджэр Сара кажа, што не баіцца таго, што яе могуць забіць падчас выкананьня сваіх прафэсійных абавязкаў. Яна кажа, што ў кожнага свой лёс і трэба прымаць яго без страху.

(Сара: ) “Я хацела бы стаць кіраўніком аддзяленьня паліцыі ці мець яшчэ больш высокую пасаду ў паліцыі. Я люблю гэтую прафэсію. Я люблю гэты від небясьпекі. Я люблю быць адказным чалавекам і змагацца са злачыннасьцю.”

Сара кажа, што гатовая кінуць выклік грамадзтву, якім кіруюць мужчыны, і даказаць, што жанчыны роўныя з мужчынамі.

(Сара: ) “Мужчыны ціснулі на жанчынаў, і мужчыны ніколі ня дазвалялі жанчынам служыць у паліцыі. Цяпер мы маем жанчынаў міністраў. З дапамогай Бога, мы – паліцыянты. Магчыма ў будучыні, я стану прэзыдэнткай”.

На вуліцах Багдаду амаль ня бачна жанчынаў. Мужчыны кажуць, што гэткім чынам яны спрабуюць абараніць жанчын ад небясьпекі. Аднак многія жанчыны мяркуюць, што мужчыны ў Іраку заўсёды схіляліся да таго, каб іхнія сёстры і жонкі сядзелі дома за зачыненымі дзьвярыма.

Усе ўладальнікі крамаў у Багдадзе – мужчыны ці хлопчыкі . Мужчыны прадаюць газэты, гарбату, мужчыны кіруюць аўтамабілямі, мужчыны спрачаюцца аб палітыцы ў кавярнях, мужчыны чытаюць пропаведзі ў мячэцях. Мужчыны змагаюцца і забіваюць. Мужчыны выкрадаюць і мужчын выкрадаюць.

Хаджэр кажа, што Іраку патрэбны “жаночы розум, каб сапраўды зьмяніць краіну”. Яна ўдзячная амэрыканцам у Іраку, якія высунулі ідэю, каб жанчыны служылі ў паліцыі. Менавіта амэрыканцы навучалі ірацкіх жанчынаў, аказвалі ім псыхалягічную падтрымку. “Такім чынам, цяпер мы разбураем старыя ўяўленьні нашага грамадзтва і старыя перакананьні ў тым, што жанчыны недастаткова прыдатныя для працы ў грамадзтве. Мы ведаем, што ў арміі ЗША жанчыны становяцца генэраламі, і мы хацелі быць такімі як яны”, гэтак кажа Хаджэр, якая служыць ў паліцыі Багдаду.
XS
SM
MD
LG